Тысячы гледачоў ужо некалькі тыдняў глядзяць бясконцы серыял ад штучнага інтэлекту
З сярэдзіны снежня на сэрвісе Twitch ідзе трансляцыя сіткама Nothing, Forever, заснаванага на камедыйным серыяле «Сайнфелд» з дзевяностых. У ім нейрасеткі па ходзе дзеяння пішуць сцэнарый, адказваюць за рэжысуру і генеруюць відэа.
02.02.2023 / 17:22
Сінопсіс у шоу вельмі просты: чацвёра галоўных герояў жывуць у піксельным Нью-Ёрку, трапляюць у недарэчныя сітуацыі і спрабуюць разабрацца са сваім жыццём. Асаблівасць жа ў тым, што практычна ўвесь праект створаны нейрасеткамі: ад сцэнарыя да агучкі.
Так, дыялогі персанажам прапісвае моўная мадэль ад OpenAI (менавіта гэтая кампанія стварыла ChatGPT, які завірусіўся), а за візуальную частку адказваюць алгарытмы Stable Diffusion, DALL-E і іншыя. Пры гэтым гледачы могуць самастойна мяняць расповед, узаемадзейнічаючы з сіткамам праз чат на «Твічы».
Стваральнікі Nothing, Forever з кампаніі Mismatch Media прыдумалі «бессэнсоўны і сюррэалістычны» праект яшчэ ў 2019 годзе, аднак рэалізаваць яго ўдалося толькі нядаўна, на хвалі выбуховага развіцця нейрасетак. Па словах аўтараў, мэта ў іх цалкам відавочная: паказаць гледачам надыходзячую будучыню — з вечнымі забаўляльнымі шоў.
Зрэшты, на гэтым эксперыментатары спыняцца не збіраюцца. Ужо пасля Nothing, Forever яны маюць намер падняць стаўкі і ўзяцца за праект «на ўзроўні Netflix».