«З таго боку няма ані найменшай добрай волі». Кіраўнік польскага МУС выказаўся пра перспектывы вызвалення Андрэя Пачобута

Міністр унутраных спраў Польшчы Мар'юш Каміньскі заявіў, што на гэты момант няма ніякіх умоў для вызвалення журналіста-палітвязня, актывіста польскай нацыянальнай супольнасці ў Беларусі Андрэя Пачобута з турмы.

27.07.2023 / 23:12

Андрэй Пачобут падчас суда

«Мы распачалі ўсе магчымыя спробы вызваліць Андрэя Пачобута з турмы. Аднак з вялікім шкадаваннем даводзіцца канстатаваць, што на сёння для гэтага няма ніякіх умоў. З таго боку няма ані найменшай добрай волі», — цытуе чыноўніка Wnp.pl.

Міністр падкрэсліў, аднак, што неабходна памятаць як пра Пачобута, так і пра сотні іншых палітычных зняволеных у Беларусі.

«Гэта сапраўдныя беларусы, а не Лукашэнка. Гэта лідары, кіраўнікі беларускай нацыі, якія знаходзяцца ў турме, гэта тыя, хто рэальна прадстаўляе беларускую нацыю. І з такой нацыяй мы будзем ствараць агульную будучыню», — заявіў Мар'юш Каміньскі.

Паводле слоў жонкі палітвязня Аксаны Пачобут, з 6 ліпеня яна не атрымлівае ад мужа лістоў. Як мяркуецца, у калоніі ён быў адпраўлены ў штрафны ізалятар.

У лютым гэтага года Пачобута асудзілі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне ён адбывае ў наваполацкай калоніі.

Чытайце таксама:

Андрэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць

Польскі МЗС пра Пачобута: Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет

Сакрэт нязломнасці. Андрэй Пачобут, закладнік Аляксандра Лукашэнкі, святкуе 50-годдзе ў турме

Nashaniva.com