З ружовым аўтазакам. У Вільні прайшоў «Парад гордасці», удзел у якім узяла і беларуская калона ФОТАРЭПАРТАЖ
Каля ста беларусаў узялі ўдзел у прайд-парадзе ў Вільні. У пачатку калоны прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці цягнулі за сабой цацачны аўтазак ружовага колеру і трымалі вясёлку, якая была абматаная калючым дротам. Пра тое, як прайшоў «Парад гордасці» і хто з беларусаў удзельнічаў у ім, у рэпартажы «Нашай Нівы».
01.07.2023 / 18:03
Удзельнікі акцыі сабраліся каля Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі і рушылі да Кафедральнай плошчы ў Вільні. Задача акцыі — зрабіць больш бачнымі ЛГБТК+ прадстаўнікоў, выступіць за талерантнае стаўленне да іх, абарону правоў чалавека незалежна ад сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці.
Рэжым Лукашэнкі дапускае здзекі з ЛГБТК+.
Так, напрыклад, на міліцэйскіх відэа з пастарункаў некаторых затрыманых прымушаюць гаварыць пра сваю сэксуальную арыентацыю.
У 2021 годзе ў Беларусі былі ліквідаваныя практычна ўсе незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, што працуюць з тэмай ЛГБТК+.
Пачынаючы з 2022 года, беларускія праўладныя медыя сталі трансляваць пазіцыю расійскіх уладаў датычна супольнасці ЛГБТК+.
Яшчэ адной трывожнай навіной сталі прапановы Генеральнай пракуратуры ўвесці адказнасць за «прапаганду ЛГБТ, змены пола, чайлдфры».
Марго, якая ішла на чале калоны, цягнула за сабой цацачны аўтазак ружовага колеру. Яго яна і іншыя ўдзельнікі маршу зрабілі з кардону.
«Думалі, які сімвал можна было б выкарыстаць, што звязаны з Беларуссю. Вырашылі выбраць аўтазак: сілавікі выкарыстоўваюць яго ў якасці сімвалу страху, затрыманняў, катаванняў. Мы яго забралі да сябе, перапрацавалі і зрабілі так, каб ён расказваў пра нашы каштоўнасці, мэты.
Бачу гэта як падрыхтоўку да беларускага прайду ў краіне. Мы возьмем сапраўдныя аўтазакі, пераробім іх у драгбасы, на якіх будзем рабіць прыгожыя парады», — расказала Маргарыта.
Падчас шэсця вяроўка, за якую цягнулі аўтазак, парвалася. У некаторых узнікла асацыяцыя з пратэстамі ў Беларусі ў 2020-м — як сапраўдныя аўтазакі тады блакавалі маршы. Але праблему хутка вырашылі: цацачны аўтазак зноў мог «ехаць» у калоне.
Былі ў Вільні і тыя, хто прыйшоў абурыцца прайдам.
За ружовым аўтазакам удзельнікі прайду неслі вясёлку, якая была абматаная калючым дротам.
«Вясёлка — сімвал ЛГБТК+ супольнасці, агарнулі яе дротам, бо ў Беларусі нават вясёлка можа быць арыштаванай», — кажа Марго.
У прайд-парадзе ўдзельнічала Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях. Яна трымала плакат з такім надпісам: «Мая любоў мацнейшая за страх».
Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях, на прайдзе ў Вільні
Гэта фраза сяброўкі Вольгі, якая знаходзіцца ў Беларусі.
«Яна такім чынам удзельнічае ў прайдзе разам з намі, — расказвае Вольга «Нашай Ніве». — Гэта фраза і пра Беларусь, і пра квір. Прайды праводзіць у новай Беларусі важна, бо правы чалавека для ўсіх.
Разумею, што ўсю спадчыну саўка выкарыстоўваюць у войнах, рэпрэсіях, заўсёды пакутуюць квір-людзі, як і астатнія, безумоўна.
Але ігнараваць гэта ўжо проста немагчыма, вельмі рада, што столькі моладзі не баяцца рабіць свой голас гучным. Хто ў Новай Беларусі зможа праігнараваць вось гэтых усіх цудоўных людзей? Ніхто. Я ўпэўненая, што калісьці ў Менску будзе вялізны прайд, які будзе бяспечным».
У калоне беларусаў ішоў хлопец з незвычайным уборам на галаве — будаўнічай каскай, на якую ён паставіў вясёлкавы фалас.
