З'явілася відэа абвінавачанага ў атацы на расійскі самалёт у Мачулішчах

Прапагандысты паказалі зварот грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца, якога абвінавацілі ў атацы на самалёт у Мачулішчах. У звароце ён звяртаецца да Уладзіміра Зяленскага і гаворыць на ўкраінскай мове.

23.05.2023 / 13:17

Мікалай Швец. Скрыншот відэа

На відэазапісе малады чалавек называе сябе Мікалаем Швяцом, размаўляе па-ўкраінску і кажа, што знаходзіцца ў СІЗА КДБ і што ніхто з украінскіх дыпламатаў яго не наведваў. 

«Зараз мне пагражае смяротнае пакаранне. Для беларусаў я тэрарыст. З 4 сакавіка я знаходжуся ў СІЗА КДБ Рэспублікі Беларус. За гэты час ніхто мной не цікавіўся, ніхто са мной не выходзіў на сувязь. З гэтага я раблю выснову, што ўлада ад мяне адмовілася», — кажа Мікалай.

Ён часта збіваецца, пераводзіць вочы ўніз, робіць вялікія паўзы. Швец заклікаў Уладзіміра Зяленскага зрабіць усё, каб яго вызваліць.

26 лютага ў Мачулішчах у выніку атакі дрона быў пашкоджаны расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50. Адказнасць за атаку ўзяў на сябе «Байпол». Самалёт з дапамогай якога можна было ажыццяўляць удары па Украіне, адправіўся на рамонт у Таганрог. У пачатку сакавіка па гэтай справе былі затрыманыя некалькі чалавек, у тым ліку Мікалай Швец.

Чытайце таксама:

Хто такі «Якуцік»? КДБ затрымлівае стралкоў і адпраўляе іх на паліграф, паказваючы фота аднаго чалавека

Стралок, спартовец з райцэнтра, праграміст. Даведаліся больш пра некаторых абвінавачваных у «тэрактах»

Адзін з мужчын, якіх прапаганда назвала арганізатарамі дыверсіі ў Мачулішчах, — прыяцель сына Абельскай і даносчык

Nashaniva.com