Беларускі пенсіянер расказвае пра Грузію, працу ў фермера, віно, гаючую прыроду ды злосць на лукашыстаў
«Пасеш коз, нервы супакойваюцца, пазнікалі хваробы. Бог хоча, каб я здаровым вярнуўся», — кажа былы палітвязень Вячаслаў. Яму даў прытулак на сваёй ферме грузін-аднагодак. Беларус на чужыне даглядае чужую гаспадарку, а на радзіме яго чакаюць жонка, дзеці і ўнукі.
10.05.2023 / 20:29
Герой публікацыі Вячаслаў з гадаванцамі на ферме ў грузіна
«Гасціннасцю не злоўжываю. Працую. У доме не лішні»
Вячаслаў дзесяць гадоў як на пенсіі. У 2020-м далучыўся да пратэстаў, пакідаў у сацыяльных сетках крытычныя каментары пра сілавікоў, трапіў пад крымінальны пераслед.
За «абразу прадстаўніка ўлады» Вячаславу далі 2 гады «хатняй хіміі». Потым пачалі выклікаць у міліцыю па іншай крымінальнай справе. Ад яго дабіваліся згоды на «пакаяльнае відэа», а калі тое не ўдалося, то сталі пагражаць турмой. Ён пакінуў радзіму і два гады перабывае ў Грузіі.
Тут жыве больш за 13 тысяч беларусаў. Багата іх пакінула радзіму, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій. Грузія стала адным з самых папулярных кірункаў рэлакацыі беларускага бізнэсу.
Першы час Вячаслаў шукаў занятак на мясцовых вытворчасцях, але нікому пенсіянер не прыдаўся. Перабіваўся часовымі падпрацоўкамі, пакуль не пазнаёміўся з фермерам, які прапанаваў стаць яму кампаньёнам.
«Што прадамо, выручку, казаў, папалам. А мне шмат не трэба. Каб быў начлег ды інтэрнэт. У фермера я нібыта ў гасцях, але гасціннасцю не злоўжываю. Працую. У доме не лішні…» — расказвае Вячаслаў.
Прыехаўшы да фермера, беларускі пенсіянер быў у дэпрэсіі. Яго даймаў неспакой і думкі, што ў старасці пакінуў радзіму. Ад прыгнечанасці зараз ратуюць прырода і козы.
Гадаванцы фермера, якіх даглядае беларускі пенсіянер. Калаж з фотаздымкаў героя публікацыі Вячаслава
«Пасеш коз, назіраеш за імі, нервы супакойваюцца. У мяне нямала было хвароб, хранічных, узроставых. А цяпер некаторыя пазнікалі. Ціску, напрыклад, няма. Перастаў прафілактычныя прэпараты прымаць для яго нармалізацыі. Бывае, галава пабольвае, але ж я ўжо не хлопчык», — разважае Вячаслаў.
«Бог хоча, каб я здаровым вярнуўся і місію сваю выканаў, — дадае ён. — Мы ж на шэсцях выгуквалі: «Не забудзем, не даруем». Трэба прыехаць і разабрацца з тым, каму мы «не даруем». Я злапамятны».
Вячаслаў нарадзіўся ў райцэнтры і не лічыць сябе вясковым жыхаром.
Вячаслаў на ферме ў грузіна
«Спачатку было цяжкавата, пакуль не вывучыў звычкі коз. У кожнай свой характар. Адна паслухмяная, а другая можа гарцаваць без перапынку. Але чалавек можа ўсяму навучыцца. У мяне выйшла хутка асвоіць, як даіць кароў і коз», — заўважае Вячаслаў.
Гаспадарку фермера беларус называе натуральнай і прымітыўнай. Механізацыі ў ёй няма. Пенсіянер цэлы дзень заняты справамі. А апошнім часам наогул даглядае яе адзін, бо фермер афармляе дакументы на дзялянку зямлі бліжэй да гор і падалей ад горада, які разрастаецца, паглынаючы вёску.
