Літва замарозіла больш за 23 млн еўра беларускіх актываў і змагаецца са схемамі абыходу санкцый
Сума актываў, замарожаных у Літве ў сувязі з міжнароднымі санкцыямі ў дачыненні да Беларусі і Расіі, перавысіла 103 млн еўра. Такія звесткі прыводзіць Служба расследаванняў фінансавых злачынстваў Літвы.
08.08.2023 / 18:31
У сувязі з абмежавальнымі мерамі з-за сітуацыі ў Беларусі і датычнасці Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны замарожаны сродкі на рахунках шасці беларускіх кампаній і адной фізасобы. Агульная сума замарожаных сродкаў, звязаных з Беларуссю, — 23,71 млн еўра і 7,68 млн даляраў.
Сума замарожаных актываў, звязаных з Расіяй, склала больш за 69,5 млн еўра і 810 тысяч даляраў.
Эксперты ФНТТ адзначаюць тэндэнцыі ўхілення ад санкцый. Адзін з асноўных кірункаў — імкненне ўвозіць у краіну агрэсара санкцыйныя тавары.
Часцей за ўсё ў абыход санкцый спрабуюць працаваць кампаніі, даўно зарэгістраваныя ў Літве, якія маюць шматгадовы досвед супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй. Часам наглядныя органы заўважаюць плацяжы, якія паступаюць на адрас такіх кампаній ад нядаўна зарэгістраваных замежных партнёраў.
«Для апошніх уласціва тое, што яны не маюць уласнай маёмасці, рэалізоўваюць прадукцыю, нехарактэрную для раёна дзейнасці: напрыклад, кампанія, створаная ў мясцовасці з рэдкалессем, пачынае займацца лесанарыхтоўкамі ў буйных аб'ёмах», — тлумачаць у наглядных органах.
Яшчэ адзін падазроны выпадак — калі згодна з пададзеным дакументам тавары, што экспартуюцца ці імпартуюцца, ідуць па эканамічна нявыгадным, з пункту гледжання лагістыкі, маршруце.
Таксама адзначаецца, што асобы і арганізацыі, якія знаходзяцца пад санкцыямі, ведаючы, што іх актывы могуць быць замарожаныя, спрабуюць прыхаваць сапраўднага бенефіцыяра за кошт складаных карпаратыўных арганізацыйных структур.
Чытайце таксама:
Прэм'ер Літвы заявіла пра механізм закрыцця мяжы з Беларуссю
Літва перакіне на мяжу з Беларуссю дадатковую колькасць вайскоўцаў