З Расіяй Беларусь будзе толькі калоніяй, а перамога Украіны дасць шанец. Што гаварылі пра еўрапейскую будучыню на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»
Сёння ў Варшаве працуе канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», якую разам праводзяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Прыводзім асноўныя тэзісы таго, што было сказана падчас другой дыскусійнай панэлі «Ад саюзу з агрэсарам да новых магчымасцяў: еўрапейскі выбар Беларусі».
06.08.2023 / 19:44
Падчас працы другой дыскусійнай панэлі канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
На панэлі абмяркоўваліся пытанні адносін Беларусі з Еўрасаюзам і НАТА, Расіяй і Украінай.
Даследчыца Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Універсітэта Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава адзначыла, што паўнавартасная рэалізацыя ідэі Саюзнай дзяржавы — гэта канец для незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але калі гаварыць пра саюз Беларусі з Еўрапейскім Саюзам, то важна таксама ўдакладняць, што гэта не самамэта. Адказ на гэта пытанне павінен быць дадзены толькі з улікам грамадскага меркавання. Але ў першую чаргу на яго павінна адказаць беларуская эліта:
«Палітычная эліта павінна сфармуляваць для сябе гэту мэту як мэту, але не як самамэту. Неабходна абгаворваць умовы ўваходжання. Ёсць пэўныя крытэрыі. Гэта працэс складаны і працяглы».
Што тычыцца НАТА, то, на думку эксперта, да нядаўняга часу яна разглядала Паўночна-Атлантычны альянс як партнёра Беларусі, але з нядаўняга часу думае, што НАТА можа стаць мэтай Беларусі.
«Падзеі апошняга года відавочна паказваюць, што Беларусі патрэбна будзе задумацца аб стварэнні сістэмы нацыянальнай бяспекі. Прычым настолькі сурʼёзнай і моцнай, на якую ў яе, прынамсі першы час, не будзе сродкаў. У такіх умовах НАТА — гэта магчымасць перанакіравання сродкаў на пераўтварэнне краіны, грамадства і эканомікі. НАТА можна разглядаць як інструмент у гэтым», — адзначыла Турарбекава.
Што тычыцца адносін з Украінай, то Роза Турарбекава адзначыла, што цяпер мы разглядае Украіну як стратэгічнага партнёра. Але гэта не азначае, што ў Беларусі і беларускага грамадства не павінна быць сваіх стратэгічных інтарэсаў. Пры гэтым, на яе погляд, нацыянальныя інтарэсы павінны фармулявацца, бо да гэтага часу Беларусь не мела такой магчымасці.
Турарбекава лічыць, што пазіцыя аб выхадзе Беларусі з Саюзнай дзяржавы і АДКБ павінна быць падмацаваная разуменнем, якім чынам гэта рабіць.
Аляксандр Мілінкевіч заўважыў, што сам ён праеўрапеец з вялікім стажам і для яго ніколі не стаяла пытанне, у якім кірунку рухацца.
«Калі казаць пра відавочна неабходную еўраінтэграцыю, трэба сказаць, што яна — шанец для Беларусі, вяртанне ў сваю сямʼю. Бо мы па менталітэце, па культуры, па гісторыі еўрапейцы. Нягледзячы на вайну, а можа і дзякуючы гэтай дзікай вайне, якую вядзе імперыя, можа якраз у нас зʼявяцца дадатковыя шанцы», — адзначыў спікер.
Пры гэтым, на думку былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, трэба больш дбаць пра свой імідж:
«Нам трэба пазбавіцца комплексаў. Вельмі важна ствараць пазітыўны імідж Беларусі. Беларусы павінны сфармуляваць пазітыўную перспектыву самі для сябе і пераканаць у гэтым еўрапейцаў.
Калі скончыцца тое, што цяпер адбываецца ў нашым рэгіёне (я ўпэўнены, што Украіна пераможа), самыя вялікія шанцы на хуткія рэформы і праеўрапейскую трансфармацыю мае Беларусь. Мы можам стаць прыкладам пераўтварэння і адным з гарантаў бяспекі ў гэтым рэгіёне».
На думку Мілінкевіча, самай вялікай пагрозай зʼяўляецца расійскі народ, які паверыў у сваю выключнасць, адбылася фашызацыя расійскага грамадства.
У той жа час мы мусім пераканаць народ Беларусі ў тым, што «мы ідзем, каб зноў ствараць сваю гісторыю і будаваць еўрапейскую Беларусь. З Расіяй Беларусь будзе толькі калоніяй».
Прадстаўнік па міжнародных справах Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі нагадаў, што ў 2020 годзе пытанне геапалітычнага выбару Беларусі не стаяла:
«Мы падышлі да гэтай рэальнасці ў выніку агрэсіўных дзеянняў Расіі. Новая рэальнасць, у якой мы жывем, — гэта Расія, якая спрабуе знішчыць наш суверэнітэт, размыць нашу нацыянальную ідэнтычнасць, інструменталізаваць Беларусь у сваёй канфрантацыі з міжнароднай супольнасцю. Таму цяпер нам неабходная страхоўка, каб наша дзяржава выжыла».