Удзельнікі прайду неслі вялікі бел-чырвона-белы сцяг
«Пасля мінулага прайда шукаў фотаздымкі па ўсім свеце і ўбачыў мужчыну, у якога такая каска была, — расказвае Глеб. — Я адмыслова замовіў сабе фалас з Кітая, каску знайшоў у гуманітарнай дапамозе. Зрабіў сабе такую.
Мне не сорамна абсалютна быць з гэтымі людзьмі, я такі, які ёсць.
Увогуле я хацеў бы, каб першы беларускі прайд адбыўся ў маім родным горадзе — Салігорску. Каб прыйшлі шахцёры нас падтрымаць. Сам тры гады адпрацаваў у шахце, вельмі хочацца, каб гэтыя людзі ішлі наперадзе калоны. А далей было б класна, каб эстафета пераходзіла іншаму гораду».
«Пачаў выдумляць гісторыі пра тое, што ў мяне ёсць дзяўчына»
Беларус Антон, які ўдзельнічаў у шэсці, падзяліўся з «Нашай Нівай» сваёй асабістай гісторыяй.
У падлеткавым узросце Антон зразумеў, што яму падабаюцца хлопцы. Свой камінг-аўт ён зрабіў у школе — у 16 гадоў. Цяпер яму 22.
Антон зрабіў камінг-аўт у 16 гадоў. «Быў жудасны страх», — згадвае ён, што перажываў тады.
«Расказаў дзвюм сваім блізкім сяброўкам. Думаў, што гэта аблегчыць маё ўнутранае напружанне. Але адна з іх не змагла мяне такога прыняць, была размова пра тое, чаму я расказваю пра гэта толькі ім, а не ўсім. Яна тады падзялілася навіной пра такі мой статус са сваім хлопцам. Баяўся, што ён камусьці раскажа, быў жудасны страх. Я пачаў выдумляць гісторыі пра тое, што ў мяне ёсць дзяўчына ў іншым горадзе, пачаў гіперкантраляваць, што я кажу, каб не здавацца гейскім. Вельмі баяўся самога словы «гей».
Стала лягчэй, калі я пераехаў у Менск, там з'явілася шмат сяброў. Спачатку таксама ім хлусіў пра наяўнасць дзяўчыны, але надышоў момант, калі я зразумеў, што не хачу больш хлусіць. Пачаў паступова расказваць», — дзеліцца Антон.
«Было страшна проста прызнацца сабе самому ў тым, што ты гей. У падлеткавым узросце думаў, што гэта часова, зменіцца, у мяне будуць жонка і дзеці. Усё, як ва ўсіх. Але чым старэйшым становішся, тым цяжэй было здавацца тым, кім не ёсць», — кажа ён.
У прайдзе Антон удзельнічае другі раз.
«Многія гамафобы і людзі, якія не разумеюць кантэкст ЛГБТК+ суполкі, думаюць, што гэта «свята вычварэнцаў». А гэта пратэст, барацьба за правы і спосаб паказаць, што супольнасць такая існуе, дэманстрацыя салідарнасці.
Хлопец лічыць, што ўвядзенне адказнасці за «прапаганду ЛГБТ, змену полу, чайлдфры і педафіліі», якую хочуць прыняць у Беларусі, маргіналізуе супольнасць.
«Усё ставіцца ў адзін шэраг з педафіліяй, гэта ўжо маргіналізацыя. Думаю, што калі закон будзе прыняты, то ў Беларусі пачнецца яшчэ большая хваля дыскрымінацыі і непрыняцця сябе», — упэўнены Антон.
«Вызначаю сябе як пансэксуалка»
Беларуска Маргарыта зразумела, што ў яе ненарматыўная сэксуальная арыентацыя, калі ёй было 14 гадоў.
Маргарыта на «Парадзе гордасці» ў Вільні
«Проста адчула нейкую велізарную любоў, каханне да людзей (нават неабавязкова як сэксуальную цягу). Зразумела, што мне без розніцы, якую ідэнтычнасць, арыентацыю, вонкавыя прыкметы мае чалавек. Гэтае ўсведамленне было для мяне першым крокам да прыняцця таго, што я пансэксуалка», — расказвае яна.
Цяпер дзяўчыне 22, яна вызначае сябе як пансэксуалка.
«Не заяўляла пра гэта адкрыта ў школе ў Беларусі, таму я не моцна сутыкнулася з якой-небудзь дыскрымінацыяй», — кажа дзяўчына.
Маргарыта — старшыня беларускай нацыянальнай моладзевай ініцыятывы РАДА, якая складаецца з 38 моладзевых арганізацый. Сярод іх ёсць і ЛГБТ-супольнасць.
