Каардынацыйная рада вось ужо пяць месяцаў «рэфармуецца». Але насамрэч ёй больш няма чаго рабіць — меркаванне
Гісторык Аляксандр Пашкевіч, назіраючы, як беларускія дэмакратычныя сілы ў эміграцыі спрабуюць не надта паспяхова ўдыхнуць жыццё ў Каардынацыйную раду, рэлікт яшчэ недалёкіх, але ўжо прамінулых часоў, лічыць, што гэта марная праца. Бо не ўсё тое, што запатрабаванае і цалкам апраўданае ў адной сітуацыі, варта захоўваць у іншай.
05.01.2023 / 23:22
Прэзідыум Каардынацыйнай рады ў жніўні 2020 года, калі яна сапраўды была патрэбная. Злева направа — Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак, Сяргей Дылеўскі. Латушка, Кавалькова і Дылеўскі цяпер у эміграцыі, Калеснікава і Знак — палітзняволеныя. Фота: Tut.by
Каардынацыйная рада стваралася ў жніўні 2020 года з мэтай арганізацыі кіраўнічага цэнтра пратэстамі ўнутры краіны. І рабілася гэта не проста так. Тады ў такім органе, прынамсі, у такім выглядзе, як ён задумваўся, сапраўды была рэальная практычная патрэба.
Святлана Ціханоўская тады ўжо была за мяжой, а ўнутры краіны яшчэ знаходзіўся шэраг яркіх асоб з лідарскімі задаткамі і амбіцыямі, аднак з незразумелымі паўнамоцтвамі. Калі б, напрыклад, у Беларусі пачаўся раскол эліт і нейкія чыноўнікі ці сілавікі захацелі б перайсці на бок апазіцыі, то незразумела было б, да каго ім звяртацца і з кім размаўляць. Вось гэта функцыя, прадстаўніцтва і кіраўніцтва працэсамі на месцы, акурат і ўскладвалася на Каардынацыйную раду (дакладней, на яе прэзідыум). Таму стварэнне яе ў тых умовах было цалкам лагічнае і натуральнае.
І сэнс у гэтым органе заставаўся да таго часу, пакуль у Беларусі ішла актыўная фаза пратэстаў і заставалася хоць нейкая надзея на хуткую змену ўлады.
Пасля таго ж, як частка кіраўнікоў Каардынацыйнай рады трапіла ў турмы, а другая частка была выціснутая за мяжу, а неўзабаве і ўвогуле ўсё арганізаванае апазіцыйнае рэжыму Лукашэнкі палітычнае жыццё канчаткова перамясцілася за межы краіны, практычная патрэба ў існаванні Каардынацыйнай рады амаль знікла.
Распускаць яе афіцыйна, аднак, не сталі. Нейкі час у рамках Каардынацыйнай рады спрабавалі ствараць нейкія падставовыя дакументы для Новай Беларусі, але пасля таго, як іх збольшага стварылі, абмеркавалі і забыліся, гэтая частка дзейнасці таксама сышла на нішто. І Каардынацыйная рада канчаткова пагрузілася ў стан анабіёзу.
Цяпер яе адраджаюць і спрабуюць напоўніць новым зместам, што называецца рэфармаваннем. Працэс быў запушчаны на жнівеньскай канферэнцыі «Новай Беларусі» і ідзе дагэтуль. Як ідзе — расказаў, напрыклад, учора сябра прадстаўнічай працоўнай групы па рэформе Каардынацыйнай рады Валер Мацкевіч падчас эфіру на «Еўрарадыё».
«Мы прайшлі 80% шляху рэформы. У нас ужо ёсць адабраныя кандыдаты. На сёння ўжо пяцьдзясят грамадскіх ініцытыў і арганізацый атрымалі адказы, ліст з пазітыўным вынікам. Безумоўна, да гэтага быў шэраг кансультацый. Былі розныя працэсы адносна вылучэння кандыдатаў».
«Нам давялося сапраўды яшчэ папрацаваць над тым, каб зразумець, хто адправядае першасным крытэрыям».
«Каардынацыйная рада прэтэндуе на прадстаўнічасць, быць прадстаўнічым органам дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці. Нам было важна не ўпісацца ў дэдлайны, а каб якасць кандыдатаў была адпаведнай. Каб арганізацыі, якія пройдуць у Каардынацыйную раду, былі задаволеныя складам, хто сядзіць справа і злева ад іх».
«Калі мы кажам пра беларускі народ, […] найперш пра беларусаў у Беларусі, бо гэта найбольш вострае сэнсітыўнае пытанне, то 99% каментароў, якія мы атрымліваем з Беларусі: «Калі ласка, зрабіце працоўны орган, будзьце еднымі, выпрацуйце працоўныя механізмы і інструменты, каб вярнуцца ў Беларусь і быць абранымі ў беларускі парламент і ўрад».
«Каардынацыйнай радзе трэба найперш скончыць працэс рэфармавання, каб стаць прадстаўнічым органам дэмакратычных сілаў, каб фармаваць павестку дэмсілаў».
Усе гэтыя фармулёўкі, як бачна, вельмі размытыя і агульныя, і
з іх не надта зразумела галоўнае — навошта гэты орган у цяперашніх умовах, чаму важна, каб менавіта ён «фармаваў павестку дэмсілаў». Гэтага я асабіста пакуль што для сябе так і не магу ўцяміць.
Больш за тое — ад таго, як Каардынацыйную раду спрабуюць нейкім чынам штучна ажывіць, навявае не вельмі прыемныя асацыяцыі ды паралелі.
