Пад Брэстам міліцыя прышпільвае пакінутыя без нагляду ровары тросам з біркай

Пад Брэстам міліцыя ўвяла ноу-хау ў барацьбе з крадзяжамі ровараў, пра гэта расказалі ў Брэсцкім РАУС журналістам мясцовага дзяржаўнага тэлеканала. Супрацоўнікам міліцыі раздалі блакавальныя тросы, якімі яны на тэрыторыі сваёй адказнасці прышпільваюць кінутыя ровары.

15.06.2023 / 19:35

Навацыю ўкаранілі ў аграгарадку Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна.

Ахоўны трос ёсць не толькі ва ўчастковага. Іх раздалі інспектарам па справах непаўналетніх, супрацоўнікам крымінальнага вышуку. У далейшым падчас нясення службы, калі міліцыянеры будуць заўважаць пакінутыя на працяглы час без нагляду сродкі перамяшчэння, яны будуць блакаваць іх, тым самым забяспечваючы захаванасць, як запэўніваюць у РАУС.

Да троса прышпіленая бірка з кантактным нумарам міліцыянта. Па гэтым нумары ўладальнік павінен патэлефанаваць, каб супрацоўнік прыйшоў і зняў блакавальную прыладу.

Ці будзе неабходнасць звяртацца да сілавіка адзіным пакараннем за пакіданне ровара без нагляду, не паведамляецца.

З пачатку года ў Брэсцкай вобласці зарэгістравалі ўжо 102 крадзяжы веласіпедаў.

Чытайце таксама:

З памежнага пункта пропуску «Прывалка» звезлі прыпаркаваныя ровары

У Мінску сталі будаваць платныя велапаркоўкі. Як яны выглядаюць?

З прыходам цяпла актывізаваліся чаўнакі-веласіпедысты. Колькі яны зарабляюць за некалькі гадзін?

Nashaniva.com