«Назіраю за іх працай з уразлівымі групамі (а такімі варта лічыць людзей у Беларусі), магу сказаць, што беларускае грамадства часта пад словам «ЛГБТ» мае на ўвазе нейкі негатыўны кантэкст і нават абразу.
Напрыклад, я выказваю сябе, сваю ідэнтычнасць у тым ліку праз знешнасць. Выкарыстоўваю бліскаўкі, напрыклад (не таму, што ЛГБТ-персона, а проста мне падабаецца выказваць сябе ў такой манеры), і гэта выкарыстоўваецца як магчымасць для насмешак. Нават мае калегі па НДАшнай супольнасці, якая, па ідэі, павінна быць мяккай і камфортнай, рэагуе вельмі негатыўна на спосабы выказвання такім чынам сваёй ідэнтычнасці», — расказвае Маргарыта.
Дзяўчына лічыць, што беларускае грамадства павінна звыкнуць, што іншасць гэта нармальна.
«Магчыма, у часткі беларусаў, якія пераехалі ў Еўропу, цяпер будзе ўсведамленне таго, што такое ЛГБТ. Гэта значна лягчэй прыняць, калі ёсць магчымасць пачуць нечую гісторыю і пазнаёміцца з чалавекам асабіста.
У Беларусі няма талерантнасці да ЛГБТ-персон, таму што людзі спрабуюць у цэлым не заўважаць, што такое прысутнічае ў грамадстве, сама супольнасць стараецца не заяўляць пра сябе адкрыта і яскрава, таму што шмат ёсць прыкладаў таго, калі грамадства ганіла такія кейсы», — кажа яна.
«Без роўнасці правоў не можа існаваць дэмакратыі»
Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі існуе неабгрунтаванае ўмяшальніцтва дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян, гэта супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў сферы правоў чалавека, уключаючы сэксуальныя і рэпрадуктыўныя правы.
«Без роўнасці правоў не можа існаваць дэмакратыі», — адзначае праваабаронца Дар'я Рублеўская.
Праваабаронца Дар'я Рублеўская: «Чым мы адрозніваемся ад дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў, якія будуюцца на непрыняцці і нянавісці, калі не бачым і не прымаем усіх?»
«Найбольш кансерватыўным беларусам і беларускам бывае даволі цяжка тлумачыць, што ЛГБТК+ персоны маюць такія ж правы, як і ўсе астатнія людзі. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў першым жа артыкуле замацоўвае: усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзеленыя розумам і сумленнем і павінны ставіцца адно да аднаго ў духу братэрства.
Чым мы адрозніваемся ад дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў, якія будуюцца на непрыняцці і нянавісці, калі не бачым і не прымаем усіх? Калі абіраем тых, хто нам найбольш падабаецца праз сваю нарматыўнасць і лаяльнасць, надзяляем іх прывілеямі і выключаем, пераследуем іншых?
Думаю, раз мы будуем Новую Беларусь, варта пачынаць думаць пра такі дыялог», — выказваецца праваабаронца.
Калі быў першы прайд-парад і чаму ён праходзіць у канцы чэрвеня?
Чэрвень названы месяцам гордасці, бо якраз у чэрвені больш за 50 гадоў таму прадстаўнікі квір-супольнасці распачалі адкрытую барацьбу супраць прыгнёту з боку паліцыі і выйшлі на першы Марш гордасці.
Першы Марш гордасці прайшоў на Манхэтэне ў 1970 годзе да гадавіны Стоўнвалскага паўстання — серыі беспарадкаў і спантанных дэманстрацый супраць паліцэйскага рэйду, якія пачаліся ў ноч на 28 чэрвеня 1969 года ў гей-бары «Стоўнвал-ін».
Тады прадстаўнікі гей-супольнасці аказалі супраціўленне ўзаконенай дзяржавай сістэме пераследу геяў. Лічыцца, што бунты сталі вызначальнай падзеяй, якая дала пачатак масавага руху за захаванне правоў чалавека ў дачыненні да ЛГБТ у ЗША і ва ўсім свеце.
Чытайце таксама:
Беларускі блогер выйшаў на «Парад роўнасці» ў Варшаве з плакатам «Свабоду Гайдукевічу» ФОТАФАКТ
Блогер Глеб Сямёнаў пра сясцёр Груздзевых, жарты з Лукашэнкі і гей-клубы Мінска. Новы «Ток»