«Гёбельс таксама рабіў стаўку на гвалт». Чаму лукашэнкаўцы з такой асалодай грамяць кватэры беларусаў?

Ператрусы ў Беларусі перасталі быць цывілізаванымі. Пасля сябе некаторыя — не ўсе — сілавікі пакідаюць зламаную мэблю і дзверы, разбітае шкло і люстэркі, загаджаны ўнітаз. Чаму супрацоўнікі органаў ідуць на такія метады ўздзеяння, ці ёсць гістарычныя прэцэдэнты такіх пагромаў? Задалі гэтыя і іншыя пытанні гісторыку Аляксандру Фрыдману.

02.06.2022 / 08:58

Пагромы кватэр заўважных беларусаў набылі сістэмны характар.

У 2021 годзе сілавікі прыйшлі ў кватэру экс-вядучай БТ Кацярыны Пытлевай, якая цяпер з’яўляецца праграмным дырэктарам «Маланка Медыя». У выніку «вобшуку» там зламалі дзверы (прычым не толькі ўваходныя, але і ў спальню, хоць замкоў у пакой не было), парэзалі калонкі, гітару, вясельныя фатаграфіі, малатком разбілі фігуркі вожыкаў з калекцыі, растрыбушылі калекцыю вінілу і парассыпалі крупы і муку.

Кватэра Кацярыны Пытлевай пасля «ператрусу»

Пры гэтым у адну і тую ж кватэру прыходзілі два разы.

«Такая вось яна — помста рэжыму», — каментавала вядучая. 

Некалькі разоў прыходзілі і да палітыка Вадзіма Пракоп’ева

Не паспеў Вадзім зрабіць рамонт пасля прыходу да яго ў жніўні 2021-га КДБ, як у маі ў кватэры на Мельнікайце ў Мінску пабілі шыбы, загадзілі ўнітаз, разламалі мэблю, адарвалі выцяжку. І гэта толькі частка наступстваў ператрусу без правілаў. 

Кватэра Вадзіма Пракоп'ева пасля «ператрусу»

Пры гэтым вынікі сваёй працы сілавікі знялі на відэа, цынічна назваўшы яго «Кватэрнае пытанне». Пад музыку з вядомага шоу на НТВ у відэа дэманструюцца фотаздымкі акуратнай кватэры да прыходу пагромшчыкаў і яе жаласны выгляд пасля. 

У такім жа стылі ГУБАЗіК адсправаздачыўся пра разнос жытла маці актывісткі, рэдактаркі «Карнікаў Беларусі» і вядучай ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч.

На момант прыходу сілавікоў у доме нікога не было — дзверы ўзламалі і апячаталі. Але да гэтага ўскрылі падлогу, парвалі фотаздымкі з выявамі дзяўчыны. Падчас свайго першаага візіту сілавікі засыпалі падлогу напаўняльнікам для кацінага туалета і зламалі мэблю. Усё гэта міліцыянеры назвалі «бясплатнай перастаноўкай».

Кватэра маці Яніны Сазановіч пасля «ператрусу»

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» дзяўчына казала, што пагромы ні яе, ні маці, якой належыць кватэра, не пужаюць: «Пасля гэтага ў мяне яшчэ больш жадання працаваць інтэнсіўна: яны сваімі паводзінамі надалі мне моцы. Так што, дзякуй, ГУБАЗіК!»

Помсцяць сілавікі такімі метадамі і сваім. Так, перад яго адпраўленнем на суткі, а пазней і ў калонію на чатыры гады, супрацоўнікі органаў разнеслі кватэру былому калегу — экс-пракурору Яўгену Бабаку

Кватэра Яўгена Бабака пасля «ператрусу»

У кватэры, дзе жыў Яўген, сапсавалі ўваходныя дзверы, разбілі люстэрка і паўскрывалі плінтусы. Фіранкі сарвалі, крупы рассыпалі па падлозе. 

