«Такому стаўленню тут, у Расіі, мы можам толькі зайздросціць». Пецярбургскія актывісты спадзяюцца, што Лукашэнка дапаможа ім выратаваць стары будынак

Расійскія актывісты «добра ведаюць» пра Лукашэнкава «беражлівае стаўленне да аб'ектаў культурнай спадчыны і гістарычных будынкаў на тэрыторыі Беларусі», а таксама спадзяюцца на ягоныя «цесныя, сяброўскія адносіны з губернатарам Пецярбурга Аляксандрам Бягловым».

26.07.2023 / 17:52

Дом Басевіча ў Санкт-Пецярбургу. Фота: vk.com / dom_basevicha

Шэсць санкт-пецярбургскіх грамадскіх арганізацый, якія займаюцца аховай гарадской гістарычнай спадчыны, заклапочаныя тым, што ўлады Санкт-Пецярбурга хочуць знесці дом ураджэнца Пінска Ісахара Басевіча, яны ўпэўненыя, што Лукашэнку таксама вельмі хвалюе, што будзе з памяццю пра яго вялікага суайчынніка. Таму яны склалі да яго эмацыйны зварот з просьбай аб заступніцтве.

На той малаверагодны выпадак, калі Лукашэнка раптам нічога пра гэтага вялікага суайчынніка не ведае, пецярбуржцы даюць пра яго кароткую біяграфічную даведку:

«Прагрэсіўны інжынер, ён унёс вялікі ўклад у тэхналагічнае развіццё як Беларусі, так і Пецярбурга. Ісахар Ісакавіч нарадзіўся ў 1870 годзе, скончыў Рыжскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер хімік-тэхнолаг», затым будаваў фабрыкі ў Пінску, а ў 1901 годзе пераехаў у Пецярбург.

І. І. Басевіч быў уладальнікам штамповачнай фабрыкі. На вуліцах Ленінграда яго імя часта сустракалася. На люку канала электрасеткі на Віцебскім вакзале да нядаўняга часу было вечка з надпісам «Інжынер Басевіч С.-Пб». Ён вядомы як інжынер-будаўнік, які браў удзел ва ўзвядзенні мноства дамоў.

У 1912 годзе Басевіч непасрэдна ўдзельнічаў у будаўніцтве ўласнага даходнага дома на Вялікай Пушкарскай вуліцы. Дом будаваўся паводле праекта яго блізкага сябра, вядомага архітэктара, аўтара мноства будынкаў, цяпер — помнікаў архітэктуры, Аляксея Іванавіча Зазерскага.

Ісахар Басевіч. Фота: t.me / sos_spb_snos

З ініцыятывы Басевіча будынак узводзіўся з найноўшымі інжынернымі распрацоўкамі: цагляная кладка вялася з замкнёнымі паветранымі пустэчамі, што памяншала вагу будынка. Бетон тут жа выраблялі ў бетонамяшалцы. У доме была зроблена ўнутраная электраправодка. Пасля завяршэння будаўніцтва ў доме адкрылася будаўніча-тэхнічная кантора І. І. Басевіча».

Стары фотаздымак дома Басевіча. Фота: t.me / sos_spb_snos

Пасля 1917 года дом у Басевіча быў экспрапрыяваны, а ягоны былы ўладальнік памёр тут жа, у маленькім пакойчыку, у 1934 годзе. Дачка ж інжынера Аіда Басевіч у студэнцкія гады па сфальсіфікаваным абвінавачанні ў анархізме пайшла па этапе, пражыўшы каля 30 гадоў у ссылках і лагерах, а сын Міхаіл памёр ад голаду ў 17 гадоў. Унучцы Басевіча Марыяне Пятроўне цяпер 95 гадоў, яна шмат гадоў не выходзіць з кватэры, але «ўсе гэтыя гады адчайна змагаецца за памяць пра свайго дзядулю, спрабуючы адстаяць дом Басевіча». Але «ўлады глухія і цынічныя», таму на яе лісты і звароты не рэагуюць.

Далей абаронцы гістарычнай спадчыны выкладаюць факты, якія мусяць абурыць чалавека, на іхнюю думку, «добра вядомага беражлівым стаўленнем да аб'ектаў культурнай спадчыны і гістарычных будынкаў на тэрыторыі Беларусі»:

«З мая 2023 года і аж сёння вядзецца знос дома Басевіча. Знос незаконны: будынку гарантавана абарона як гістарычнаму, а таксама як помніку архітэктуры. Аднак улады, каб дагадзіць новаму ўласніку, які хоча бачыць на гэтым каштоўным месцы будынак іншай плошчы і канфігурацыі, наўмысна не прысвойваюць яму ахоўнага статусу, нягледзячы нават на тое, што на гэтым настойвае ўся супольнасць, што абараняе гістарычныя помнікі, і атэставаныя Міністэрствам культуры Расіі эксперты».

«Знос дома вядзецца груба, цынічна, па-наплявацельску ў дачыненні да гараджан, да Марыяны Пятроўны, да легендарнага Ісахара Ісакавіча, апошняй памяццю пра якога ён ёсць», — спрабуюць уразіць Лукашэнку аўтары звароту.

І дадаткова прыводзяць факты, як спраўна працуюць у Пецярбургу структуры грамадзянскай супольнасці:

«У знак пратэсту супраць разбурэння гэтага агульнапрызнанага помніка архітэктуры пецярбуржцы нават арганізавалі збор подпісаў за пазбаўленне Эйфмана, заказчыка гэтага зносу, звання ганаровага грамадзяніна: свае подпісы паставілі тысячы простых гараджан, а таксама дзясяткі дзеячаў культуры Пецярбурга і Расіі».

Стаўленню да гістарычнай спадчыны з боку Лукашэнкі і беларускіх улад, паводле прызнання пецярбуржцаў, «тут, у Расіі, мы можам толькі зайздросціць». А таму,

«ведаючы вашы цесныя, сяброўскія адносіны з губернатарам Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, мы просім вас умяшацца ў сітуацыю і не дапусціць знішчэння памяці аб вашым легендарным суайчынніку, які сваім гераічным жыццём даказаў права ўваходзіць у пантэон герояў Беларусі». 

Іронія сітуацыі ў тым, што акурат беларускі рэжым і ягоны кіраўнік, да якога звяртаюцца пецярбургскія горадаахоўнікі, вызначаецца зусім не беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны. Калі браць толькі архітэктурную спадчыну, то за апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі былі свядома і мэтанакіравана знішчаны дзясяткі гістарычных будынкаў, прытым нярэдка толькі дзеля таго, што яны заміналі новаму будаўніцтву. Прытым санкцыя на гэта давалася зверху, а ў многіх выпадках, як, напрыклад, пры зносе гістарычнага будынка былой першай мінскай электрастанцыі дзеля будаўніцтва бізнэсменам Юрыем Чыжом гатэля «Кемпінскі», рашэнне відавочна прымалася на ўзроўні Лукашэнкі. Апошнія ж гады страты гістарычнай спадчыны толькі яшчэ больш павялічыліся, бо да прагматычных меркаванняў далучыліся і ідэалагічныя.

Чытайце таксама:

«Бацька, родненькі, толькі на цябе надзея». Жыхары кубанскай станіцы папрасілі Лукашэнку вырашыць праблему з мясцовым сметнікам

Віцебскія ўлады сталі на шлях знішчэння ўсяго, што прывялі ў занядбанне. Цяпер МНС падарвала ўшацкі млын

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш

У Касцюковічах ціха знеслі адметны будынак

Nashaniva.com