«Не скажу, што я дужа стамляюся, але і лайдачыць часу не маю. Усё даводзіцца рабіць рукамі. У гаспадарцы свінні, карова, цяля, куры, качкі, 32 казы з казлянятамі. Нядаўна прыбілася да нас авечка. Кабыла ёсць, жарабя, вослік, з якім забаўляецца мясцовая дзятва», — расказвае Вячаслаў.
Горад набліжаецца да гаспадаркі фермера, якому дапамагае беларус. Фота: архіў Вячаслава
Яго працоўны дзень пачынаецца на досвітку.
«Падымаюся, карову на выпас ганю, цяля прывязваю ў полі, кармлю свіней, сабак. Раніцай даю 11 коз, бо яны стаяць асобна ад казлянят, а ўвечары толькі траіх, бо казляняты высмоктваюць матак», — апавядае пра свае абавязкі Вячаслаў.
У Грузіі зімы ў параўнанні з беларускімі цёплыя, заўважае суразмовец:
«За ўсю зіму тры разы снег толькі выпадаў і ад яго хутка знаку не заставалася. Патрэб у дыхтоўных пабудовах няма. Каровы стаяць пад паветкамі, а авечкі ў загонах. Карова ўсю зіму пасвілася, як і козы».
«За паўгода больш выпіў, чым за ўсё сваё жыццё»
Фермер — аднагодак Вячаслава. Сваю гаспадарку заклаў 15 гадоў таму. Сам ён з Тбілісі. Фермерствам заняўся, каб быць незалежным. Беларусу гаспадар прызнаўся, што гарадское жыццё яму абрыдла і захацелася на прыроду. Жонка адмовілася з ім ехаць, і ён яе кінуў.
«Грузін лічыць, што жонка павінна за мужам ісці ўсюды. Цяпер зрэдку з ёю сустракаецца. Да яго прыязджаюць дзеці. У мяне выпытваў, чаму са мною мая не прыехала…» — апавядае Вячаслаў.
Гаспадарка фермера па мерках Грузіі невялікая. Неяк Вячаслаў сустрэў хлопца, які пераганяў статак са 150 авечкамі. Яшчэ ў аднаго гаспадара атара авечак сягае 1100 асобін. У вёсках людзі трымаюць па 45 кароў.
Вырабленае фермер прадае. Калі застаецца малако, то робіцца сыр і тварог, якія таксама прадаюцца.
Літр казінага малака каштуе 11 рублёў (10 лары), каровінага — 5 рублёў (4 лары). За дзясятак яек фермер просіць 8 рублёў (7 лары). Сярэдняя пенсія ў Грузіі не дацягвае да 350 рублёў (260—300 лары).
Грузінскія краявіды. Фота: архіў Вячаслава
Вячаслаў кажа, што ў Грузіі харчы даражэйшыя, чым у Беларусі, але тамтэйшае стаўленне грузін да дабрабыту іншае.
«Калі прадукцыя не распрадаецца, то яна раздаецца задарма. Потым нас частуюць іншым. Калі чалавек аказваецца без працы ці ў яго нешта здарылася, то сябры, знаёмыя дапамагаюць яму. Грузіны кажуць, што ў іх здавён так было. Мы забілі нядаўна кабана — 300 кілаграм. Усё ў халадзільнік не ўлезла. Дзеці фермера забралі. Суседзяў ён пачаставаў», — адзначае беларус.
Вячаслаў кажа, што грузінская гасціннасць і шырыня душы не выдумка. Калі ў фермера бяседа, то на яе абавязкова запросяць чужынца. Але беларус застолляў стаў пазбягаць.
«За паўгода больш выпіў, чым за ўсё сваё жыццё, — прызнаецца ён. — Яны п’юць чачу, а мой арганізм не вытрымлівае, і я хутка п’янею. Дык п’ю белае віно. Адзін грузін заўважыў гэта і сказаў, што і я ўжо грузін. Паабяцаў пачаставаць сваім віном і назаўтра прывёз яго 20 літраў. На навагоддзе даставіў яшчэ дзесяць. Дык ужо я частаваў гасцей».
