Навукоўцы могуць навучыцца ствараць сперматазоіды і яйцаклеткі з любой клеткі чалавечага цела. Калі гэта ўдасца, гэта зменіць наш свет

Гаметагенез in vitro, або IVG, можа здзейсніць сапраўдную рэвалюцыю ў свеце рэпрадуктыўных тэхналогій. Жанчыны змогуць мець дзяцей у любым узросце, а аднаполыя пары — дзяцей з генетычнага матэрыялу абодвух партнёраў ці абедзвюх партнёрак. І гэта яшчэ не ўсё.

30.05.2023 / 19:45

Фота: Freepik.com

У Нацыянальнай акадэміі навук, інжынерыі і медыцыны ЗША прайшоў першы семінар па вывучэнні гаметагенезу in vitro (ад лац. — «у шкле»), або IVG, — тэхналогіі, якая ўключае выраб у лабараторыі чалавечых яйцаклетак і сперматазоідаў з любой клеткі чалавечага цела, паведамляе NPR.

Гэтая тэхналогія ў тэорыі можа дазволіць:

Да рэалізацыі такіх рэчаў, верагодна, яшчэ далёка, але хваляванне навукоўцаў з гэтай нагоды расце.

Як далёка прасунулася навука?

Японскія навукоўцы паведамілі, што ўжо пратэставалі тэхналогіі IVG на мышах.

Даследчыкі выкарыстоўвалі клеткі з хвастоў дарослых мышэй для стварэння індуцыраваных плюрыпатэнтных ствалавых (iPS) клетак, а затым ператварылі гэтыя IPS-клеткі ў сперму і яйцаклеткі мышы. Затым аплодненыя клеткі перанеслі самкам мышэй. Неўзабаве ў гэтых самак нарадзіліся нашчадкі, якія па стане здароўя, жыццядзейнасці і актыўнасці генаў не адрозніваліся ад мышэй, народжаных натуральным шляхам.

«Мы на шляху да таго, каб перанесці гэтыя тэхналогіі на людзей», — адзначыў падчас семінара Міціноры Саітоу з Кіёцкага ўніверсітэта.

Са слоў Саітоу, ён шмат працуе ў гэтым кірунку. Ён ператварыў клеткі крыві чалавека ў iPS-клеткі і выкарыстаў іх для стварэння вельмі прымітыўных чалавечых яйцаклетак. Іншыя навукоўцы такім чынам стварылі прымітыўную чалавечую сперму. Ні сперматазоіды, ні яйцаклеткі пакуль не развітыя дастаткова, каб ствараць эмбрыёны. Але навукоўцы ўсяго свету інтэнсіўна працуюць над гэтым.

«Я быў вельмі ўражаны ўсімі звесткамі, якія мы тут убачылі, і тым, наколькі хутка развіваецца гэтая галіна», — падзяліўся доктар Х'ю Тэйлар, спецыяліст па рэпрадуктыўным здароўі Ельскай школы медыцыны. «Гэта дае мне ўпэўненасць, што пытанне не ў тым, ці будзе гэта даступна для клінічнай практыкі, а ў тым — калі».

Што наконт рэдактуры генаў?

Спецыялісты па біяэтыцы папярэджваюць, што магчымасць стварэння неабмежаванай колькасці эмбрыёнаў IVG у спалучэнні з новымі метадамі рэдагавання генаў можа паскорыць знішчэнне непажаданых генаў. Такім чынам, жаданне генетычна мадыфікаваць будучае пакаленне ў пагоні за меркаванай ідэальнай расай, ідэальным дзіцем, ідэальным будучым пакаленнем — гэта ўжо не навуковая фантастыка.

Рэдагаванне генаў таксама можа дапамагчы выкараніць жудасныя генетычныя захворванні.

Аднак, нягледзячы на шматлікія магчымыя перавагі, рэдагаванне генаў нясе і пагрозы, звязаныя найперш з этычным аспектам.

Этычныя выклікі

Як неаднаразова адзначалі многія ўдзельнікі семінара, прысвечанага IVG, калі стане магчымай гэтая тэхналогія — ніхто не ведае. Магчыма, ніколі.

Па-ранейшаму існуюць сур'ёзныя тэхнічныя перашкоды, якія трэба пераадолець для магчымасці стварэння эмбрыёнаў са звычайных чалавечых клетак, а таксама складанасці з тым, як выконваць такія працэдуры бяспечна.

Кангрэс ЗША пакуль забараняе нават разглядаць любыя прапановы, якія датычаць генетычна мадыфікаваных чалавечых эмбрыёнаў.

Аднак, як заўважаюць людзі, абазнаныя ў тэме, клінікі IVG могуць лёгка з'явіцца ў іншых краінах з больш мяккімі правіламі і стварыць новую форму медыцынскага турызму. Гэта можа выклікаць эксплуатацыю жанчын у якасці сурагатных маці.

Ці сапраўды IVG, такім чынам, палепшыць дабрабыт чалавека? І чый канкрэтна дабрабыт?

Ёсць і безліч іншых пытанняў. Як паводзіцца дзецям, бацькі якіх будуць вельмі старыя? Як быць з 90-гадовымі ці 9-гадовымі генетычнымі маці ці нават зародкамі, якія могуць быць генетычнымі бацькамі?

Бацькамі могуць станавіцца нават мёртвыя, чые клеткі былі захаваныя. Таксама людзі могуць выкрадаць ДНК знакамітасцяў, напрыклад, падчас стрыжкі іх валасоў, каб зрабіць дзяцей.

«Адзін закон, які нам, безумоўна, патрэбны, — гэта гарантаваць, што людзі не могуць стаць генетычнымі бацькамі без іх ведама і згоды», — кажа Генры Грылі, біяэтык са Стэнфарда.

Дзверы, якія адчыняе рэпрадуктыўная рэвалюцыя, — гэта дзверы, за якімі вельмі шмат нявырашаных пытанняў, і магчыма, адказы на іх давядзецца шукаць.

 

Чытайце яшчэ:

Дэманстрацыя прататыпа «першай ў свеце штучнай маткі» выклікала абурэнне

Навукоўцы распавялі аб з'яўленні гібрыда шымпанзэ і чалавека, якога потым забілі

Наватарскае навуковае адкрыццё паказвае, што мы можам павярнуць смерць назад, прынамсі для жывёл

Nashaniva.com