Чым цяпер займаецца і пра што думае былая кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч?

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч званок «Нашай Нівы» застаў у дарозе. Таццяна ездзіла на адукацыйную праграму, якая тычыцца ментарства. «Часам прымяраю на сябе строй з’ехаўшага чалавека, але вельмі хачу застацца ў краіне», — кажа яна. Паразмаўлялі з Караткевіч пра тое, чым яна зараз займаецца, пра камунікацыю з уладамі і сітуацыю ў краіне.

11.06.2022 / 16:35

 

Фота: сацыяльныя сеткі 

«Працую ў сацыяльным праекце, які дапамагае дзяцям з інваліднасцю»

«НН»: Ці не было ў вас думак з’ехаць з краіны? 

Таццяна Караткевіч: Я не стаю перад такім пытаннем. Часам прымяраю на сябе строй з’ехаўшага чалавека, але вельмі хачу застацца ў краіне. Буду тут да апошняй магчымасці. 

«НН»: «Гавары праўду» ліквідавалі. Чым вы займаецеся цяпер?

ТК: Зараз сябры і актывісты арганізацыі існуюць як розныя ініцыятыўныя групы. Яны даюць магчымасць мабілізавацца вакол штодзённых тэмаў, трымацца разам. Пакуль няма ўмоваў рэгістравацца, ісці наперад, але спадзяюся, што прыйдзе час, калі нарэшце ініцыятыўныя групы змогуць атрымаць афiцыйны статус і займацца палітыкай у лепшых умовах.

«Гавары праўду» цяпер аргкамітэт па стварэнні грамадскай арганізацыі «Робім разам». Аргкамітэт падтрымлівае еднасць грамадзянскіх актывістаў. Зараз існуе «Захаваем Нашу Даліну», аргкамітэт «Нашай партыі», якой займаецца Андрэй Дзмітрыеў. Час ад часу я падтрымліваю сваім удзелам тых, хто хоча штосьці новае распачаць, дзялюся досведам. Яшчэ мы з суседзямі заснавалі інклюзіўную футбольную каманду «Super коцікі», нам ужо год. Мой нумар 25, сябра каманды. 

«НН»: Дзе вы зараз працуеце?

ТК: У сацыяльным праекце, які дапамагае дзяцям з інваліднасцю, сіротам рэалізаваць іх права на якаснае жыццё з дапамогай альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі.

Фота: сацыяльныя сеткі

«НН»: Ці пераследуюць крымінальна кагосьці з сяброў арганізацыі?

ТК: Няма такіх актывістаў, якіх не тычыцца пераслед, які цягнецца амаль два гады. Таццяна Ласіца, сябра «Гавары праўду», зараз у Гомельскай калоніі, пэўная колькасць людзей пабыла сутках, на допытах, кагосьці звольнілі з працы, з вучобы. Дапамагаем як усе: лістамі, пасылкамі, грашыма, падтрымкай сваякоў. Для дзяцей аднаго з актывістаў я супер Снягурка. Для мяне важна каб тэма несправядлівасці і пераследу за альтэрнатыўную пазіцыю заставалася ў фокусе. Пакуль ёсць палітвязні, уся краіна за кратамі.

«НН»: Многія дагэтуль прыгадваюць, што вы паціснулі руку Лукашэнкі, калі сустрэліся на выбарчым участку ў 2019-м…

ТК: Гэта звычайны пратакол. Павінна быць нейкае вітанне, пачатак размовы. Тым больш я прадстаўляла тую частку людзей, якія стаялі на платформе мірных пераменаў. 

«Кожны выбірае сам, як паказаць пазіцыю больш бяспечна»

«НН»: Дзе вас заспела вайна?

ТК: У гэты час, калі ўсё пачалося, я была ў Мінску. Нягледзячы на тое, што шмат хто прагназаваў гэтую вайну, для мяне, безумоўна, яна стала шокам. Па фактах разумееш, што напад можа быць, але псіхалагічна, маральна не верыш, што такое магчыма. Я думаю, што прыкладна ў такім стане знаходзілася большая частка людзей у свеце. 

Першыя думкі ў мяне былі пра знаёмых ва Украіне і Расіі, а таксама пра тое, якое месца тут зойме Беларусь.

«НН»: Як па-вашаму, ці беларусы адчуваюць калектыўную віну? 

