Аблава на заводах «Нафтан» і «Палімір» — дзесяць працаўнікоў арыштаваныя
Ім пагражаюць крыміналкамі і звальненнем.
18.04.2023 / 17:36
Знешні выгляд «Паліміра». Фота: «Наваполацк сёння»
Пра аблаву на заводах «Нафтан» і «Палімір» не пісалася ў СМІ, але пра яе стала вядома з паведамлення афіцыйнага закрытага канала завода. Затрымалі дзесяць працаўнікоў заводаў і ўсім ім прысудзілі арышт — ад 10 да 30 сутак, у асноўным за рэпосты (па артыкуле 19.11).
Скрыншот з афіцыйнага канала завода «Нафтан-Палімір пра галоўнае»
У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей не будуць. «Амаль дакладна гэтыя людзі будуць звольненыя са сваіх прадпрыемстваў, бо арышт не з'яўляецца ўважлівай прычынай для адсутнасці на працоўным месцы», — пішуць аўтары канала. А некаторым пагражаюць крымінальнай справай:
«Праваахоўнымі органамі некаторым з затрыманых будзе дадзеная дадатковая крымінальна-прававая ацэнка, бо ў іх дзеяннях угледжваюцца прыкметы ўчынення злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці, пакаранне за якія прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў», — сцвярджае адміністрацыя завадскога канала.
Пасля гэтага адміністрацыя прадпрыемства, акрамя маралізатарства, заклікае працаўнікоў адпісацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў, а таксама праглядзець свае сацыяльныя сеткі і сеткі сваякоў на прадмет наяўнасці «чагосьці падазронага».
«Сумняваецеся? Лепш выдаліце! Горш будзе, калі ўсе застануцца абыякавымі і будуць спадзявацца толькі на ўдачу», — падсумоўваюць аўтары завадскога канала.
Нагадаем, на «Паліміры» доўгі час працаваў адзін з фігурантаў справы «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль. Гэта не першая аблава на прадпрыемстве.
Чытайце таксама:
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць
«Людзі даведзеныя да кропкі». Звольненая Вольга Брыцікава — пра стачку і настроі на «Нафтане»