«Усе падзеленыя на розныя ступені лаяльнасці». Нелаяльных супрацоўнікаў Ліцэя БДУ падзялілі на тры розныя спісы

У Ліцэі БДУ «з дапамогай і пры ўдзеле намесніка ад КДБ» склалі тры спісы нелаяльных працаўнікоў. Такую інфармацыю «Белсату» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй у навучальнай установе.

10.03.2023 / 14:52

У спісы ўключаныя ў якасці асобных катэгорый уласна ўдзельнікі пратэстаў, асобы, якія ахвяравалі грошы на розныя ініцыятывы, і тыя, хто ў 2020 годзе ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцтва.

«Адпаведна, усе працаўнікі падзеленыя на розныя ступені лаяльнасці ў залежнасці ад таго, у якой колькасці спісаў запісаныя», — кажа крыніца.

На думку суразмоўцы «Белсата», тады нелаяльных было б прасцей «патроху звальняць па заканчэнні кантрактаў».

«У такім разе праца ўстановы адукацыі не спыніцца», — падкрэсліў суразмоўца.

Чорныя і шэрыя спісы

Падобна да таго, што практыка чысткі паводле спісаў і катэгорый у залежнасці ад ступені праяўленага вальнадумства пашырылася на ўсю краіну. Раней чытачы «Белсата» з дзяржаўнай арганізацыі аднаго з абласных цэнтраў паведамлялі пра існаванне спісаў на звальненне (ці паніжэнне ў пасадзе), у якія трапілі нават мясцовыя начальнікі. З іхніх слоў, маштаб «кары» залежыць ад таго, ці чалавек толькі падпісаўся за нейкага альтэрнатыўнага кандыдата, ці дзесьці ўдзельнічаў.

Чытачы паведамлялі, што ў некаторых арганізацыях кіраўніцтва спрабуе адбіць тых работнікаў, якія толькі падпісаліся ў 2020 годзе за альтэрнатыўных кандыдатаў, бо няма каму працаваць.

Тых жа, хто дзесьці быў заўважаны на акцыях, адбіць нават не спрабуюць — звальняюць адразу.

Пра наяўнасць розных спісаў раней казала і лекарка Мая Церакулава з Бабруйска, якая таксама была звольнена з палітычных прычын і пасля з’ехала ў Польшчу.

«Калі прыходзіла ўладкоўвацца, адразу пыталі: «Вы ў якім спісе — у шэрым ці ў тым, што больш чорны? Калі ў шэрым, мы вас возьмем, бо нам патрэбныя дактары. Калі ў чорным, то выбачайце». Адзін з галоўных дактароў падстанцыі хуткай дапамогі з гонарам распавёў, як звольніў усіх медыкаў са спіса, і аднаго з ягоных працаўнікоў пасадзілі на чатыры гады. Калі судзіць паводле таго, што надалей я ад усіх атрымлівала адмовы, я ў чорным спісе», — распавядала педыятр.

Раней крыніцы «Белсата» паведамлялі, што супрацоўнік КДБ, адказны за Ліцэй БДУ, «плануе звольніць 30 асоб, усіх пужае». Змены ва ўстанове чакаюцца з 30 мая, але якія — ніхто не ведае.

«Хіба што зладзяць палітычныя чысткі — прыбяруць самых непажаданых, бо якраз улетку ў большасці заканчваюцца кантракты. Нездарма ж цэлага гэбіста на стаўку пасадзілі, які ўсіх выклікае на допыты і нешта капае», — мяркуе суразмоўца.

Паводле яго, супрацоўнік КДБ сабраў на працаўнікоў Ліцэя вялікае дасье — «экстрэмісцкія» чаты, выступы, удзел у акцыях і г. д.

Чытайце таксама:

Плануюцца масавыя звальненні ў Ліцэі БДУ? Што вядома

«Мікалай Лукашэнка браў удзел у конкурсе, але ніколі не вучыўся». Вялікая гутарка з былым дырэктарам Ліцэя БДУ Ігарам Вараксам

Краіну пакінула культавая выкладчыца Ліцэя БДУ

Ліцэй БДУ і КДБ ладзяць сумесны конкурс. У тым ліку пра Фелікса Дзяржынскага

Nashaniva.com