Вышыванка Зяленскай, мятная двойка прэм'ера Даніі, нюдавыя туфлі Калас і штаны-палаца Мелоні. Якія касцюмы абралі палітыкі для сустрэчы НАТА ў Вільні
Якія касцюмы — і гальштукі — абіралі зоркі палітычнага небасхілу для сустрэч у межах саміту Паўночнаатлантычнага альянсу? Разабрала Кацярына Гардзеева.
12.07.2023 / 22:16
Сёлета жанчыны-палітыкі аказаліся адзіныя ў выбары ўбораў. Высокапастаўленыя чыноўніцы аддалі перавагу крэатыўным дзелавым касцюмам летніх адценняў. Напрыклад,
прэм'ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн з'явілася на цырымоніі афіцыйнага прадстаўлення ў двойцы насычанага мятнага колеру.
Прэм'ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн у мятным касцюме. Фота: AP Photo / Pavel Golovkin
Прэм'ер-міністарка Эстонii выбрала сукенку для ўдзелу ў першым дні саміту. Кая Калас вырашыла надзець прыталены ўбор ягаднага колеру і нюдавыя туфлі на невысокім абцасе.
Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас у сукенцы ягаднага колеру. Фота: Yves Herman, Pool Photo via AP
Першая ў гісторыі жанчына на пасадзе старшыні Рады міністраў Італіі, Джорджа Мелоні, адпавядае моднаму статусу сваёй краіны. Прэм'ер-міністарка выбрала падоўжаны сурдут і штаны-палаца адцення кавы з малаком.
Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні і разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Фота: AP Photo / Pavel Golovkin
Прэзідэнтка Славакіі і галоўнакамандуючая яе Узброеных сілаў Зузана Чапутава таксама аддала перавагу падоўжанаму сурдуту замест класічнага пінжака.
Нябесна-блакітны ўбор выгадна падкрэслівае рост жанчыны, а спалучэнне яго з чорнымі вузкімі штанамі і топам выцягвае сілуэт і робіць яго больш зграбным.
Прэзідэнтка Славакіі Зузана Чапутава абрала блакітны касцюм. Фота: AP Photo/Pavel Golovkin
Мужчыны-палітыкі таксама паказалі адзінства касцюмаў. Расслаблены настрой першага дня падкрэсліваўся яркімі і паласатымі гальштукамі.
Фота: Doug Mills/Pool Photo via AP
Так, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абраў гальштук насычанага сіняга колеру. А Рышы Сунак, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі, з'явіўся на цырымоніі ў класічным гальштуку чырвонага колеру.
Рышы Сунак. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis
Зрэшты, былі і тыя палітыкі, якія прамахнуліся з выбарам гэтага аксесуара.
Віктар Орбан, прэм'ер-міністр Венгрыі, абраў для афіцыйнага мерапрыемства гальштук кіслотна-салатавага адцення — ён лепш падышоў бы для вечарынкі ў стылі 90-х, чым для ўдзелу ў кансерватыўным мерапрыемстве. Зрэшты, Орбан носіць такія гальштукі ўсюды і заўсёды.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан паціскае руку прэзідэнту ЗША Джо Байдэну. Фота: Pavel Golovkin / AP Photo
Мілы гальштук мы заўважылі на Эдзі Рама, прэм'ер-міністры Албаніі. Палітык абраў для мерапрыемства аксесуар у палоску з чырвонымі кветкамі.
Эдзі Рама, прэм'ер-міністр Албаніі з жонкай (злева). Фота: Paul Ellis/Pool Photo via AP
Яшчэ адзін цікавы аксесуар — у прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана. Гэта ўлюбёны гадзіннік палітыка, які быў выраблены на замову. На яго цыферблаце выгравіраваны надпіс «15 ліпеня», а ніжэй, пад стрэлкамі, зорка і паўмесяц.
