На пахаванне прапагандыста Татарскага «вагнераўцы» прынеслі кувалду

У Маскве 8 красавіка прайшло пахаванне забітага 2 красавіка расійскага прапагандыста, «ваенкара» Максіма Фаміна, больш вядомага пад псеўданімам Уладлен Татарскі. Побач з труной прысутныя на пахаванні заўважылі сумна вядомую «вагнераўскую» кувалду, паведаміла выданне ASTRA.

08.04.2023 / 22:07

Паводле інфармацыі выдання, кувалду пасмяротна падарылі Фаміну прадстаўнікі ПВК «Вагнера». Яе паклалі побач з труной, а на дзяржальне інструмента ёсць імянная гравіроўка.

З дапамогай такой кувалды ў ПВК «Вагнера» караюць смерцю «здраднікаў», некаторыя падобныя выпадкі запісаныя на відэа і пасля шырока разышліся ў інтэрнэце. Кувалда, такім чынам, стала сімвалам злачынстваў і амаральнасці ПВК «Вагнера», а таксама і ўсяго «рускага свету», паколькі і цывільныя, і вайсковыя расійскія ўлады ніякага супрацьдзеяння пашырэнню культу гэтага інструмента не аказваюць.

Прапагандыст Максім Фамін быў забіты 2 красавіка ў выніку выбуху, які прагрымеў падчас яго «творчага вечара», які праходзіў на Васілеўскім востраве ў Санкт-Пецярбургу ў кафэ Street Food Bar №1. Гэтая ўстанова належыць структурам заснавальніка ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына.

Чытайце таксама:

Дар'і Трэпавай з Пецярбурга выстаўленае абвінавачванне ў тэракце

У Гомелі настаўнік павёў школьнікаў у мясцовы «Рускі дом», каб пасумаваць з нагоды гібелі Уладлена Татарскага

«Усіх заб’ём, каго трэба, абрабуем. З Богам». Хто такі Уладлен Татарскі, якога падарвалі ў піцерскай кавярні

Nashaniva.com