Знішчэнне прадуктаў звяртае на сябе асобную ўвагу. У беларусаў рассыпаць, выкідаць прыдатныя да ўжывання прадукты заўсёды лічылася асаблівым грахом, непавагай да цяжкай працы людзей, якія іх вырошчвалі.

Адзін з апошніх гучных візітаў быў да людзей, звязаных з блогерствам і творчасцю, — Андрэя Павука і Маргарыты Ляўчук. На фотаздымках зробленых пасля знаходжання сілавікоў у кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у райцэнтры Акцябрскі на Гомельшчыне, бачныя зламаная мэбля, тэхніка, вялікая дзірка ў міжпакаёвых дзвярах. Там нібыта пранёсся ўраган, а не прайшоў вобшук.

Кватэра Андрэя і Вольгі Павукоў пасля «ператрусу»

Помста опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук, вядомай таксама сваёй вострай палітычнай сатырай, якую яна стварае ў дуэце з Павуком, была іншай: затрымалі бацькоў артысткі. У выніку іх асудзілі на $4000 штрафу нібыта за «непадпарадкаванне».

«Мэсэдж: мы можам зрабіць з вамі ўсё, што хочам»

Гэта толькі частка выпадкаў, калі супрацоўнікі міліцыі перавышалі паўнамоцтвы, парушаючы нават базавыя правілы парадку правядзення ператрусу і вымання. І яны складваюцца ў тэндэнцыю, робяцца ў Беларусі, у якой «не да законаў», завядзёнкай. Ці ёсць тут гістарычныя паралелі? Папрасілі прааналізаваць Аляксандра Фрыдмана.

Ён не ўпэўнены, што пагромы маюць гістарычную падаплёку, бо для гэтага сілавікам трэба цікавіцца гісторыяй.

«Каб браць кагосьці з мінуўшчыны за прыклад, натхняцца і захапляцца, трэба цікавіцца гісторыяй і разбірацца ў ёй. Наўрад ці гэта той выпадак.

Хутчэй за ўсё, такім чынам адбываецца помста канкрэтным асобам, якія «насалілі» супрацоўнікам ГУБАЗіКа ці людзям, якія знаходзяцца вышэй. Грае ролю асабісты чыннік: крыўда за нейкае выказванне на блогера Павука ці Маргарыту Ляўчук, вядучую Кацярыну Пытлеву і іншых».

Калі казаць пра рэпрэсіі, якія ладзіў НКВД, то ўсе маёмасныя аперацыі чыніліся дзеля эканамічных выгад: у пакой ці кватэру рэпрэсаванага супрацоўнік пасля мог засяліцца, карыстацца яго рэчамі. На гэтым этапе пагромы кватэр у Беларусі ладзяцца дзеля дадатковага псіхалагічнага ціску, упэўнены наш суразмоўца: каб прадэманстраваць: мы ведаем, хто ты, дзе ты, хто твае сваякі, і мы пра цябе не забылі.

«Чаму ўлада ідзе на такі дэманстратыўны крок? Яна дасылае мэсэдж: мы моцныя, мы асаблівыя, мы гаспадары жыцця, мы можам зрабіць з вамі ўсё, што хочам. Для нас няма межаў, вы павінны гэта ведаць, вы павінны з гэтым жыць.

Гэта мадэль паводзінаў, якую можна сустрэць у розных дыктатурах — ад нацысцкай Германіі да паліцэйскіх дыктатур Лацінскай Амерыкі.

Паглядзім на лістападаўскія антысеміцкія пагромы ў Германіі ў 1938 годзе. У нацысцкім кіраўніцтве існавалі розныя падыходы: Герман Герынг, напрыклад, лічыў, што лепш рабаваць маёмасць, чым знішчаць яе. А вось Ëзэф Гёбельс рабіў стаўку менавіта на гвалт: ён лічыў, што такімі радыкальнымі акцыямі яны паказваюць сваю поўную рашучасць, і што іх нічога не спыніць».

