Польскія дальнабойнікі 9 мая пачнуць блакаваць рух фур у Беларусь

Польскія перавозчыкі з 9 мая пачнуць блакаваць рух фур на беларуска-польскай мяжы, каб спыніць грузавыя перавозкі ў бок Беларусі. Акцыя пратэсту можа зацягнуцца на цэлы месяц, інфармуе польскі лагістычны партал.

08.05.2023 / 23:18

Польскія перавозчыкі патрабуюць забараніць уезд у Польшчу фур з беларускай і расійскай рэгістрацыяй

Акцыю пратэсту на польска-беларускай мяжы ладзяць польскія транспартныя кампаніі, якія з мая пачалі аналагічнае блакаванне пункту пропуску на польска-ўкраінскай мяжы. Яны пратэстуюць супраць захопу беларускімі і расійскімі кампаніямі транспартнага рынку на ўсход. Перавозчыкі патрабуюць забараніць уезд у Польшчу фур з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, прыпыніць працу беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў пад польскім прыкрыццём і аднавіць дазволы для транспартных кампаній з Украіны.

На 9 мая польскімі перавозчыкамі анансаваная блакіроўка пункта пропуску «Карошчын», у напрамку беларускага пункта пропуску «Казловічы» — адзінага на беларуска-польскай мяжы, праз які цяпер праязджаюць фуры. Блакада тэрмінала «Карошчын» пачнецца ў 12:00 па польскім часе, або ў 13:00 па беларускім. Чакаецца, што ў акцыі пратэсту прыме ўдзел каля сотні грузавікоў. Дазвол на пратэст ля беларуска-польскай мяжы выдадзены да 9 чэрвеня.

Пункт пропуску «Карошчын-Казловічы» — адзіны пункт пропуску для грузавога транспарту на беларуска-польскай мяжы. Пасля таго, як Польшча прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі-Бераставіца», беларускія ўлады ўвялі патрабаванне, каб польскія фуры маглі перасякаць мяжу толькі на беларуска-польскім участку. Раней яны маглі ўязджаць-выязджаць у Беларусь таксама з боку Літвы і Латвіі.

Чытайце таксама:

«Калі Пачобута адпусцяць заўтра, то пераход у «Баброўніках» будзе адкрыты паслязаўтра», — кіраўнік МУС Польшчы

Чэргі на выезд у Еўрасаюз павялічыліся на 20% — Пагранкамітэт

Як закрыццё «Баброўнікаў» і іншыя абмежаванні паўплывалі на дастаўку тавараў

Nashaniva.com