Азараў расказаў пра байцоў «Байпола», якія адправіліся ва Украіну

Нядаўна стала вядома, што неназваная колькасць удзельнікаў плана «Перамога» далучылася да палка Кастуся Каліноўскага ва Украіне. У размове з «Нашай Нівай» кіраўнік «Байпол» Аляксандр Азараў выдаў некаторыя дэталі гэтай гісторыі. 

15.03.2023 / 11:30

Атрад «Атам», падрыхтоўкай якога займаўся «Байпол». Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Беларусы працягваюць далучацца да фарміраванняў, якія ўдзельнічаюць у вайне за незалежнасць Украіны. 

Нядаўна да самага вялікага з іх — палка Кастуся Каліноўскага — далучылася чарговая група. Яе папярэднюю падрыхтоўку праводзіў «Байпол». 

«У Польшчы і Літве адбывалася спецпадрыхтоўка ўдзельнікаў плана «Перамога». У выніку тыя людзі, якія выказалі жаданне адправіцца бараніць Украіну для атрымання баявога досведу, адправіліся ў полк імя Кастуся Каліноўскага, — расказаў Аляксандр Азараў, кіраўнік аб'яднання былых сілавікоў. — 

Назва атрада — «Атам». Гэта ў гонар музыканта з Пінска Васіля Грудовіка, які быў удзельнікам плана «Перамога» і праходзіў курсы спецпадрыхтоўкі «Байпола», але, на жаль, загінуў, баронячы Украіну і Беларусь». 

Аляксандр Азараў

Дакладная колькасць ваяроў не агучваецца. 

«Але гэта было некалькі груп. Таксама працягваецца далейшая падрыхтоўка наступных груп. 

Першая група адправілася на пачатку лютага. Гэта тыя людзі, якія выказалі жаданне ехаць ва Украіну, каб шляхам абароны братняй дзяржавы ад Крамля атрымаць баявы досвед. 

У наступным яны будуць задзейнічаны ў рэалізацыі плана «Перамога» і павінны па камандзе вярнуцца назад і ўзяць удзел у вызваленні Беларусі ад лукашысцка-расійскіх захопнікаў», — кажа Азараў. 

Далучыцца менавіта да палка Кастуся Каліноўскага пажадалі самі байцы.

«Перад адпраўкай была вывучана сітуацыя ва ўсіх беларускіх падраздзяленнях. Байцы прыйшлі да высновы, што ПКК найбольш адпавядае нашым патрэбам у плане таго, што ўсе будуць разам, адным падраздзяленнем, а не будуць раскіданы хто куды. 

На гэты момант байцы «Байпола» давучваюцца ва Украіне перад адпраўкай на фронт — зноў жа, у Польшчы ці ў Літве немагчыма адладжваць навыкі валодання гранатамётамі, мінамётамі, цяжкай зброяй. Гэта ўсё магчыма толькі на палігонах ва Украіне. На перадавой пакуль што нікога няма. 

Сярод ваяроў атрада «Атам» — і айцішнікі, і звычайныя будаўнікі.

«Усе яны — актывісты-беларусы, якія бралі актыўны ўдзел у пратэстах 2020-га і зазналі пераслед, а некаторыя і здзекі з боку рэпрэсіўных органаў лукашызму. Людзі поўныя жадання адпомсціць катам беларускага народа і акупантам», — кажа Азараў.

Раней «Байпол» расказваў пра стварэнне харугваў за мяжой. Іх удзельнікі займаюцца спортам, стралковай падрыхтоўкай, адзінаборствамі і «іншымі спецыяльнымі прадметамі» пад кіраўніцтвам інструктараў. Аднак не ўсе, хто пайшоў у харугвы, гатовы ехаць ва Украіну.

«Для гэтага, натуральна, трэба адмовіцца ад ранейшай работы, ладу жыцця. І стаць салдатам, сяржантам, падпісаць кантракт з УСУ. Мы адпраўляем толькі тых, хто сам гэтага хоча і матываваны», — сказаў Азараў. 

Чытайце таксама:

«Да таго, чым займаўся ў мірным жыцці, у мяне цяпер антыпатыя». Баец палка Каліноўскага расказаў, што адбываецца ў Бахмуце і апісаў тактыку расійскага войска

«Ракета, якой можна збіваць дроны, даражэйшая за сам беспілотнік». Аэраразведчык Палка Каліноўскага расказаў, як яны выяўляць месцы дыслакацыі ворага

Nashaniva.com