ТК: Так. Але я трымаю ў галаве, што ёсць беларусы, якія не маўчалі, але яны не мелі нейкай іншай магчымасці, каб паўплываць на гэта загадзя. А з іншага боку, я бачу, як беларусы, адчуваючы гэтую віну, шукаюць, якім чынам можна яе «адпрацаваць». Гэта не тая віна, якую можна праглынуць. Беларусы навучыліся быць эмацыянальна дарослымі, таму што яны адказныя. 

Фота: сацыяльныя сеткі

«НН»: Вы пісалі ліст у Міністэрства абароны і ў Савет Міністраў, у якім патрабавалі забяспечыць выкананне Канстытуцыі і вывесці расійскія войскі з Беларусі. Прыйшоў адказ?

ТК: Гэта было літаральна перад рэферэндумам. Было вострае адчуванне, што мы ўсе павінны нешта зрабіць. Таму я вырашыла скласці такі ліст. Патрабавала адкрытасці ў такой сітуацыі, дадатковай інфармацыі і таго, каб гэтыя вучэнні скончыліся раней. І, безумоўна, каб нашы ваенныя не ўдзельнічалі ў вайне. У лісце да Саўміна прасіла стварыць магчымасці для з’яўлення гуманітарных калідораў, каб Беларусь магла дапамагаць украінцам. Асабіста да мяне шмат хто звяртаўся з гэтым пытаннем. Калі ты не можаш паўплываць на нейкія глабальныя падзеі, то людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй шукаюць выйсце такім чынам. 

Адказалі на мой ліст вельмі хутка. Гэта азначала, з аднаго боку, што гэта важна. З другога, тое, што там было напісана, даволі фармальна. Але нейкі дыялог у нас адбыўся.  

«НН»: Вы лічыце такую «камунікацыю» з уладамі эфектыўнай?

ТК: Добрае пытанне. Атрымліваецца, што ваду ў ступе таўчэш.

Мы, хто жыве ў Беларусі, адказныя на сваім узроўні за тое, што адбываецца ў ёй. Немагчыма маўчаць і нічога не рабіць. Зыходзячы з сённяшняй сітуацыі, здаецца, што ўсё нерэальна.

Але калі я азіраюся на свой досвед грамадзянска-палітычнай актыўнасці, то нейкія рэчы, напрыклад, як дыялог, мірныя перамены і тады крытыкавалі моцна. А ўсё роўна прыйшлі да таго, што, калі мы гэтага хочам, нам трэба ўзаемадзейнічаць і ўключацца ў любую камунікацыю, якая дапаможа зрабіць перамены. 

«НН»: Калі шчыра, да якога дыялогу гатовая ўлада, калі ў нас больш за тысячу палітвязняў і арышты працягваюцца?

ТК: Грамадзянская і палітычная супольнасці таксама да яго не гатовыя. Альтэрнатыва павінна быць прадстаўлена на ўсіх узроўнях камунікаціі грамадзян і ўлады. Тады будзе дыялог. Акрамя гэтага, неабходныя і ўмовы для яго, якія дазваляюць быць адкрытымі, але адказнымі, крытычнымі і адначасова паважлівымі, смелымі і на свабодзе. 

Я сабе не ўяўляла, што магу нешта рабіць, таму што разумела: гэта ўлада — сцяна, але пачуццё годнасці і адказнасці дапамагае быць смелым.

Мы сёння не маем ніводнага міністра, чыноўніка, уплывовага чалавека, які б афіцыйна, публічна прадстаўляў бы Беларусь і які мог праводзіць сваю палітыку незалежна ад дзяржаўнай. Яны такія сваеасаблівыя помнікі, камунікацыя з імі адпаведная. Але гэта не азначае, што да іх не варта стукацца. 

Я 24 лютага была на бальнічным, на наступны дзень пайшла ў паліклініку. Насупраць мяне там сядзела дзяўчынка, апранутая ў колеры ўкраінскага сцяга. Гэта было вельмі нечакана. Для мяне гэта быў знак, што ўсё ж шмат беларусаў атрымалі пазітыўны досвед праяўлення сваёй грамадзянскай пазіцыі за гэты час. У любым выпадку выказаная ўслых пазіцыя дапамагае камунікаваць са светам і адстойваць свае каштоўнасці. 

«НН»: Але ж як паказваць пазіцыю, калі за яе садзяць на суткі? 