Цяперашняя валтузня з Каардынацыйнай радай у дэмакратычных сілаў — штосьці накшталт валтузні з Усебеларускім народным сходам у сілаў недэмакратычных. І адно і другое не ўпісваецца ў сістэму, але і адно і другое трэба неяк у яе ўпісаць. Хоць рэальна і тое, і другое непатрэбнае. Вось і займаюцца слаўнай эквілібрыстыкай што адныя, што другія. І нават рыторыка падобная. Як тлумачыў адзін дэпутат на сустрэчы з выбаршчыкамі, чым адрозніваецца УНС ад Нацыянальнага сходу і навошта ён патрэбны:
«Основная отличительная особенность Национального собрания — наличие законодательной власти. Зона ответственности Национального собрания — подготовка и принятие законов, которые сейчас являются основным нормативным регулятором общественных отношений. ВНС — субъект права законодательной инициативы, то есть может инициировать принятие тех или иных законов путем обращения в Палату представителей. Они расходятся по правовому статусу. Кроме того, Всебелорусское народное собрание будет реализовывать полномочия по стратегическому направлению общественно-политического и социально-экономического развития нашей страны».
Лукашэнкаўскі рэжым, хоць і ўнёс дзеля нейкіх мэтаў, у іншай палітычнай сітуацыі Усебеларускі народны сход нават у зменены варыянт Канстытуцыі, не ведае цяпер, што з ім рабіць. Каго ні запытаюць з чыноўнікаў — будзе тлумачыць прыблізна гэтак жа сама, як і цытаваны дэпутат. Бо ў прынцыпе дасягаць мэты ўтрымання ўлады і задушэння ўнутраных палітычных апанентаў цалкам дазваляе і цяперашняя сістэма, якую УНС можа хіба толькі разбалансаваць. А знешнім чыннікам на УНС пляваць, ніхто на ягоную «волю», калі што, аглядацца не будзе — як той казаў, і каню зразумела, што гэта бутафорыя.
Вось і з Каардынацыйнай радай ужо на іншым баку барыкад такое ж мучэнне. Выглядае як нейкі чамадан без ручкі, які і несці цяжка, і кінуць чамусьці шкада.
І таму з'яўляюцца ідэі, што вось, маўляў, гэта ў нас будзе такі «протапарламент», у якім будуць абмяркоўвацца нейкія пытанні, прымацца рашэнні, і пасля гэты вопыт прыдасца ў новай Беларусі. І ўвогуле такім чынам нібыта робіцца нейкае аб'яднанне расцярушаных сілаў і адпаведна дасягаецца большая эфектыўнасць іхніх намаганняў.
Насамрэч жа пры цяперашняй сітуацыі, калі магчымасці апазіцыйнай беларускай палітыкі, у адрозненне ад 2020 года, рэальна абмежаваныя толькі дастаткова вузкай сферай, якой ёсць міжнародныя дачыненні, аб'ектыўнай патрэбы ў разгалінаваных шматступенных палітычных структурах проста няма.
Нават адносна мэтазгоднасці існавання створанага пяць месяцаў таму Аб'яднанага пераходнага кабінета былі і ёсць сумневы. Нядаўна апублікаваныя справаздачы засведчылі, што дасягненні па пэўных пазіцыях у яго можа і ёсць, перадусім у сферы ўтрымання беларускага парадку дня на сусветнай арэне. Але для іх наўрад ці варта было ствараць цэлы Кабінет, хапіла б, як і раней, Офіса Ціханоўскай. Ад пачатку, як памятаецца, пытанне так і ставілася — што дзеячы, аб'яднаныя ў Кабінет, могуць рабіць лепш (ці ўвогуле могуць рабіць), чым яны ж без Кабінета? Адназначнага адказу на яго пакуль што, здаецца, няма.
Зрэшты, што там хаваць — стварэнне Кабінета ў жніўні было яўна прадыктавана перадусім спробамі пазбегнуць хоць часова адкрытага расколу дэмакратычных сілаў, які ўжо яскрава пазначаўся. Незадаволеным «цяжкавагавікам» далі пасады ў Кабінеце і тым самым часткова задаволілі іх амбіцыі. Прынамсі, на нейкі час. Магчыма, гэта было і варта таго.
Але амбіцыйных людзей у дэмакратычным руху нашмат больш, і ў Кабінеце для ўсіх пасад не напасешся. Таму і зберагаюцца структуры з гучнымі назвамі, але незразумелымі функцыямі і паўнамоцтвамі. Якім аб'ектыўна не знаходзіцца месца ў сучаснай раскладцы, у найлепшым выпадку яны будуць нешта дубляваць, а ў выніку толькі блытацца пад нагамі ў структур, якія сапраўды нешта робяць.
Столькі беларускіх палітыкаў у эміграцыі сённяшняя сітуацыя банальна не вымагае, таму тым, хто нешта хоча і можа для будучай Беларусі рабіць, лепш скіраваць свае намаганні ў грамадскую, культурную, медыйную, навуковую і іншыя сферы, дзе працы — непачаты край. Тым больш што практыка паказвае, што жывыя і дзейныя ініцыятывы добра паміж сабой каардынуюцца і без мёртванароджаных пабудоў над імі.
Таму насамрэч для дэмакратычных сілаў адзіна правільнае цяпер рашэнне — Каардынацыйную раду распусціць ды не мучацца. Калі, вядома, у галаве думка пра эфектыўнасць, а не штосьці іншае. А калі сітуацыя зменіцца і адкрыюцца больш шырокія магчымасці для большай беларускай палітычнай суб'ектнасці — то ўсё сапраўды неабходнае створыцца наноў натуральным, а не штучна-вымучаным шляхам.