Беларусь атрымала ад Расіі дакументацыю па вытворчасці штурмавіка Су-25. Хочуць наладзіць тут фінальную зборку

Беларусь атрымлівае ад Расіі тэхнічную дакументацыю, неабходную для вытворчасці кампанентаў самалётаў-штурмавікоў Су-25 і іх магчымай фінішнай зборкі ў рэспубліцы. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты.

09.04.2023 / 08:51

 

У Беларусі хочуць наладзіць фінальную зборку штурмавіка Су-25. Фота: «Ваяр»

«На сённяшні дзень у прапрацоўцы Су-25. Адпаведная дакументацыя зараз вывучаецца, перадаецца расійскім бокам. Але прэмʼер-міністрам [Беларусі Раманам Галоўчанкам] нават задача ставіцца больш сур'ёзная: ад зборкі авіяцыйных рухавікоў выйсці да фінішнай зборкі самалётаў. Гэта, вядома, суперзадача, задача максімум», — сказаў пасол у інтэрвʼю тэлеканалу «Беларусь 1».

У сярэдзіне лютага на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што беларускія спецыялісты «пры адпаведнай невялікай тэхналагічнай падтрымцы Расійскай Федэрацыі» гатовы пачаць вытворчасць самалётаў-штурмавікоў. Таксама Лукашэнка адзначаў, што «беларусы робяць для [расійскіх грамадзянскіх самалётаў] МС-21 і Sukhoi Superjet ужо да тысячы камплектуючых».

Паводле слоў Крутога, цяпер для МС-21 «прыкладна 1 350 вырабаў і кампанентаў прапанавана расійскімі калегамі для вытворчасці ў Беларусі», па самалётах Іл-76 і Іл-78 «сфарміраваны партфель заказаў для беларускіх прадпрыемстваў на больш як 2,1 тысячы вырабаў».

Пасол паведаміў, што ў найбліжэйшы час беларускія спецыялісты, якія ўжо наведалі авіяцыйныя вытворчасці ў Казані і Ульянаўску, плануюць пабываць на авіяпрадпрыемстве ў Іркуцку.

«Мы хочам, асабіста паразмаўляўшы, сфарміраваць доўгатэрміновыя праграмы загрузкі двух нашых прадпрыемстваў — 407-га, 558-га заводаў [завод грамадзянскай авіяцыі ў Мінску і авіярамонтны завод у Баранавічах]. Гэта першая тактычная задача — загрузіць нашы заводы да 2030 гады гэтай кампанентнай базай па тых кірунках, якія існуюць.

Далей прэмʼер-міністр даручыў актыўна прыцягнуць да гэтай гісторыі не толькі непасрэдна два нашыя профільныя прадпрыемствы, але таксама [прадпрыемствы па вытворчасці электронікі] «Інтэграл» і «Гарызонт». Яны тут павінны знайсці сваю нішу ў сферы авіёнікі, мікрасхем, вадкакрысталічных панэляў».

Ён адзначыў, што найбліжэйшым часам чакаецца візіт у Беларусь віцэ-прэмʼера РФ Дзяніса Мантурава і «на ўзроўні ўрадаў гэтая тэма будзе абмяркоўвацца». «Гэта будзе сапраўдным прарывам. І Беларусь пяройдзе на зусім іншы ўзровень у авіябудаванні ў найбліжэйшыя гады», — мяркуе пасол.

Чытайце таксама:

Круты расказаў, якія «саюзныя праграмы» ўжо атрымалася цалкам выканаць

Расія з пачатку вайны страціла больш за 10 тысяч адзінак баявой тэхнікі. І гэта не ацэнкі, а пацверджаныя лічбы

ISW: Пуцін хоча выкарыстоўваць беларускі ВПК для вайны, Лукашэнка вымушаны ісці на саступкі

Nashaniva.com