Праз сто гадоў на расійскім аўкцыёне ўсплыла рэліквія з мінскага кафедральнага сабора
На расійскім аўкцыённым доме «Літфонд» выстаўлены лот з рэлікварыем Святога Феліцыяна Пакутніка, які плануюць прадаць амаль за €20 000. Ягоны вываз і продаж за межы Беларусі, магчыма, былі незаконныя. «Беларускі аўкцыён: ад старадрукаваных кніг і рэліквій XVI стагоддзя да рэдкіх выданняў XX стагоддзя» адбудзецца ў анлайн-фармаце ўжо 1 ліпеня. На ім плануюць прадаць і іншыя, не менш каштоўныя, беларускія старажытнасці.
26.06.2023 / 15:10
Калі гэтая рэліквія сапраўдная, то яна цесна звязаная з гісторыяй Мінска, заступнікам якога каталікі лічаць гэтага святога.
Пярэдні і адваротны бок рэлікварыя з мінскага езуіцкага касцёла, выстаўленага на продаж. Фота: «Літфонд»
І хоць у экспертным заключэнні згадваюцца браты-пакутнікі Святыя Прым і Феліцыян, мяркуючы па ўсім, у Мінску шанавалі зусім іншага святога — біскупа Феліцыяна Італійскага (гады жыцця — каля 158-250), які пасля пяцідзесяці гадоў біскупскага служэння ў італьянскім горадзе Фалінья быў схоплены і катаваны. Ад цяжкіх пабояў Феліцыян памёр па дарозе ў Рым, дзе яго мусілі пакараць смерцю. На месцы яго смерці была пабудавана капліца, пазней замененая на царкву. 4 кастрычніка 970 года мошчы святога былі перанесены ў нямецкі Мец. Частка мошчаў была перанесена ў Міндэн (Германія). Мошчы былі вернуты ў Фалінью ў 1673 і 1674 гадах.
Сярэбраная статуя Феліцыяна з Фалінья працы Джавані Батыста Майні. Фота: Wikimedia Commons
У беларускіх крыніцах можна прачытаць, што ў Менск мошчы Святога Феліцыяна, атрыманыя ад папы Клімента XI, прывёз з Рыма ў 1700 годзе менскі ваявода Казімір Завіша. Праўда, ваяводу звалі Крыштоф Станіслаў Завіша, пасаду ваяводы ён атрымае толькі праз 20 гадоў, а тады быў толькі старастам, дый Клімент стаў папам у самым канцы 1700 года. У 1722 годзе ваявода быццам бы фундаваў дзве капліцы ў езуіцкім касцёле (цяпер Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі) — у гонар Святой Тройцы і Святога Феліцыяна, але ў рэчаіснасці Завіша памёр яшчэ ў 1721.
Менскі стараста, а пасля ваявода Крыштоф Станіслаў Завішча, якія прывёз мошчы Святога Феліцыяна і перадаў у касцёл езуітаў. Гравюра зроблена для выдання 1862 года, то-бок праз паўтара стагоддзя пасля ягонай смерці.
З больш надзейных крыніц вядома, што менскі стараста Крыштоф Завіша на сейміку 1694 года прапанаваў шляхце Менскага ваяводства даць па 10 грошаў «з дыма», гэта значыць, з кожнага дома, на будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. Ужо ў 1700 годзе пачалося будаўніцтва святыні, якое ішло вельмі хутка і збольшага было скончана за 10 гадоў.
У 1708 годзе была скончана капліца Святога Ігната (цяпер — Святой Тройцы). А вось капліца з іншага, правага боку ад апсіды была ўзведзена толькі ў 1719—1721 гадах. Менавіта яе памылкова называюць капліцай Святога Феліцыяна, хоць у дакументах XVIII ст. яна мае назву капліцы Пана Езуса. У яе ў 1722 годзе сапраўды перанеслі рэліквіі Святога Феліцыяна. Мошчы захоўваліся ў касцёле яшчэ з 1713 года, калі біскуп Бжастоўскі ў атачэнні пышнай світы правёў абрад урачыстага ўносу рэліквіі ў храм. У новай капліцы знаходзіліся, верагодна, на менсе (стальніцы) алтара ў срэбраным рэлікварыі ў выглядзе труны, а над ім — Укрыжаванне. Алтары капліц былі выкананы са стука і аздоблены скульптурай. Скульптура святога была пастаўлена і перад самім касцёлам.
Комплекс будынкаў паезуіцкага кляштара на малюнку Напалеона Орды сярэдзіны XIX стагоддзя.
Варта адзначыць, што будаўніцтва езуіцкага касцёла па часе супадае з Паўночнай вайной, якая ішла з лютага 1700 па верасень 1721 года. У часе вайны праз горад некалькі разоў у 1706—1708 і 1720 гадах праходзілі расійскія і шведскія войскі. У 1708 годзе ў Менску была маравая пошасць і вялікі пажар. Гэтыя падзеі адбіваліся на ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада нават у сярэдзіне XVIII ст. Таму цалкам верагодна, што з’яўленне мошчаў Святога Феліцыяна ў народнай свядомасці звязалася з завяршэннем ваенных ліхалеццяў.
