Сын палітыка, брат каліноўца. Палітвязні, якіх пасадзілі ў знак помсты сваякам
У вязніцы кідаюць не толькі актывістаў, але і іх родных, калі лукашэнкаўцы не могуць дацягнуцца да сваіх апанентаў або хочуць прымусіць маўчаць. Згадалі некаторыя з такіх спраў.
29.07.2023 / 14:19
Палітвязні Вікторыя Навіцкая, Арцём Лябедзька, Дар'я Лосік, Сяргей Франчук
Сын апазіцыйнага палітыка Арцём Лябедзька
У няволі ўтрымліваюць сына палітыка Анатоля Лябедзькі — 37-гадовага Арцёма Лябедзьку.
Пра яго зняволенне стала вядома напрыканцы сакавіка гэтага года. Палітыкай Арцём не займаўся.
Арцём Лябедзька. Фота: сацыяльныя сеткі
Арцёма змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на 15 сутак. Затым дадалі яшчэ 15 сутак — нібыта за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і супраціў.
Урэшце супраць Арцёма распачалі крымінальную справу.
Яго абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу.
Жонка блогера Дар’я Лосік
Жонку блогера Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў узмоцненага рэжыму, Дар’ю Лосік адправілі на 2 гады ў калонію.
Дар'ю абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню — за яе інтэрв'ю пра мужа за кратамі.
Дар'я Лосік
У Ігара і Дар'і Лосікаў ёсць чатырохгадовая дачка Паўліна, над якой цяпер апякуюцца бабулі і дзядулі.
Падставай для крымінальнага пераследу Дар'і стала інтэрвʼю, якое яна дала ў красавіку 2021 года тэлеканалу «Белсат» (рэжым Лукашэнкі прызнаў яго «экстрэмісцкім фарміраваннем», як і некаторыя іншыя незалежныя СМІ).
Сястра каліноўца Вікторыя Навіцкая
На 1,5 года калоніі асудзілі сястру добраахвотніка-каліноўца Яна Мельнікава — Вікторыю Навіцкую.
Вікторыя Навіцкая. Фота: сацыяльныя сеткі
Пра зняволенне Вікторыі паведаміла яе сукамерніца.
«Віку асудзілі на паўтара гады калоніі за тое, што яна сястра чалавека, які абараняе Украіну», — расказала сукемерніца праекту «Палітвязынка».
Стрыечны брат каліноўца Сяргей Франчук
Асуджаны і стрыечны брат намесніка камандзіра Палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука — Сяргей Франчук.
Яго адправілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму па шэрагу пратэсных артыкулаў — 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўнкіа ўлады), 368 (абраза Лукашэнкі), 130 (распальванне варожасці).
Сяргей Франчук. Скрын з міліцэйскага відэа
Ужо ў зняволенні на Сяргея распачалі яшчэ адну крымінальную справу за абразу Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і дадалі паўгода тэрміну.
Сваяк палітыка Анатоль Латушка
На 6 гадоў асуджаны стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі — Анатоль Латушка.
Анатоль Латушка. Фота: сацыяльныя сеткі
Анатоля абвінавацілі ў маляванні праз трафарэты «Пагоні» (гэта палічылі хуліганствам), абразе дзяржаўных сімвалаў, удзеле ў маршах у 2020-м і незаконным распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных.
Вядома, што пасля затрымання яго моцна збілі.
Малодшы брат адміна канала Арцём Вайцяховіч
У няволі ўтрымліваецца 15-гадовы Арцём Вайцяховіч. Ён брат адміністратара тэлеграм-канала Беларускай супольнасці чыгуначнікаў.
Сілавікі патрабавалі, каб быў выдалены пратэсны канал чыгуначнікаў, у абмен на вызваленне падлетка.
На хлопца распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 208 КК (вымагальніцтва). Яму пагражае да 10 гадоў зняволення.
Хлопца трое дзён трымалі ў ізалятары на Акрэсціна. Да яго не пускалі ні бацькоў, ні адваката. Потым адправілі ў рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу «Навінкі».
Арцёма ўтрымліваюць на Валадарцы.
Сёння беларускія незалежныя медыя і праваабарончыя ініцыятывы праводзяць анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітвязняў і іх сем’яў.
Ахвяраваць грошы можна па спасылцы: salidarnasc.com
Глядзіце таксама:
Сёння анлайн-марафон у падтрымку палітвязняў. Далучайцеся!
Суддзя, вядомая многім палітвязням, і пракурор з медалём ад Лукашэнкі. Хто судзіў Алеся Пушкіна