Калі кот сумуе. Некалькі лайфхакаў, як парадаваць жывёлу

Як і людзям, свойскім жывёлам таксама часам бывае сумна. Для іх гэта даволі небяспечны псіхалагічны стан, бо ад нуды жывёла можа пачаць рабіць немалы беспарадак.

29.06.2023 / 07:50

Фота: «Наша Ніва»

Да таго ж у хатняга ўлюбёнца, якому ўвесь час сумна, можа сапсавацца характар. У першую чаргу гаворка ідзе пра больш таварыскіх сабак, але каты таксама могуць адчуваць нуду і перажываць яе наступствы. Як праяўляецца гэтая эмоцыя ў катоў і што рабіць, каб кот (ці кошка) перасталі сумаваць, піша Obozrevatel.

Самая першая прыкмета таго, што кату сумна, — гэта схільнасць да дэструктыўных паводзін.

Жывёла можа пачаць скідаць рэчы з паліц і сталоў, драць кіпцюрамі мэблю ды інш. Калі кот пачынае так сябе паводзіць, можна проста паспрабаваць звярнуць на яго ўвагу. Калі гэта сапраўды прыкмета нуды, кот з радасцю пераключыцца на гульні з вамі і забудзе пра сваё жаданне нанесці шкоду.

Калі кот флегматычны па характары, ён можа ад нуды станавіцца апатычным, зашмат спаць, губляць цікавасць да жыцця. А яго актыўныя сваякі, наадварот, паводзяць сябе шумна: бегаюць па кватэры, крычаць, часам праяўляюць агрэсію да членаў сям'і і іншых жывёл.

Калі кот пачаў праяўляць адзін з гэтых сімптомаў, паспрабуйце пагуляць з ім больш часу, проста пагладзьце. Жывёла павінна адчуваць вашу ўвагу.

Добры спосаб пазбавіць ката ад нуды — даць яму як мага больш забавак. Можна набыць простыя цацкі або цэлыя галаваломкі, уладкаваць домік з палічкамі і хованкамі, дзе кот зможа лазіць і спаць.

Калі характар жывёлы дазваляе, то гуляйце з катом на вуліцы. Тады жывёла засяродзіцца на вывучэнні новых тэрыторый і перастане сумаваць. У такім выпадку трэба паклапаціцца аб абароне яго ад паразітаў і пра бяспеку.

Калі ніводны з гэтых спосабаў перамагчы нуду ў ката не дапамагае, дзіўныя паводзіны жывёлы могуць аказацца прыкметай хваробы.

Тады трэба неадкладна звярнуцца з катом да ветэрынара.

Чытайце таксама:

У Германіі выйшла кніга пра беларускага ката з ірландскім іменем

У Вялікабрытаніі кот збег ад гаспадароў у іншы горад, праехаўшы 225 кіламетраў на некалькіх машынах незнаёмцаў

У аэрапорце Сан-Францыска ўзялі на працу ката

Зніклы кот уз'яднаўся з гаспадарамі праз 11 гадоў

Nashaniva.com