ChatGPT ужо лепшы за доктара-чалавека па адным параметры
Штучны інтэлект пакуль не заменіць доктара, але новае даследаванне паказала, што ChatGPT перасягнуў медыкаў у плане камунікацыі з пацыентам.
11.05.2023 / 20:38
Ужо падаецца натуральным, што кіраўніцтва выкарыстоўвае чат GPT у перапісцы з супрацоўнікамі, а палітыкі і іншыя выступоўцы рыхтуюць з дапамогай штучнага інтэлекту прамовы.
Па дапамогу да чат-бота могуць звярнуцца і лекары: так, даследаванне, апублікаванае ў канцы красавіка ў часопісе Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі JAMA Internal Medicine, дае першае ўяўленне аб ролі, якую штучны інтэлект можа адыгрываць у медыцыне.
Даследчыкі з шэрагу амерыканскіх ВНУ, уключаючы Каліфарнійскі ўніверсітэт у Сан-Дыега, Каледж Брын-Мор і Універсітэт Джона Хопкінса, параўналі пісьмовыя адказы лекараў і адказы чата GPT на пытанні, звязаныя са здароўем. Пытанні былі ўзятыя выпадковым чынам з паведамленняў на агульнадаступных форумах у сацыяльных сетках. Група ліцэнзаваных медыцынскіх работнікаў ацэньвала адказы па такіх параметрах, як якасць выкладзенай інфармацыі і праяўленая эмпатыя.
Апытаныя аддалі перавагу адказам чата GPT у 79% выпадкаў, ацаніўшы іх і як больш якасныя, і як больш чулыя.
Напрыклад, адказ чат-бота на пытанне пра выпадкова праглынутую зубачыстку пачынаецца так: «Гэта натуральна — турбавацца, калі вы праглынулі старонні прадмет, але малаймаверна, што праглынутая зубачыстка нанясе вам сур'ёзную шкоду».
Доктар-чалавек напісаў: «Калі прайшло ад 2 да 6 гадзін, хутчэй за ўсё, яна трапіла ў ваш кішэчнік».
Штучны інтэлект стане часткай медыцыны?
Віртуальная камунікацыя з пацыентамі і афармленне дакументацыі — вось некаторыя патэнцыйныя выпадкі выкарыстання генератыўных моўных мадэляў ШІ ў ахове здароўя.
Даследчыкі кажуць, што яны не прадбачаць мадэляў, якія змогуць свабодна адказваць на пытанні пацыентаў, прынамсі, пакуль: штучны інтэлект усё яшчэ можа памыляцца. Акрамя таго, чат-боты не заўсёды належным чынам улічваюць сацыяльна-эканамічны статус, расу, этнічнае паходжанне, рэлігію, пол, інваліднасць або сэксуальную арыентацыю чалавека.
Аднак мяркуецца, што чат-боты можна будзе выкарыстоўваць для складання адказаў на пытанні пацыентаў, якія затым лекары змогуць рэдагаваць.
Нават гэта можа істотна зняць нагрузку з дактароў, якая перасягнула ўсе магчымыя меры падчас пандэміі COVID-19, калі колькасць паведамленняў ад пацыентаў павялічылася шматкроць. У выніку многія медработнікі адчулі на сабе прафесійнае выгаранне.
«Магчымасці паляпшэння аховы здароўя з дапамогай ШІ велізарныя, — адзначыў Джон Эерс, вядучы аўтар даследавання, апублікаванага ў JAMA. — Дадатковая дапамога ад штучнага інтэлекту — гэта будучыня медыцыны».
Чытайце яшчэ:
Што такое ChatGPT і чаму да яго ставяцца неадназначна?
Феномен Midjourney: чаму гэтая нейрасетка стала мегапапулярнай і як ёй карыстацца?
Мы дазваляем штучнаму інтэлекту прымаць за нас занадта шмат рашэнняў — псіхолаг