Паглядзіце, як цяпер выглядае 200-гадовая царква, у якой бываў Ігнат Дамейка
Карэліцкая раёнка надрукавала хвалебны артыкул пра завяршэнне «рэстаўрацыі» царквы ў Вялікай Мядзвядцы Карэліцкага раёна. Царкву пабудавалі на пачатку XIX стагоддзя, і калісьці яе наведваў мясцовы ўраджэнец Ігнат Дамейка. Але цяпер бы ён яе, відаць, і не пазнаў бы. Работы скончылі яшчэ ўзімку, але толькі цяпер іх вынік патрапіў на вочы аўтару тэлеграм-канала «Спадчына».
23.05.2023 / 16:20
Так выглядае царква цяпер
Работы на царкве пачаліся ў сярэдзіне 2022 года. Летась якраз адзначалася 220-годдзе з дня нараджэння славутага геолага і мінеролага, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Дамейка нарадзіўся ў 1802 годзе тут, у Мядзвядцы Навагрудскага павета. Ігнат быў ахрышчаны 31 ліпеня ў парафіяльным касцёле ў Паланечцы (метрыка ягонага хросту не знойдзена). Але ў старой уніяцкай царкве ў Мядзвядцы ён прыняў першае прычасце, разам з бацькамі і сялянамі ўдзельнічаў у святочных працэсіях. Рэшткі сядзібы Дамейкаў дагэтуль захоўваюцца недалёка ад царквы.
Спецыялісты ў тым жа годзе падрыхтавалі прапанову на наданне ахоўнага статусу драўлянай царкве ў стылі класіцызму, але Гродзенскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны вырашыў адзначыць памятную дату своеасабліва, адмовіўшы з фармулёўкай «адсутнічае неабходнасць».
Такім чынам, нягледзячы на ўсе звароты спецыялістаў, гістарычную царкву бесперашкодна абшылі сайдынгам.
У працэсе «рэстаўрацыі»
У матэрыяле раёнкі жыхары дзякуюць мясцовым уладам, што дапамаглі ім знявечыць помнік архітэктуры. На іх думку, царква цяпер здабыла «новае жыццё». А пра тое, што яны пад сайдынгам і не заўважаць, як яна згніе, пра гэта падумаюць пасля, сумна іранізуюць у тэлеграм-канале «Спадчына».
Царква да праведзеных зменаў
Чытайце таксама: