Баскетбалістка Алена Леўчанка пераехала з Грэцыі і расказала пра новую працу
Адна з найлепшых баскетбалістак у беларускай гісторыі скончыла кар’еру ў лістападзе 2022 года. Чым яна займаецца цяпер?
06.03.2023 / 13:29
Фота: інстаграм Алены Леўчанка
Закончыла кар’еру Алена ў Грэцыі. Леўчанка пераехала ў гэтую краіну ў канцы 2020 года, пасля таго, як адсядзела 15 сутак на Акрэсціна па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У студзені 2021 года Алена падпісала кантракт з грэчаскім клубам «Панацінаікас» і выйграла з ім тытул чэмпіёнкі Грэцыі.
Потым у жыцці славутай спартсменкі была чарговая (сёмая) аперацыя ў яе кар’еры, шмат падарожжаў па Грэцыі і грамадская дзейнасць — беларуска ў тым ліку дапамагала грэкам збіраць ежу, лекі і адзенне для ўкраінцаў.
12 лістапада Алена апублікавала пост пра развітанне з прафесійным баскетболам, але не адразу распавяла, чым будзе займацца пасля заканчэння кар’еры. У канцы студзеня беларуска напісала ў сацсетках, што пакідае Грэцыю.
6 сакавіка Леўчанка паведаміла ў інстаграме, што яна пераехала ў Лос-Анджэлес, у ЗША і цяпер будзе працаваць у кампаніі Nike. Таксама беларуска распавяла, што за час у Штатах паспела ледзьве не трапіць у аварыю — як напісала Алена ў сацсетцы, «жыццё проста прамільгнула перад вачыма».