Кавалеўскі лічыць, што членства ў Еўрапейскім Саюзе, партнёрства, а магчыма і членства ў НАТА, партнёрства з Украінай — фарматы, якія дапамогуць уратаваць Беларусь ад таго, каб яна знікла як незалежная дзяржава.
Кавалеўскі звяртае ўвагу, што свае імперскія амбіцыі Расія рэалізуе па ўсім перыметры. «Такое адбываецца ў Цэнтральнай Азіі, на Паўднёвым Каўказе. Мы ведаем гісторыі Малдовы і Украіны. І толькі ў Беларусі мы бачым сітуацыю, калі
Лукашэнка ўпусціў Расію на нашу тэрыторыю, дазволіў ёй рэалізоўваць свае амбіцыі адносна незалежнасці нашай краіны. Таму памятаем пра тое, хто ў гэтай сітуацыі адказны. Гэта рэжым Лукашэнкі і яго палітыка».
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў у сваім выступе адзначыў, што ў Беларусі няма іншай будучыні, акрамя еўрапейскай. Адзінай альтэрнатывай яе зʼяўляецца ўзнаўленне імперыі на былой прасторы Савецкага Саюзу. Але ў гэтай будучыні Беларусь знікае як незалежная дзяржава.
Нерэальным ён лічыць і праекты Міжморʼя, Балта-Чарнаморскага саюзу дзяржаў. У першую чаргу таму, што ўсе суседзі (апрача Расіі) абралі шлях сяброўства ў Еўрасаюзе і рухаюцца яму насустрач. І ЕС рухаецца ім насустрач. І гэты сустрэчны рух вельмі важны.
Ягораў адзначыў, што доўгі час пасля 2007 года дзверы Еўрапейскага Саюза былі закрытыя для новых членаў. Цяпер, пасля пачатку вайны, гэты падыход змяніўся:
«Барʼер зламаны. Еўрапейскі Саюз гатовы пашырацца на ўсход. Украіна і Малдова атрымалі шлях і магчымасць далучэння да ЕС. Грузія атрымала еўрапейскую перспектыву і неўзабаве атрымае перспектывы шляху да сяброўства ў ЕС. Гэта значыць, што еўрапейская перспектыва для Беларусі таксама магчымая. Але для таго, каб далучыцца да ЕС, Беларусь павінна захаваць незалежнасць, суверэнітэт і міжнародную правасубʼектнасць».
Ягораў лічыць, што важна мець Украіну як новага рэгіянальнага лідара ў сферы бяспекі на нашым баку:
«Украіна мусіць стаць амбасадарам еўрапейскай перспектывы Беларусі для Еўрапейскага Саюза. Нам вельмі важна накіроўваць дыпламатычныя высілкі на вырашэнне гэтай задачы».
Што тычыцца адносін з Расіяй, то, на думку Ягорава, дэмакратычная Беларусь будзе мець найлепшыя стасункі з Расіяй, але імперыя павінна быць разбураная.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Валер Сахашчык адзначыў, што еўрапейскі выбар Беларусі сам стане відавочны пасля перамогі Украіны над Расіяй. Але вайна можа скончыцца па-іншаму. Украіна можа страціць частку тэрыторый, на якіх замацуецца Расія, і канфлікт будзе ўзнаўляецца перыядычна. Тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстоўвацца Расіяй для патэнцыйнай і рэальнай пагрозы Украіне. А еўрапейскія краіны могуць задаволіцца прамежкавым вынікам, зафіксаваўшы status quo.
«Пры такім раскладзе Расія застанецца галоўным ваенна-палітычным гульцом ва Усходняй Еўропе, які будзе моцна ўплываць на ход падзей. А Еўропа, увесь Захад зоймуць пазіцыю стрымлівання. І тут важна разумець, што задача, якую мы перад сабою ставім, значна ўскладняецца. Таму я б прапанаваў усім рыхтавацца менавіта да такога развіцця падзей.
Я не лічу яго фатальным. Нават у такіх умовах мы цалкам можам уплываць на сітуацыю, не чакаючы, што нехта нешта зробіць за нас, а пачынаць працаваць самім, каб паслабіць пазіцыі Расіі на тэрыторыі Беларусі і істотна дапамагчы Украіне ў перамозе», —адзначыў Сахашчык і падкрэсліў, што
ён марыць пра самадастатковую, незалежную дзяржаву, якая жыве самастойна. Але Беларусі давядзецца далучыцца да блокаў ці на ўсходзе, ці на захадзе, бо складана гаварыць аб выжыванні Беларусі ў іншых умовах.
Калі гаварыць з пункту гледжання бяспекі, то ўсходні блок пастаянна імкнецца да экспансіі, каланізацыі сваіх суседзяў і павелічэння ўплыву на іх. І гэта заўсёды будзе несці пагрозу для Беларусі.
З боку ЕС і НАТА Сахашчык не бачыць прыкладаў захопніцкіх войнаў, экспансіі, падпарадкавання сабе дзяржаў:
«Мы можам аспрэчваць правамернасць некаторых аперацый НАТА, але ніводная з іх не завяршылася тым, што Амерыка ці НАТА далучылі да сябе нейкія тэрыторыі. А для нас важней за ўсё захаваць незалежнасць нашай радзімы».
