Лукашэнка стаў выкручвацца ў адказ на пытанні Бі-бі-сі пра сённяшні стан Калеснікавай і іншых палітвязняў

Журналісты Бі-бі-сі падчас сённяшняй сустрэчы з Лукашэнкам уступілі з ім у адкрытую спрэчку наконт палітвязняў, іх колькасці і доўгай адсутнасці сувязі з многімі з іх. Агенцтва распавяло, што той на гэта адказаў.

06.07.2023 / 22:40

Фота: Getty Images

Агенцтва Бі-бі-сі апублікавала артыкул, у якім распавядае пра сённяшнюю размову паміж яго журналістамі з Аляксандрам Лукашэнкам наконт «Вагнера», ядзернай зброі і лёсу палітвязняў.

Журналіст Стыў Розенберг задаў яму адкрытае пытанне аб цяперашнім стане Марыі Калеснікавай, з якой ужо доўгі час няма ніякай сувязі, і пра тое, па якой прычыне да яе не пускаюць адваката.

«На працягу некалькіх месяцаў сваякам і адвакатам Марыі Калеснікавай адмаўляюць у доступе да яе ў турме. Чаму так адбываецца?» — спытаў Розенберг.

«Я нічога пра гэта не ведаю», — адказаў Лукашэнка.

Журналіст таксама задаў Лукашэнку пытанне наконт усіх астатніх палітвязняў і пры гэтым адзначыў, што з моманту іх мінулай размовы колькасць толькі прызнаных праваабаронцамі палітвязняў павялічылася амаль удвая. 

Вось які на гэта прагучаў адказ.

«У нашым Крымінальным кодэксе няма артыкула за палітычныя злачынствы», — сказаў Лукашэнка.

«Але ж адсутнасць палітычных артыкулаў не азначае, што палітвязняў таксама няма», — запярэчыў Розенберг.

«Асуджаныя не могуць быць палітвязнямі, калі няма адпаведных артыкулаў», — упёрся ў адказ Лукашэнка.

Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў. Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі.

Чытайце таксама:

На фоне чутак пра смерць Ціханоўскага лукашысты выклалі відэа з ім. Бабарыку не паказваюць больш за два месяцы

Палітвязням забаранілі наведваць бібліятэкі — сваякі палітвязняў з дзвюх калоній

Стала вядомая прычына раптоўнай смерці 46-гадовага міністра транспарту

Марк Рыхтэр