«Канфіскацыя маёмасці ў «ворагаў» для такога рэпрэсіўнага і нестабільнага рэжыму — гэта абсалютна імаверны этап»

Гісторык не выключае, што хутка справа дойдзе і да эканамічных выгад у такіх акцыях. Тым больш, гаворка пра завочныя суды і канфіскацыю маёмасці ў тых, хто нібыта «нанёс шкоду дзяржаве», ідзе даўно.

«Рэжым Лукашэнкі абапіраецца на рэпрэсіўны апарат, і яго нейкім чынам трэба падтрымліваць. Заахвочваць не толькі ідэалагічна, але і матэрыяльна. І магчымасць атрымаць маёмасць, грошы, адабраўшы іх у «ворагаў», — гэта вельмі прывабная рэч.

Плюс трэба не забывацца пра эканамічны стан у краіне. Лукашэнка на сёння дакладна зразумеў, што кожная капейка мае сэнс. Вось ён, напрыклад, зарабляе грошы на жыхарах Прыбалтыкі, якія прыязджаюць на запраўкі. У глабальным сэнсе гэта не залатыя горы, але ўсё ж нейкая капейка. Канфіскацыя маёмасці ў «ворагаў» для такога рэпрэсіўнага і нестабільнага рэжыму — гэта абсалютна імаверны этап».

У той жа момант саміх пагромшчыкаў на запалохванне такімі бруднымі і незаконнымі метадамі таксама штурхае страх, лічыць суразмоўца:

«З 2020 года [супрацоўнікі палітычнай паліцыі] адчулі для сябе рэальную пагрозу, інтуітыўна яны разумеюць, што іх будучыня пасля парушэння законаў магчымая толькі ў лукашэнкаўскай сістэме каардынат. Яны ў гэтай сістэме і працуюць, ідучы на ўсё новыя парушэнні. Умоўна кажучы, мы з вамі не бачым, хто канкрэтна граміў кватэры, не ведаем усіх імёнаў, а ўнутры сістэмы гэта, магчыма, фіксуецца. Яны ведаюць, хто чыю кватэру граміў, і вось гэты чалавек ужо пад новым ціскам і грузам».

«Пагромы і злачынствы адразу фіксуюцца і дакапацца да праўды нам будзе лягчэй»

А ці панеслі пакаранне тыя ж нацысты менавіта за эканамічныя злачынствы з пагромамі і рабаваннем?

«Так, нацысцкая дыктатура — самая даследаваная. І калі мы паглядзім на нямецкі кейс, там працэсы пакарання пасля вайны пачаліся, але вось што трэба разумець — злачынствы штурмавікоў на агульным фоне выглядалі «шараговымі», як бы гэта ні гучала. Да іх папросту хутка не дайшлі.

Але імёны штурмавікоў і партыйных фунцыянераў усплываюць і па сёння. І гісторыкі, якія вывучаюць эпоху нацызму на лакальным, мікраўзроўні (нацысцкі перыяд у нейкім маленькім горадзе ці вёсцы), сутыкаюцца з праблемамі і скандаламі, звязанымі з родзічамі гэтых злачынцаў, што аддавалі загады на пагромы, рабаванне сінагог ці габрэйскіх дамоў у канкрэтнай мясцовасці. Сваякі часам не хочуць, каб гэта апублічвалася, імкнуцца прадухіліць публікацыі пра іх продкаў юрыдычным шляхам праз «адсутнасць дастатковай колькасці доказаў».

Атрымліваецца такое запозненае пакаранне не для саміх злачынцаў, а фактычна для іх родных.

Але трэба разумець, што гэта была іншая эпоха — мы жывём у іншым, паскораным часе. Цяпер усе пагромы і злачынствы адразу фіксуюцца і дакапацца да праўды нам будзе нашмат лягчэй і хутчэй», — каментуе Аляксандр Фрыдман.

Чытайце таксама:

Як беларусаў катуюць на Акрэсціна — сведчанні зняволеных, экс-супрацоўніка ІЧУ, развагі гісторыка ў фільме «НН»

Гісторык: Тое, што многія людзі працягваюць жыць звычайным жыццём, не азначае, што мы не ўступілі ў Трэцюю сусветную вайну

Nashaniva.com