Гэты гадзіннік мае сакральнае значэнне для Эрдагана. 15 ліпеня 2016 года ў Турцыі адбылася спроба ваеннага перавароту. Бунт задушылі. Амаль 500 чалавек паўсталі перад судом, 375 з іх атрымалі пажыццёвыя тэрміны, 14 — з узмоцненым рэжымам утрымання. Цяпер гэты гадзіннік — сімвал перамогі Эрдагана ў самым цяжкім выпрабаванні.
Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Paul Ellis / Pool / Getty Images
Улюбёны гадзіннік Эрдагана. Фото: imidge.com.ua
Традыцыйна модныя журналісты чакалі з'яўлення французскай дэлегацыі.
На ўрачыстую вячэру з удзелам лідараў НАТА прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прыбыў у суправаджэнні жонкі Брыжыт. Палітык абраў для афіцыйных мерапрыемстваў класічны цёмна-сіні гарнітур. Першая лэдзі таксама была на вышыні — яна надзела белую сукенку з аб'ёмным рэльефам.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і яго жонка Брыжыт. Фота: Dursun Aydemir / Anadolu Agency via Getty Images
Прэзідэнт Украіны прыбыў на саміт пазней за іншых — толькі ўвечары першага дня. Пазней пара Зяленскіх далучылася да званай вячэры.
Уладзімір чакана з'явіўся ў касцюме ў стылі мілітары: штанах карго і кашулі колеру хакі. Жонка прэзідэнта, Алена, выбрала больш вытанчаны ўбор — асіметрычную сукенку шэра-блакітнага адцення.
Уладзімір Зяленскі з жонкай. Фота: Yves Herman, Pool Photo via AP
Пара таксама паспела павітаць жыхароў Вільні на канцэрце, арганізаваным у падтрымку Украіны. Палітык і першая лэдзі прыбылі на Лукішскую плошчу, дзе Зяленскі звярнуўся да прысутных з прывітальнай прамовай.
На Зяленскім было чорнае худзі з вышытым гербам сваёй краіны, на яго жонцы — блузка-вышыванка і чорныя штаны.
Фота: AP Photo/Pavel Golovkin
На сустрэчах неаднаразова згадвалася і беларуская тэма.
Падчас сайд-івэнту па Беларусі ў рамках саміту НАТА Святлана Ціханоўская з'явілася ў нябесна-блакітным касцюме і бэжавых лодачках на ўстойлівым абцасе.
Фота: Офіс Ціханоўскай
У сераду ж лідарка дэмакратычных сіл Беларусі прысутнічала на мерапрыемствах у гарнітуры колеру пыльнай ружы.
Ціханоўская з міністаркай замежных справаў Бельгіі. Фота: Офіс Ціханоўскай
Некаторыя палітыкі да сваіх вобразаў дадалі дэталі сіня-жоўтага колеру ў знак салідарнасці з Украінай. Так, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас абралі сіня-жоўтыя гальштукі, а прэзідэнтка Парламенцкай асамблеі НАТА Жаэль Гар'ё-Майлям упрыгожыла касцюм брошкай-галінкай у колерах украінскага сцяга.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Фота: AP Photo/Susan Walsh
Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас. Фота: Офіс Ціханоўскай
Прэзідэнтка Парламенцкай асамблеі НАТА Жаэль Гар'ё-Майлям. Фота: Paul Ellis / Pool Photo via AP
12 ліпеня дэлегаты завяршаюць сваю працу і ўжо заўтра пакінуць Літву. Пра тое, як прайшоў саміт НАТА-2023 у Вільні, чытайце ў нашых матэрыялах.
Макрон паабяцаў Зяленскаму тэхніку для размінавання
Ціханоўская ўзяла ўдзел у сустрэчы жанчын-лідарак у рамках саміту НАТА
Уладзімір Зяленскі назваў вынікі саміту НАТА «добрымі»
НАТА згадала ў сваім камюніке пра ролю Беларусі, ПВК «Вагнер» і ядзерную зброю
Валерый Сахашчык — пра сустрэчы падчас саміту НАТА і Прыгожына з вагнераўцамі