П'яце зашмат чаю? Тлумачым, як гэта можа вам нашкодзіць

Чай — адзін з самых папулярных напояў у свеце. Але аказваецца, з чаем можна перабраць! Вось, што адбываецца з вашым арганізмам, калі вы п'яце занадта шмат.

30.08.2022 / 19:41

Фота: wikimedia.org

Ці карысны чай для здароўя?

Чай вельмі папулярны ў нашай культуры. На працягу стагоддзяў ён паспяхова выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне і ў якасці прафілактычнага сродку. Навукоўцы імкнуцца вывучыць яго ўласцівасці і пацвердзіць тое, што ён карысны, а ягоныя экстракты можна прымяняць у медыцыне, піша Onet.

Раслінныя злучэнні ў чаі могуць іграць ролю ў зніжэнні рызыкі хранічных захворванняў, такіх як рак, атлусценне, дыябет і хваробы сэрца. Але, падобна, варта ўжываць яго ўмерана.

На думку экспертаў, умеранае спажыванне — гэта калі вы п'яце не больш за 3-4 кубкі за дзень, але некаторыя людзі могуць адчуваць пабочныя эфекты нават калі спажываюць меней.

Дык чым шкодна піць шмат чаю?

1. Зніжае засваенне жалеза

Дубільныя рэчывы ў чаі могуць звязвацца з жалезам расліннага паходжання і негатыўна ўплываць на яго ўсмоктыванне ў страўнікавым тракце. Калі ў вас нізкі ўзровень жалеза, піце чай паміж прыёмамі ежы і абмяжуйце яго штодзённае спажыванне.

2. Можа выклікаць хваляванне і стрэс

Тут як і з кавай — занадта вялікая колькасць чаю можа выклікаць пачуццё трывогі і ўнутранага дыскамфорту або нервовасці. Калі вы заўважылі гэтыя сімптомы, скараціце спажыванне напояў з кафеінам або паспрабуйце замяніць класічны чай гарбатамі без кафеіну.

3. Можа выклікаць млоснасць

Таніны, якія змяшчаюцца ў чаі, могуць раздражняць тканіны страўнікава-кішачнага тракту ў адчувальных людзей, выклікаючы такія сімптомы, як млоснасць ці боль у жываце.

4. Пагаршае якасць сну

Празмернае спажыванне кафеіну можа знізіць выпрацоўку мелатаніну і прывесці да пагаршэння якасці або парушэння сну.

5. Можа выклікаць пякотку

Кафеін можа выклікаць пякотку або пагоршыць сімптомы страўнікавага рэфлюксу. Кафеін валодае здольнасцю расслабляць ніжні страваводны сфінктар і павялічваць выпрацоўку кіслаты ў страўніку.

6. Можа выклікаць ўскладненні падчас цяжарнасці

Празмернае ўздзеянне кафеіну з чаю падчас цяжарнасці можа спрыяць узнікненню выкідышаў або нізкай вагі дзіцяці пры нараджэнні. Травяныя гарбаты таксама варта выкарыстоўваць з асцярожнасцю, і лепш за ўсё перад іх ужываннем пракансультавацца з лекарам. Некаторыя травы могуць нават выклікаць заўчасныя роды.

7. Выклікае галаўныя болі

Рэгулярнае спажыванне празмернай колькасці кафеіну, у тым ліку з чаю, можа спрыяць узнікненню хранічных галаўных боляў.

8. Можа выклікаць залежнасць

Нават калі вы п'яце каву пастаянна, то можаце атрымаць кафеінавую залежнасць. А адмова ад чаю можа выклікаць сімптомы абстыненцыі, такія як стомленасць, раздражняльнасць і галаўныя болі.

9. Можа выклікаць галавакружэнне

Вялікія дозы кафеіну могуць выклікаць галавакружэнне. Хоць гэты сімптом сустракаецца рэдка, ён узнікае, калі чалавек ужывае 6-15 кубкаў чаю ў дзень.

Калі вы адчуваеце якія-небудзь пабочныя эфекты ад ужывання чаю, паспрабуйце абмежаваць яго колькасць. Некаторыя людзі больш адчувальныя да ўздзеяння гэтага напою, а памяншэння колькасці выпітага чаю можа быць дастаткова, каб сімптомы зніклі.

Чытайце яшчэ:

Ці можна піць каву на пусты страўнік?

Штодзень выпівайце на галодны страўнік шклянку гарачай вады

Доктар не мыўся з мылам пяць гадоў — вынікі яго ўразілі

Nashaniva.com