Саюзны Францыі блок краін Заходняй Афрыкі абвясціў блакаду Нігеру і прыгразіў сілай аднавіць канстытуцыйную законнасць у краіне
Лідары Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў (ECOWAS) далі прарасійскай вайсковай хунце Нігера роўна тыдзень на вызваленне прэзідэнта краіны і аднаўленне канстытуцыйнага ладу. У адваротным выпадку, маўляў, будуць прынятыя ўсе магчымыя меры, уключаючы поўнамаштабнае ўварванне.
30.07.2023 / 17:45
Пашпарт з эмблемай ECOWAS — Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў, якая вельмі цесна звязаная з Захадам і асабліва з Францыяй. Фота: Ecowas.int
Эканамічная супольнасць заходнеафрыканскіх краін (ECOWAS) 30 ліпеня выступіла з афіцыйным ультыматумам у дачыненні да Нігера, у якім днямі адбыўся прарасійскі вайсковы пераварот. Блок, які складаецца з 15-ці краін і які цесна звязаны з Захадам увогуле і Францыяй у прыватнасці, аб'явіў Нігеру эканамічную і палітычную блакаду, а таксама прыгразіў ваенным уварваннем у краіну, як перадае выданне France 24.
У якасці патрабаванняў да вайсковай хунты Нігера ECOWAS пазначыла неадкладнае вызваленне прэзідэнта краіны Махамеда Базума, а таксама поўнае аднаўленне канстытуцыйнага парадку ў Нігеры.
На выкананне патрабаванняў адведзены адзін тыдзень. Далей можа пачацца поўнамаштабная вайсковая аперацыя супраць путчыстаў.
«У выпадку, калі нашы патрабаванні не будуць выкананыя на працягу аднаго тыдня, ECOWAS прыме ўсе неабходныя меры для аднаўлення канстытуцыйнага парадку ў Нігеры, уключаючы прымяненне сілы», — заявілі лідары краін ECOWAS у нядзелю.
Акрамя таго, блок краін Заходняй Афрыкі аб'явіў аб неадкладным прыпыненні ўсіх камерцыйных і фінансавых сувязей з Нігерам, замарожванні актываў краіны, аб забароне на авіяпералёты і многае іншае. З аналагічнымі абмежаваннямі супрацоўніцтва ўжо выступілі Францыя, Еўрасаюз і ЗША.
Для Францыі і блока ECOWAS страта Нігера адчувальная, бо краіна таксама ёсць членам ECOWAS, а для Францыі гэта яшчэ і страта велізарных крыніц здабычы ўрану.
У дадатак да гэтага вайсковая хунта Нігера і яе прыхільнікі не хаваюць сваіх прарасійскіх настрояў, а кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын ужо паспеў павіншаваць путчыстаў з паспяховым пераваротам і прапанаваць паслугі сваіх наймітаў.
Чытайце таксама:
Пераварот у Нігеры: у прыхільнікаў путчыстаў заўважылі расійскія сцягі
Ці можа Прыгожын перабазавацца ў Афрыку? Вось што ўяўляе сабой афрыканская сетка ПВК «Вагнер»