У любым выпадку ў хуткім часе культ Феліцыяна здабыў вялікую папулярнасць сярод месцічаў, святы стаў лічыцца апекуном Менска. Нават сцвярджаецца, што езуіцкі касцёл займеў другую назву — у імя Святога Феліцыяна, а дзень памяці святога адзначаўся з тых часоў як гарадское свята. Мясцовы культ адбіўся і на гарадской тапаніміцы: вуліца, якая праходзіла за езуіцкім касцёлам, стала называцца Феліцыянаўскай, за савецкім часам яе, вядома, перайменавалі ў шараговую Камсамольскую вуліцу.
Капліца Пана Езуса, завершаная вежай з купальным скляпеннем, захавалася да нашага часу па правы бок ад апсіды. З XVIII стагоддзя праз яе касцёл злучаны з суседнім будынкам кансісторыі.
Вежа над капліцай, у якой захоўваліся мошчы Св. Феліцыяна. Фота: Wikimedia Commons
У 1773 г. ордэн езуітаў папскім указам быў распушчаны. Езуіцкі касцёл у Менску стаў прыхадскім. Спадчына езуітаў аказалася надзвычай своечасовым падарункам. Расцягвалі не толькі землі, але і касцельнае серабро, якім пазней аздаблялі парадную конскую збрую. У 1775 годзе спрабавалі нават дабрацца да срэбнай труны святога Феліцыяна ў менскім касцёле, супраць чаго генерал Казімір Завіша, нашчадак Крыштофа Станіслава, выказаў пратэст у лісце, поўным горычы і папрокаў у адрас члена менскага аддзялення Адукацыйнай камісіі, на якога ён усклаў увесь агідны цяжар намеру. Пратэст Завішы меў вынікі, бо каштоўны саркафаг застаўся ў касцёле на сваім месцы.
Цяперашні выгляд капліцы. Фота: Wikimedia Commons
У 1798 г. пры расійскім імператары Паўле I папа Пій VI зацвердзіў стварэнне Мінскай дыяцэзіі. Яе кафедрай стаў паезуіцкі касцёл на Высокім рынку, а першым біскупам прызначаны Якуб Ігнат Дадэрка. Ён прыклаў вялікія намаганні для адбудовы і аздаблення мінскага касцёла, так што зусім не выпадкова, што на сценах капліцы захавалася ягоная інскрыпцыя, датаваная 1799 годам. У час вайны 1812 года біскуп праявіў лаяльнасць да Напалеона, які абяцаў адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага, за што пасля быў высланы царскімі ўладамі з Мінска.
Інскрыпцыя біскупа Якуба Дадэркі ў капліцы, дзе захоўваліся мошчы святога. Яго ж пячатка стаіць на адваротным боку рэлікварыя, выстаўленага на аўкцыён. Фота: Wikimedia Commons
Паводле апісання Мінскага кафедральнага касцёла, зробленага пісьменнікам Ігнатам Ходзькам у 1845 годзе, у бакавой капэле правага нефа на каменным алтары з ляпнінай у сярэбранай труне (відавочна, невялікіх памераў) на алтары знаходзіліся мошчы Святога Феліцыяна Мучаніка, патрона Мінска.
Срэбная труна-рэлікварый Святога Феліцыяна на здымку 1911 года. Фота: Tygodnik Wileński. Nr. 13
Апошні раз мошчы згадваюцца ў 1921 годзе, калі савецкія ўлады адымалі ў храмаў усе вырабы з золата і срэбра (царкоўнае начынне, шаты абразоў і да т.п.). У Мінскім касцёле было вынята і «срэбра з труны св. Феліцыяна».
Пра гэта згадваецца ў публікацыі пра «антысавецкі працэс» у Мінску ў 1922 годзе. Канфіскацыя царкоўных каштоўнасцяў савецкімі ўладамі у першай палове 1922 года насіла масавы характар і праходзіла пад маркай быццам барацьбы з масавым голадам у Паволжы і іншых рэгіёнах.
Кампанія выклікала больш за 1400 выпадкаў крывавых сутыкненняў, а таксама 231 судовы працэс. Ніякіх галодных Паволжжа царкоўным дабром не накармілі. Большая частка каштоўнасцяў была пераплаўлена, а атрыманыя з продажу грошы пайшлі на правядзенне самой кампаніі па іх канфіскацыі: антыцаркоўную агітацыю, тэхнічнае забеспячэнне (транспарт, грузчыкі, пакавальныя матэрыялы і да т.п.), звышкаштарысныя асігнаванні і г.д. Частка каштоўнасцяў была папросту раскрадзена. Магчыма, да іх ліку належыць і фрагмент рэлікварыя з машчамі Святога Феліцыяна.
