Мяцеж Прыгожына раскалоў расійскую палітэміграцыю і лібералаў
«Прыгожын спрабаваў мяне забіць, але калі ён зрыне Пуціна, то я яму дарую. Ён наш Даніла Багроў, які змяніўся, і хай ён пераможа». Гэтыя словы паплечніцы Навальнага Любові Собаль сведчаць пра тое, наколькі неканвенцыйных саюзнікаў гатова падтрымаць радыкальнае крыло антыпуцінскай апазіцыі.
25.06.2023 / 21:45
Яўген Прыгожын пасля сканчэння мяцяжу. Фота: Getty Images
Падзеі апошніх дзён у Расіі сталі сюрпрызам і шокам: на вачах за суткі ядзерная дзяржава аказалася на парозе грамадзянскай вайны. Палітыкі і бізнэсоўцы з усяго свету спрабавалі зразумець тое, што адбываецца і як дзейнічаць далей.
Расійскія апазіцыйныя дзеячы не сталі выключэннем у гэтым пытанні.
Некаторыя з іх убачылі ў мяцяжы ПВК «Вагнер» магчымасць змяніць сітуацыю ў Расіі. Іншыя палічылі, што мяцеж аслабляе дзяржаву і ставіць пад удар вайскоўцаў і грамадзян Расіі. А трэція засталіся на зыходных пазіцыях, не паддаючыся прынцыпам: «вораг майго ворага» ці «абы толькі не стала яшчэ горш».
Паказваем на прыкладах, як гэта ўсё выглядала.
Міхаіл Хадаркоўскі: «Мы павінны дапамагчы людзям пачуць Прыгожына і перашкодзіць тым, хто хоча яго спыніць»
Расійскі мільярдэр і ўплывовы дзеяч эміграцыі Міхаіл Хадаркоўскі расцаніў мяцеж «Вагнера» як магчымасць зрынуць Пуціна і не без іроніі са свайго боку адкрыта заклікаў падтрымаць Прыгожына і словам, і справай.
На яго думку, Прыгожын адстойваў антываенную і антыпуцінскую пазіцыю.
Любоў Собаль: «Ён спрабаваў мяне забіць, але калі ён зрыне Пуціна, то я яму дарую»
Адна з галоўных паплечніц палітыка Аляксея Навальнага (які цяпер сядзіць у турме) Любоў Собаль падчас мяцяжу заявіла, што ў выпадку перамогі Прыгожына будзе гатовая дараваць яму пераслед яе сям'і, пагрозы і спробы забойства.
Нягледзячы на сваё моцнае жаданне адпомсціць Прыгожыну, Любоў Собаль падтрымала яго мяцеж і пажадала перамогі.
Ксенія Сабчак: «Мяцеж у ваенны час — гэта кепскі крок»
Ксенія Сабчак, наадварот, выступіла супраць любых паўстанняў у Расіі, асабліва ў ваенны час.
Былая кандыдатка-спойлерка на прэзідэнцкіх выбарах адзначыла, што мяцеж іграе на руку ворагам Расіі і пагражае жыццям грамадзян і вайскоўцаў.
Максім Кац: «Хтосьці стаў лічыць Прыгожына выратавальнікам Расіі? Ён такі ж, як і Пуцін»
Апазіцыйны блогер Максім Кац аказаўся адным з тых, хто не стаў далучацца ні да аднаго з бакоў, бо кожны з іх не варты гэтага.
Кац раскрытыкаваў тых апазіцыянераў і лібералаў, якія, забыўшыся пра ўсё, сталі падтрымліваць Прыгожына, а таксама зрабіў выпад у адрас Пуціна, што той сам вінаваты ў мяцяжы з-за свайго правальнага палітычнага і ваеннага курсу.
Чытайце таксама:
«Добрыя рускія» пасварыліся з-за Ціханоўскай
Крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына будзе спыненая, ён «выедзе ў Беларусь» — Пяскоў