Сельская гаспадарка ў Грузіі трымаецца на прыватніках, а калгасаў, як у Беларусі, па сутнасці ніколі і не было. У савецкі час нямала грузін трымала па 300 авечак, а калі Савецкі Саюз разваліўся, то зямлю раздалі ахвотным.
Выган у Грузіі зусім не падобны да беларускага. Фота: архіў Вячаслава
Мясцовым фермерам ніхто не ўказвае, што ім вырабляць і не прыглядае за імі.
Вячаслаў апавёў свайму кампаньёну, як Лукашэнка накінуўся на аграрнікаў за «абасраных кароў». Грузін смяяўся, але не зразумеў, навошта кіраўніку дзяржавы ісці ў кароўнік.
Фермер раіць свайму памочніку па вяртанні закласці сваю гаспадарку.
«Я яму адказаў, што для гэтага ў Беларусі патрэбна нямала сродкаў, але ў мае планы фермерства не ўваходзіць. На радзіме буду адпачываць, з унукамі забаўляцца. Я гэта заслужыў», — пераказвае адказ грузіну беларус.
«Няўжо я буду перад злачынцамі каяцца. У чым мая віна?»
Вячаслаў кажа, што грузіны, з якімі ён сустракаўся, дапамагаюць украінцам і перажывалі за Беларусь падчас пратэстаў. Яны спадзяваліся, што беларусы адыдуць ад Расіі, якая акупавала Абхазію і Паўднёвую Асецію і стварыла там сепаратысцкія ўрады.
«Калі прыехалі расіяне ратавацца ад мабілізацыі, дык цэны тут узляцелі на ўсё. На кватэры цэны ўзраслі ўтрая. Беларускім эмігрантам тут няпроста жывецца. Даводзіцца цяжка працаваць. У хостэлах начуюць. Бывае, што на будоўлі спяць узімку на пенапласце», — расказвае Вячаслаў.
Акцыя салідарнасці з пратэстамі ў Беларусі. Тбілісі, 21 жніўня 2020 год. Фота: Іна Кукуджанава/kavkaz-uzel.eu
Па яго словах, беларусы ў Грузіі дужа злыя на лукашыстаў, бо праз іх аказаліся адарваныя ад радзімы.
«Многія хочуць вярнуцца ў Беларусь і звесці з ім рахункі. Я падумваў, што калі ляснецца рэжым Лукашэнкі, дык тут яшчэ застануся крыху. Не хачу грэх на душу браць», — выказваецца Вячаслаў.
Пенсіянер з Беларусі лічыць, што знойдуцца суайчыннікі, якія наважацца звярнуцца ў камісію па вяртанні. Ён жа таго рабіць не збіраецца.
«Няўжо я буду перад злачынцамі каяцца? У чым мая віна? Не стане ніколі беларускі шляхціц перад свіннямі бісер сыпаць», — даводзіць Вячаслаў.
Пенсіянер ірвецца на радзіму да ўнукаў, якія могуць яго не пазнаць.
«За што мяне з імі разлучылі?» — пытаецца ён.
Беларусы Грузіі адзначылі другую гадавіну пачатку пратэстаў шэсцямі. Фота даслалі чытачы «Нашай Нівы»
Пенсіянер лічыць, што працягласць эміграцыі не залежыць ужо ад беларусаў. Па яго словах, з Лукашэнкам доўга цывілізаваны свет «цацкаўся, пакуль ён забіваў нязгодных з ім».
«Спадзеў на Украіну, якая разаб’е Пуціна, і Лукашэнку больш ніхто не будзе дапамагаць. Тады ў нас з'явіцца надзея на вяртанне».
Глядзіце таксама:
Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?
У Грузіі праходзяць жаночыя маршы супраць закона аб іншаземных агентах