Патрыярх Кірыл забараніў служыць святару, які замест перамогі маліўся за мір
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сваім указам забараніў удзел у царкоўным служэнні маскоўскага святара Іаана Коваля. Падставай для такога рашэння стала тое, што святар у адной з малітваў замяніў слова «перамога» на слова «мір». Указ патрыярха размешчаны 3 лютага на сайце Маскоўскай епархіі.
03.02.2023 / 21:19
Айцец Іаан Коваль. Скрыншот відэа
Паводле інфармацыі выдання «Пад'ём», іерэй Іаан Коваль замест фразы «Возстани, Боже, в помощь людем Твоим и подаждь нам силою Твоею победу» сказаў крыху перайначаны тэкст: «Возстани, Боже, в помощь людем Твоим и подаждь нам силою Твоею мир».
Саму «малітву аб святой Русі» РПЦ раней распаўсюдзіла па ўсіх праваслаўных храмах «для абавязковага чытання».
Святар Коваль прызнаны вінаватым у «самачынні» (самаўпраўстве). Яму забаронена весці службы «да заканчэння разгляду яго справы ў дысцыплінарнай камісіі пры епархіяльнай радзе горада Масква».
Патрыярх Кірыл з самага пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне заняў пазіцыю абсалютнай падтрымкі ўсіх дзеянняў расійскіх улад.