Сціплы геній з іспанскай вёскі. Хто такі Карлас Алькарас — малады пераможца Уімблдана

20-гадовы Карлас Алькарас — новы трыумфатар Уімблдана і наймаладзейшая першая ракетка свету. На шляху да трафея іспанец вынес самога Новака Джокавіча з яго пераможнай серыяй, ды заадно стаў наймаладзейшым тэнісістам, які ўзяў і Уімблдан, і іншы знакавы турнір — US Open. Што ж гэта за новы талент?

17.07.2023 / 17:59

Алькарас на корце Уімблдана. Фота: AP Photo / Kirsty Wigglesworth

Пра Алькараса ўпершыню загаварылі яшчэ летась. Тады 19-гадовы хлопец узяў кубак прэстыжнага турніру US Open, выбіўшы ў фінале нарвежца Каспера Руўда, і ўварваўся на першы радок у сусветным тэнісным рэйтынгу. На пачатку 2023-га Карлас прапусціў Australian Open праз траўму нагі, і Джокавіч зноў вярнуўся на першае месца ў свеце, але цяпер іспанскі вундэркінд зноў у лідарах.

Алькарас родам з Мурсіі — гэта рэгіён на паўднёвым усходзе Іспаніі. Хлопца назвалі ў гонар бацькі.

Карлас Алькарас-старэйшы таксама быў тэнісістам і нават выйграў на пачатку 90-х чэмпіянат Іспаніі сярод 15-гадовых спартоўцаў. Але падвялі абставіны: каб развівацца далей, хлопцу трэба было пераязджаць у тэнісную акадэмію Луіса Бругеры ў прадмесці Барселоны. Навучанне ў акадэміі каштавала 40 тысяч песет (каля 250 еўра) на месяц, і бацькі Карласа-старэйшага не мелі такіх грошай. Таму ён застаўся ў роднай вёсцы Эль-Пальмар і там развіваў тэніс.

Будучы пераможца Уімблдана родам са шматдзетнай сям’і — у яго трое братоў, кожны з іх таксама ў нейкай ступені цікавіцца тэнісам. Калі хлопчыку было тры гады, бацька падарыў яму тэнісную ракетку. Як кажа Алькарас, «я нарадзіўся з тэнісам у крыві».

Але не тэнісам адзіным — у дзяцінстве Карлас гуляў у міні-футбол. Любоў да мяча ён захаваў дагэтуль, хлопец падтрымлівае футбольны клуб «Рэал Мадрыд». Ён таксама прызнаецца ў любові да шахмат: «Неабходнасць канцэнтравацца, гуляць супраць кагосьці іншага, стратэгія — неабходнасць думаць загадзя. Думаю, усё гэта дужа падобнае да тэніснага корта».

View this post on Instagram

A post shared by Louis Vuitton (@louisvuitton)

Да 12 гадоў Карлас выйграў усе дзіцячыя турніры ў роднай правінцыі, у той жа час у падлетка з’явіўся свой агент. У 15 ён паступіў у тэнісную акадэмію Equelite і пачаў працаваць з трэнерам Хуанам Карласам Ферэра — былой першай ракеткай свету і пераможцам «Ралан Гароса».

Неўзабаве хлопец атрымаў статус прафесіянала і стаў падбірацца да вялікшых турніраў. Статус чэмпіёна Еўропы па тэнісе, дэбют у асноўнай сетцы ATP (Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў) і месца ў топ-250 рэйтынгу ATP, траплянне ў асноўную сетку Australian Open і першы тытул ATP — усё гэта прымусіла тэнісных экспертаў гаварыць пра Алькараса як пра новую зорку. А вось шырокую вядомасць ён атрымаў пасля US Open — 2021, дзе дайшоў да чвэрцьфіналу і сышоў з дыстанцыі толькі праз траўму.

У 2022-м пайшлі перамогі на буйных турнірах. Спачатку адзначым Miami Masters, а потым Madrid Open, дзе юны іспанец паслядоўна абыграў топ-тры сусветнага рэйтынгу на той час: свайго куміра Рафаэля Надаля, Новака Джокавіча і Аляксандра Зверава. А потым быў чарговы US Open, пасля якога Карлас узляцеў на вяршыню сусветнага рэйтынгу. Ён увогуле дужа хутка яго скарыў: на канец 2019-га іспанец займаў 492-е месца ў рэйтынгу, праз год — 141-е, на канец 2021-га — 32-е і яшчэ праз год — першае. Здаецца, мала хто сумняваецца, што трыумфальны шлях Карласа на гэтым не скончаны.

