«Я з нецярпеннем чакаю вашага асабістага ўдзелу». Прэс-служба Лукашэнкі пацвердзіла атрыманне ім запрашэння на саміт ад генсака ААН
Прэс-служба Лукашэнкі пацвердзіла, што атрымала запрашэнне генеральнага сакратара ААН на саміт па мэтах устойлівага развіцця (МУР) у верасні 2023 года ў Нью-Ёрку. Прытым генеральны сакратар ААН з нецярпеннем чакае асабіста Лукашэнку.
12.05.2023 / 18:38
Антоніу Гутэрыш і Аляксандр Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане ў 2017 годзе. Фота: БелТА
«Саміт па МУР можа стаць момантам, калі наш свет пяройдзе ад страху да надзеі і ад паглыблення песімізму да паскарэння дзеянняў.
Я з нецярпеннем чакаю вашага асабістага ўдзелу ў саміце і вашага ўкладу ў тое, каб ён стаў паваротным момантам для ЦУР», — гаворыцца ў запрашэнні ад імя Антоніу Гутэрыша.
Лукашэнка адразу ж даў яму адказ:
«Перакананы, што досвед Беларусі па эфектыўнай арганізацыі работы на нацыянальным узроўні ў справе дасягнення мэт устойлівага развіцця будзе цікавы і карысны для многіх іншых дзяржаў — членаў ААН. Мы, безумоўна, гатовыя падзяліцца ім падчас правядзення саміту».
І пры гэтай нагодзе скардзіцца на тое, што найбольш замінае яму яшчэ лепей рэалізоўваць шляхетныя мэты.
«Сур'ёзным выклікам для агульнай справы — дасягнення мэт устойлівага развіцця — з'яўляюцца аднабаковыя прымусовыя меры, або санкцыі.
Гэтыя валюнтарысцкія і супярэчныя міжнароднаму праву дзеянні абмежаванай сваімі інтарэсамі і прадузятасцю групы заходніх дзяржаў непасрэдна знішчаюць прагрэс у дасягненні МУР.
Як можна, напрыклад, ліквідаваць галечу і голад, калі санкцыі падрываюць глабальную харчовую бяспеку і такім чынам павялічваюць маштабы галечы і голаду для цэлых рэгіёнаў і нават кантынентаў?
Санкцыі сталі зброяй. Яны здольныя забіваць!» —
пафасна ўсклікае палітык, які разгарнуў у сваёй краіне самыя маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе з часоў смерці Сталіна і стаў суагрэсарам у захопніцкай вайне Расіі супраць Украіны.
Чытайце таксама:
Латушка чыноўніцы ААН: Вам мала палітвязняў і вымушаных мігрантаў?
ААН і Бразілія праз Партугалію лабіруюць вывад Гуцэрыева і Галаватага з-пад санкцый