«А мы гэта канкрэтна можам зрабіць» — Шаўцоў з Чырвонага Крыжа пра ядзерную зброю
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, які нядаўна трапіў у скандал з выкарыстаннем Z-сімволікі падчас паездкі на акупаваны Расіяй Данбас, не толькі не імкнецца неяк апраўдацца, але наадварот — працягвае рабіць скандальныя для кіраўніка такой арганізацыі выказванні. Ва ўчарашнім выступленні ў эфіры АНТ ён паразважаў пра магчымасці выкарыстання ядзернай зброі, і зусім не з гуманітарных пазіцый.
20.07.2023 / 18:56
Дзмітрый Шаўцоў. Фота: СТБ
«Вядома, тая палітыка, якая была ў Савецкім Саюзе, яна выклікала шмат спрэчак, шмат пагалосак. Але ўчынак Мікіты Хрушчова, які раптоўна прывёз на Кубу ядзерную зброю, паставіў, па-першае, безумоўна, на мяжу ядзернай вайны ўсё чалавецтва.
Але выразна паказаў усім сваё месца. І выразна паказаў, што Савецкі Саюз проста так у бірулькі, прабачце, не гуляе. Калі трэба — будзе ўжытая тактычная ядзерная зброя. І тады, прабачце, некаторыя людзі з аднаго кантынента селі на сваю попу і зразумелі, што далей ужо сапраўды нельга.
Тут мы больш уключаем палітычныя спрэчкі, мы шукаем сляды Амерыкі, Англіі, Еўропы ў тым, што адбываецца. Хоць што яшчэ шукаць? Напэўна, нават калі напішуць пісьмова «так, гэта мы», усё роўна расійскія спецыялісты будуць правяраць. Для чаго гэта трэба?
Я ні да чога не заклікаю. Я досыць прамалінейны чалавек, часам пакутую праз гэта. Але рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Можа быць, усё ж такі варта людзям намякнуць, што мы не проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць».
Раней пазітыўна пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі са словамі, што, маўляў, «гэтая зброя прымусіць паважаць нашы інтарэсы, выказвалася старшыня гомельскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Смаляк.
Чытайце таксама:
Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысціўся ад паездак Шаўцова на Данбас
Беларуская дэпутатка: Дзяцей з Украіны вывозяць пры садзейнічанні ААН і Чырвонага Крыжа
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, які засвяціўся з Z-сімволікай, расказаў, што робіць на Данбасе