Гісторыя Брэндана Фрэйзера: як зорка «Муміі» знік з кіно праз дэпрэсію, а цяпер узяў «Оскар»

Цырымонія ўручэння «Оскара» стала трыумфальнай для 54-гадовага Брэндана Фрэйзера. Акцёр, чыю кар’еру некалі разбурылі дэпрэсія і іншыя хваробы, атрымаў галоўную кінаўзнагароду за ролю ў «Кіце» ад рэжысёра Дарэна Аранофскі.

14.03.2023 / 11:52

Фота: кадр з афіцыйнага трэйлера «Кіта»

Ад зорнай кар’еры да забыцця

У стужцы, якая прывяла Фрэйзера да «Оскара», ён увасобіў Чарлі — выкладчыка літаратуры з вагай пад 300 кілаграмаў, які ў апошнія свае дні спрабуе аднавіць адносіны з дачкой, якую ён некалі пакінуў. Чарлі сышоў з сям’і, каб быць разам са сваім студэнтам, але той, каханне яго жыцця, трапіў у секту і загінуў. Адзінота і боль — вось усё, што складае жыццё гэтага масіўнага мужчыны, які ўнутры аказваецца далікатным і неабыякавым да людзей, які нават пасля ўсяго перажытага ўпэўнены, што людзі — неверагодныя.

Самога Фрэйзера таксама называюць шчырым і добрым чалавекам, які нарэшце атрымаў цалкам заслужаную ім узнагароду. Яго шлях у кіно пачаўся яшчэ ў 1988 годзе ў крымінальным серыяле America’s Most Wanted, дзе малады Брэндан сыграў сябра ахвяры забойства.

Яго 90-я поўныя роляў у камедыйных і прыгодніцкіх фільмах: згадаем «Пустыя галовы», «Джорджа з джунгляў» і галоўны да «Кіта» фільм Фрэйзера — прыгодніцкую «Мумію».

Скрыншот трэйлера фільма «Мумія» (1999)

Паралельна з гэтым Брэндан здымаўся і ў больш сур’ёзных стужках, дзе граў драматычныя ролі. Адзначым фільм «Богі і монстры» 1998 года — біяграфічную драму пра стваральніка стужак пра Франкенштэйна Джэймса Уэла, дзе Фрэйзер сыграў яго садоўніка і сябра. «Богі і монстры» атрымаў «Оскар» за найлепшы адаптаваны сцэнар, але карціна так і не пераламала імідж Брэндана як несур’ёзнага акцёра.

У нулявыя акцёр працягнуў здымацца — акрамя іншых стужак, у яго фільмаграфіі з’явіліся другая і трэцяя часткі «Муміі». Пасля апошняй з іх, у 2009-2010 гадах, Фрэйзер амаль знікае з экранаў. Наступныя гады ён будзе здымацца толькі ў адзінкавых фільмах: як пазней патлумачыць акцёр, перапынак звязаны з сямейнымі праблемамі і здароўем.

У 2007 годзе Брэндан развёўся з актрысай Эфтан Сміт, маці яго траіх дзяцей, і ў наступныя восем гадоў перанёс некалькі аперацый — выдаленне часткі пазванка, аперацыю на паясніцы, частковую замену каленнага сустава, аднаўленне галасавых звязак і іншыя маніпуляцыі. Усё праз тое, што шматлікія трукі ў сваіх карцінах Фрэйзер выконваў сам, і часам гэта прыводзіла да траўмаў, якія ўсё накопліваліся.

Таксама акцёр распавёў, што стаў ахвярай сэксуальных дамаганняў. Усё адбылася ў 2003 годзе на званым абедзе Галівудскай асацыяцыі замежнай прэсы, якая прысуджае кінапрэмію «Залаты глобус». Кіраўнік арганізацыі Філіп Берк схапіў Фрэйзера за ягадзіцы і дакрануўся да пахвіны, і гэтая гісторыя моцна траўмавала акцёра. Брэндан расказваў, што той інцыдэнт прымусіў яго сумнявацца ў сваёй дзейнасці, і на нейкі час акцёр увогуле думаў сысці з кінаіндустрыі. Гэтая гісторыя, развод з жонкай і смерць маці — рэчы, што выклікалі ў Фрэйзера дэпрэсію і прымусілі яго часова забыць пра паўнавартасную кар’еру. Меркавана, паўплывала і сварка з уплывовым Філіпам Беркам, бо званкоў з прапановамі здымак стала нашмат менш.

Знайсці свайго рэжысёра

Але ў 2015 годзе акцёр пачаў паступовае вяртанне. Роля за роляй ён даказваў сабе і іншым, што яшчэ чагосьці варты: вось роля рэйнджэра ў пяці серыях вэстэрна «Паўстанне Тэхаса», а вось удзел у шасці серыях хітовага шоу «Каханкі». Праз два гады Фрэйзер атрымаў ролю другога плану ў серыяле «Траст», а потым — адну з галоўных роляў у серыяле «Фатальны патруль».

Фрэйзер у 2016 годзе. Фота: commons.wikimedia.org

У 2021 годзе перасякліся шляхі Фрэйзера і рэжысёра Дарэна Аранофскі. Вы маглі чуць пра апошняга, напрыклад, па яго стужцы «Чорная лебедзь», якая прынесла актрысе Наталі Портман «Оскар» за найлепшую жаночую ролю, ці па карціне «Рэстлер» з Мікі Руркам, за якую той атрымаў намінацыю на «Оскар». Карацей, Аранофскі яўна ўмее працаваць з акцёрамі, і іх тандэм з Фрэйзерам склаўся як нельга лепей.

Брэндану дасталася роля, у якой не так шмат магчымасцей паказаць сябе: каб стварыць вобраз 270-кілаграмовага Чарлі, на Фрэйзера надзявалі накладны торс вагай ад 22 да 136 кілаграмаў. Заставалася граць хіба што вачамі, голасам ды нешматлікімі рухамі — і персанаж атрымаўся такі, які трымае гледача цэлы фільм, якому верыш і спачуваеш.

«Кіта» ўпершыню паказалі на Венецыянскім кінафестывалі 5 верасня 2022 года. Калі прайшлі фінальныя тытры, гледачы зладзілі Фрэйзеру авацыі даўжынёй шэсць хвілін — і акцёр заплакаў. Мала хто сумняваўся ў тым, што сёлетні «Оскар» дастанецца яму, як і ў тым, што гэтая статуэтка заслужаная. Застаецца толькі, каб у гэты раз Фрэйзер і кінаіндустрыя нарэшце не ўпусцілі адно аднаго, бо без яго свет кіно шмат страціць.

Чытайце таксама:

З сакавіка запрацуе анлайн-кінатэатр беларускага кіно

«Зямля вачыма Канк»: агляд гісторыі чалавецтва ад стэндап-камікесы

Пра злых палякаў і партызан. Што здымаюць на «Беларусьфільме» ў апошнія гады

Nashaniva.com