Што ўнікальнага ў яго гульні? Карлас спалучае ў сябе смеласць на корце, здольнасць да ўдараў рознай дальнасці, гібкасць у тактыцы, стыль, моц і арыгінальнасць. Ён можа скакаць на корце, нібы на батуце, у яго цудоўная другая падача, дый проста ён гуляе так, што за гэтым цікава назіраць.

View this post on Instagram

A post shared by Carlos Alcaraz Garfia (@carlitosalcarazz)

Зорныя супернікі Алькараса адгукаюцца пра яго вельмі камплементарна. Той жа Джокавіч, якога іспанскі геній скарыў на такім важным для яго «Уімблдане», адгукаўся пра маладзёна так: «Я ніколі не гуляў з такім гульцом, як ён. у Роджэра [Федэрэра] і Рафы [Надаля] ёсць свае моцныя і слабыя бакі. Карлас — дужа цэльны гулец. У ім ёсць найлепшыя элементы ад мяне, Рафы і Роджэра». А Надаль, дзіцячы кумір Алькараса, увогуле казаў, што хлопца «не спыніць»: «Ён мае ўсе складнікі для файнай кар'еры. Ён мае жаданне. Ён дастаткова сціплы, каб цяжка працаваць. Ён добры хлопец».

Першы коўч тэнісіста Хуан Карлас Ферэр асцярожнейшы ў ацэнках падапечнага: «Думаю, Карлас мае якасці, што даюць яму надта добрыя магчымасці быць адным з найлепшых у гісторыі. Гэта ясна для мяне. Але відавочна, што шмат чаго можа здарыцца. Ён малады. Ёсць шмат рэчаў, якія ён не бачыць. Мы ўсе ведаем, якія існуюць рызыкі: вечарыны, адцягванне ўвагі, адсутнасць канцэнтрацыі на тэнісе. Калі ты можаш сустракацца з багатымі і знакамітымі, лёгка страціць арыентацыю».

Малады іспанец расказваў, што працаваў з псіхолагам, і што гэта яму моцна дапамагло. Ён згадвае, як у веку 15-16 гадоў не быў здольны стрымліваць эмоцыі на корце: напрыклад, кідаў ракетку ці нават ламаў яе. Цяпер хлопец прызнаецца, што для яго важна прыходзіць на корт з усмешкай і шчаслівым, а яшчэ не паддавацца ціску і захоўваць расслаблены стан, атрымліваць задавальненне ад гульні.

Таленавіты юнак — не заўсёднік свецкай хронікі. Ён не трапляе ў скандалы, і дакладна невядома, што адбываецца ў яго асабістым жыцці. У лютым 2023-га Карлас упэўніваў, што ўжо 18 месяцаў ён адзіны: «Цяжка знайсці чалавека, які можа падзяляць з табой жыццё, калі вы заўсёды ў розных частках свету». У вольны час, акрамя спорту, маладзён вучыць англійскую мову і глядзіць фільмы, асабліва адзначае творы ў жанры саспенс і матывацыйныя стужкі — напрыклад, яго матывуе Сільвестр Сталонэ ў ролі Рокі.

Хлопец не абыходзіцца без капрызаў — ён збірае красоўкі ад Nike. Гэтая фірма дае Алькарасу экіпіроўку, так што, здаецца, праблем з красоўкамі быць не павінна. Аднак іспанец збірае вінтажныя найкі, тыя, што і каштуюць нямала, і якія няпроста знайсці. Станам на люты калекцыя тэнісіста складалася прыкладна з 20 пар.

Сам Карлас рэзюміруе свой шлях проста: «Я заўсёды быў таленавітым хлопцам. Але я і заўсёды цяжка працаваў. Бо калі ты таленавіты і не робіш намаганняў, ты нікуды не прыйдзеш». Цяпер ён мусіць не спыніцца на здабытых перамогах і падтрымліваць узровень далей, бо не так складана стаць нумарам адзін, як захоўваць лідарства. Працягваць імкнуцца да перамогі — вось што Алькарас лічыць дужа няпростым. 

Што ён плануе з гэтым рабіць? «Збіраюся працягнуць жадаць спраўджвання маёй мары, нават калі я яе ўжо спраўдзіў».

Неймаверны ўдар у падзенні на Уімблдане расійскага тэнісіста ВІДЭА

У папулярным амерыканскім серыяле і новым «Аватары» сыграла дачка беларускай тэнісісткі

Як 21-гадовая полька з маленькага гарадка ўзляцела на вяршыню сусветнага тэніса — гісторыя новай першай ракеткі

Вера Белацаркоўская