Сахашчык адзначыў, што стасункі з Расіяй мы не можам перарваць імгненна. Мы не ведаем, што адбудзецца з Расіяй заўтра.
«Мы павінны думаць пра ўласную эканоміку, мець свае рэсурсы і абапірацца на свае сілы. Мы цяпер павінны свараць навуковы-вытворчыя хабы, думаць пра будучы экспартны патэнцыял Беларусі, абʼядноўваць бізнэс-супольнасці, шукаць варыянты, як хутка нарасціць эканоміку, прыцягнуць інвестараў. Гэта вельмі сурʼёзная праграма, якой мы цяпер надаем мала ўвагі».
Акрамя гэтага, лічыць Сахашчык, трэба ствараць умовы, каб Беларусь атрымала замежную падтрымку ў самым пачатку рэформаў. Інакш скажуць, што пры Лукашэнку было лепей.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і міжпарламенцкага супрацоўніцтва Анатоль Лябедзька, як і іншыя выступоўцы, выказаўся аб тым, што мэта Беларусі — сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.
Калі ж гаварыць пра будучыню стасункаў Беларусі і Расіі, то, на погляд Лябедзькі, у беларусаў ёсць палітычнае і маральнае права негатыўна ставіцца да Расіі:
«Яны забіраюць у нас мінулае, яны забіраюць сёння і імкнуцца пазбавіць нас будучыні. Трэба перагледзець усе пагадненні, якія былі падпісаныя з удзелам Расіі. І дэнансаваць усе дакументы, якія ствараюць штучную палітычную і эканамічную залежнасць ад Расіі».
Лябедзька лічыць, што неабходна гаварыць пра кампенсацыі ад Расіі за Чарнобыль, за ахвяр сучасных палітычных рэпрэсій.
А расійскаму бізнэсу, які па карупцыйных схемах завалодвае маёмасцю ў Беларусі, неабходна ясна даць зразумець, што ўсё гэта будзе перагледжана: «Усё, што было атрымана праз нелегітымны палітычны рэжым, будзе нацыяналізавана».
Пасля выступленняў спікераў прагучала некалькі пытанняў.
У прыватнасці, мадэратар Зміцер Міцкевіч папрасіў распавесці, як тлумачыць людзям перавагі еўрапейскага выбару, бо, згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, за еўрапейскі выбар краіны далёка не большасць.
Андрэй Ягораў адказаў, што пытанне пра еўрапейскую інтэграцыю Беларусі неабходна разглядаць не толькі з перспектывы грамадскай думкі Беларусі, але і з пазіцый ЕС. Прыняцце новых членаў — гэта праблема для самога Еўрапейскага Саюза. Адносна Беларусі спікер адзначыў, што пытанне пра сяброўства ў ЕС будзе вырашаць народ. І для Беларусі гэта будзе доўгі шлях.
На пытанне аб тым, як даць зразумець, што мы патрэбныя Еўрасаюзу, што мы можам яму даць, Ягораў адказаў, што для Еўропы таксама няма іншага шляху:
«Спыненне працэсу еўрапейскай інтэграцыі і пашырэння ЕС на ўсход, стварэнне шэрай зоны паміж імперыялістычнай Расіяй і ЕС стварыла сітуацыю вайны. Сітуацыя з адмовай ЕС рухацца далей прывяла да сучаснага крызісу.
Гэта значыць, што ў шырокім сэнсе еўрапеізацыі (не абавязкова членства ў ЕС) — стварэнне сітуацыі, калі твае суседзі такія ж нармальныя сучасныя еўрапейскія дзяржавы — альтэрнатывы няма не толькі для нас, але і для самога ЕС. Бо інакш гэта стварае сітуацыю магчымасці ўзнаўлення галоўнай небяспекі для еўрапейскай прасторы — узнаўлення імперыі на ўсходзе Еўропы».
Аляксандра Мілінкевіча папрасілі адказаць на пытанне, якімі ён бачыць ідэальныя стасункі з Расіяй.
Адказваючы, Мілінкевіч адзначыў, што цяпер Расія знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане праз вайну з Украінай. Таму цяжка сказаць, якую палітыку з такой дзяржавай можна пабудаваць. Зразумела толькі адно:
«мы павінны думаць перш за ўсё пра сябе. Мы павінны з будучай Расіяй будаваць добрасуседскія, раўнапраўныя адносіны, а не ў рамках нейкіх саюзаў. Мы павінны спрыяць таму, каб у Расіі адбылася дэнацыфікацыя. Бо калі гэта не адбудзецца, пагроза з боку Расіі будзе пастаянна і будзе расці».
Чытайце таксама:
«Наша задача вырваць Беларусь з расійскай арбіты. І правесці дэкаланізацыю Беларусі» — Ціханоўская
На адкрыцці «Канферэнцыі новай Беларусі» Ціханоўская анансавала кадравыя змены і часова сышла
Кавалеўскі расказаў і паказаў, што з сябе будзе ўяўляць беларускі альтэрнатыўны пашпарт