«Аўтамабільныя страхоўкі пацягнулі на 250 еўра». Беларусы паехалі ў адпачынак у Чарнагорыю і ўляцелі ў капеечку
Пасля таго, як з 1 чэрвеня перасталі дзейнічаць «Зялёныя карты», беларускія аўтааматары сутыкнуліся з шэрагам праблем пры афармленні поліса.
14.07.2023 / 15:48
Ілюстрацыйны здымак. Ціват, Чарнагорыя. Фота: AP / Risto Bozovic
Беларускія страхавыя кампаніі перасталі афармляць «Зялёныя карты» з 17 мая. Таму ўжо паўтара месяца беларускім аўтамабілістам даводзіцца страхаваць свой транспарт у замежных страхавых кампаніях, перш за ўсё ў Літве і Польшчы.
Гэта хоць і не вельмі зручна, але з фінансавага пункту гледжання ніякіх дадатковых выдаткаў не нясе. Прынамсі, пакуль вы не збіраецеся ехаць у Сербію, Чарнагорыю і іншыя краіны Балканскай паўвыспы, якія не ўваходзяць у ЕС.
Рэч у тым, што «Зялёная карта», якую выпісвалі беларускія страхавыя кампаніі, хоць пачаткова і была даражэйшай за тую, што можна набыць у Еўропе, дзейнічала ва ўсіх краінах Еўропы. Таму, маючы на руках такі поліс, аўтааматар мог даехаць з ім хоць да Албаніі.
Еўрапейскія полісы, якія па змоўчванні купляюць беларусы, не распаўсюджваюцца на такія краіны, як Албанія, Боснія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Сербія і Чарнагорыя.
Беларусы, якія падзяліліся сваёй гісторыяй, сутыкнуліся з незапланаванымі выдаткамі на страхоўку, калі ехалі ў Чарнагорыю праз Сербію.
«На венгерска-сербскай мяжы мы даведаліся, што, каб трапіць у Сербію, нам трэба спачатку набыць асобную страхоўку. Яе кошт нас прывёў у шок», — прызнаецца суразмоўца.
За поліс на 30 дзён на легкавы аўтамабіль беларусам давялося заплаціць 195 еўра.
«На граніцы нам паведамілі, што такія цэны на страхоўку прымяняюць толькі ў дачыненні да аўто на беларускай і расійскай рэгістрацыі. Маўляў, так страхавыя кампаніі адрэагавалі на навіну пра тое, што беларусы і расіяне не могуць больш выпісваць полісы ў сябе», — кажа суразмоўца.
Пасля праезду Сербіі беларусам давялося застрахаваць аўтамабіль на ўездзе ў Чарнагорыю. Там самы танны поліс каштаваў усяго 20 еўра.
Агулам толькі на страхавыя полісы, каб дабрацца з Беларусі ў Чарнагорыю, у беларускіх падарожнікаў сышло 252 еўра. Для параўнання, беларуская «Зялёная карта», з якой можна было праехаць праз усе вышэй апісаныя краіны, каштавала 30 еўра на 15 дзён і 50 еўра на месяц.
Беларусы змогуць выкарыстоўваць «Зялёную карту» і пасля 30 чэрвеня. Але толькі для паездак у Расію