Мінская архікафедра ў пачатку XX стагоддзя і ў 1940-х гадах, ужо пасля разрабавання камуністамі. Фота: Wikimedia Commons
Да лота прыкладзена экспертнае заключэнне Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, падпісанае мастацтвазнаўцамі Аленай Карпенка, Надзеяй Усавай, Юліяй Загорскай, паводле якога «прадстаўлены на экспертызу рэлікварый мае гістарычную, культурную і музейную каштоўнасць». На экспертызу была прадстаўлена толькі верхняя частка рэлікварыя, ніжняя не захавалася. Падстаўка, на якой ён прадстаўлены ў лоце, відавочна, была ўзятая ад іншага рэлікварыя.
Пярэдні бок рэлікварыя з машчамі Св. Феліцыяна. За шкло ўкладзены папяровыя стужачкі з надпісамі «S. Feliciani M» і «In Eccl Minsc.». Фота: «Літфонд»
Паводле заключэння экспертаў рэлікварый быў выкананы ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя ў выглядзе глорыі з круглым шкляным акенцам па цэнтры, акружаным стылізаванымі залатымі прамянямі. Завершана яна скразной каронай, увянчанай чатырохканцовым крыжам. За шкляным акенцам цыліндрычная пасудзіна, у якой, верагодна, знаходзіцца часціца мошчаў. Пра гэта сведчаць укладзеныя за шклом дзве папяровыя стужачкі з надпісамі «S. Feliciani M» і «In Eccl Minsc.», і захаваная на адваротным баку пацвярджальная чырвоная сургучная пячатка мінскага біскупа Якуба Ігнацыя Дадэркі, які аздобіў касцёл і капліцу.
Адваротны бок рэлікварыя з сургучнай пячаткай біскупа Якуба Дадэркі. Фота: «Литфонд»
Спецыялісты, аднак, заўважаюць, што кошт фрагментарна захаванай рэліквіі на аўкцыёне завышаны ў дзясяткі разоў. Таксама застаюцца вялікія сумневы ў сапраўднасці артэфакта, бо акрамя ўжо згаданай сярэбранай труны ніякія іншыя рэліквіі, у якіх бы захоўваліся мошчы святога ў мінскай архікафедры, не згадваюцца. А экспертнае заключэнне зроблена выключна на паставе візуальнага агляду і стылістычных асаблівасцях артэфакта. У пачатку гэтага года ў сеціве ўжо з’яўляліся «мошчы Ефрасінні», якія быццам бы захоўваліся ў біскупа Баляслава Слосканса, але хутка выявілася, што гэта грубая падробка.
Больш дакладныя вынікі дало б тэхніка-тэхналагічнае даследаванне, якое б магло вызначыць прыкладнае датаванне вырабу і пацвердзіць праўдзівасць біскупскай пячаткі. Ці то праз яе высокі кошт, ці то праз адсутнасць спецыялістаў, такая экспертыза не была праведзена.
Універсал караля Жыгімонта I Старога да бурмістра і месцічаў Менска ад 8 снежня 1522 г. Фота: «Літфонд»
Акрамя рэліквіі Св. Феліцыяна з беларускіх старажытнасцей на аўкцыёне прадстаўлены ўніверсал караля Жыгімонта I Старога, напісаны кірылічным скорапісам, у якім ён звяртаецца да бурмістра і месцічаў Менска ад 8 снежня 1522 г. у сувязі з тым, што «архімандрыт менскі святога Узнясення [Узнясенскага манастыра] Серапіён» скардзіўся ў каралеўскую канцылярыю на менскіх месцічаў, якія ўзялі за звычку карыстацца ў асабістых мэтах падводамі, якія належаць манастыру, ігнаруючы супраціўленне манастырскіх людзей. Дакумент папярэдне ацанілі ў 6500 еўра.
Тытульны аркуш Берасцейскай Бібліі, выстаўленай таксама на продаж. У Беларусі захоўваецца ўсяго 3 асобнікі гэтага выдання. Фота: «Литфонд»
Іншая каштоўнасць — Радзівілаўская Біблія (Берасцейская), помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя, другі поўны пераклад Святога Пісьма на польскую мову, выдадзены на сродкі кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе. Яго плануюць прадаць за 98 тысяч еўра. Радзівілаўская Біблія з’яўляецца самай вялікай і багата аформленай друкаваная кнігай XVI стагоддзя ў Беларусі. Праз тое, што многія асобнікі Бібліі былі ў свой час знішчаны палымянымі каталікамі, яна стала сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю. У Беларусі захоўваецца ўсяго 3 асобнікі Бібліі, у той час як у кнігасховішчах Расіі і Літвы — каля 20 асобнікаў.
Дакладна невядома, дзе цяпер знаходзіцца рэліквія з машчамі Св. Феліцыяна, выстаўленая на аўкцыён, але маючы такое заключэнне аб яе каштоўнасці ад мастацтвазнаўцаў, яе вываз за мяжу выглядае незаконным і амаральным. Хацелася б, каб Міністэрства культуры Беларусі ўсё ж зацікавілася гэтым выпадкам і прадухіліла чарговае разрабаванне беларускай культурнай спадчыны.
Чытайце таксама:
У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл?
На беларускім сайце выстаўленае на продаж яўрэйскае надмагілле
У Шаркаўшчыне зноў прадаюць старую панскую сядзібу