ТК: Кожны выбірае сам, што для яго будзе больш бяспечным. Напрыклад, можна персанальна дапамагаць нейкай украінскай сям’і ці беларускай. Не трэба забываць, што ў нас свая сітуацыя ніяк не змянілася. Я кажу не толькі пра вайну, але ўвогуле пра барацьбу за перамены. Калі сітуацыя пагаршаецца, выберыце свой шлях і справу, якую вы можаце рабіць. 

Перад беларусам зараз дзве задачы: захавацца і выстаяць. Няма сёння дзеяння, якое было б неважным. Хтосьці піша лісты, дасылае пасылкі, падтрымлівае сваякоў людзей сталым тэлефанаваннем, стварае петыцыі ці вырашаецца яе падпісаць. Мы павінны падтрымліваць адно аднаго ў любых дзеяннях. 

Адзінае, што мяне сёння насцярожвае і прымушае задумацца, — што ўсё ж такі ёсць негатыўны ўплыў дзяржаўнай прапаганды. Ёсць беларусы, якія вяртаюцца да статуса кво. Яны нічога не кажуць, ніяк сябе не праяўляюць, баяцца. Менавіта з гэтай часткай беларусаў заўсёды цяжка ўзаемадзейнічаць. Гэты факт збянтэжвае. 

«НН»: Вы нядаўна сустракаліся з паслом Украіны Ігарам Кізімам. Пра што гаварылі?

Фота: сацыяльныя сеткі 

ТК: Ён прадстаўнік Украіны, яго задача ў прынцыпе ўзаемадзейнічаць і падтрымліваць кантакты. Гэта была менавіта такая сустрэча. Абмеркавалі агульныя рэчы. 

Сам па сабе ён вельмі цікавая персона, яркая. Запэўніў мяне, што ён будзе трымацца і падтрымліваць адносіны, пакуль гэта магчыма. На мой погляд, гэта вельмі добры сігнал, у нас ёсць шанец захаваць нармальныя стасункі з Украінай.

«На пахаванне Шушкевіча не змагла пайсці, таму што была за мяжой»

«НН»: У сваім двары вы пасадзілі вярбу імя Шушкевіча. Чаму вярбу?

ТК: Гэта маё любімае дрэва. На пахаванне не змагла пайсці, таму што была за мяжой. Чалавек ён для мяне вельмі дарагі. 

Увогуле рашэнне з дрэвам было спантаннае. Зараз з’явілася бачэнне, што тое, што ты зрабіў сёння, можа прынесці нейкія плады ў будучыні. Уявіла, што з часам іва вырасце і стане яшчэ адной магчымасцю расказаць унукам, суседзям пра Станіслава Шушкевіча. 

«НН»: Якія ўспаміны асабіста ў вас засталіся аб ім?

ТК: Мы ведалі адно аднаго вельмі даўно. Яшчэ пачынаючы з 2000 года. Пазнаёміліся тады і разам пачалі працаваць над ідэяй стварыць адзіную сацыял-дэмакратычную партыю. У нас у выніку шмат што атрымалася. Удалося аб’яднаць чатыры партыі: частку сацыял-дэмакратаў, якая сышла ад Мікалая Статкевіча, партыю Шушкевіча, партыю «Надзея», партыю «Працы і справядлівасці», якой кіраваў Аляксандр Бухвостаў. Гэта было няпроста. З таго моманту я з вялікай павагай да яго стаўлюся, бо ён праявіў сябе як чалавек, які здольны на моцныя паступкі дзеля адной мэты. З тых часоў мы бачыліся на нейкіх канферэнцыях, дэбатах. Захоўваліся вельмі цёплыя стасункі. 

Для мяне ён вельмі інтэлектуальны, з пачуццём гумару, пазітыўны, харызматычны, даволі яскравы і непаўторны чалавек. Са Станіславам Шушкевічам нам, беларусам, адназначна пашанцавала.

Мабыць, былі, канешне, і ў яго памылкі. Але я гляджу на гэта і разумею, што нам не трэба кляйміць палітыкаў, а варта рабіць высновы і з павагай ставіцца да таго, што было.

«НН»: Вы разышліся з мужам у 2017-м. Дагэтуль адна?

ТК: Так.

«Перамены больш рэальныя, калі выспяваюць унутры краіны»

«НН»: Вы бачыце, што можна зрабіць, каб уратаваць краіну? Сыходзячы з тых умоў, якія мы маем?

ТК: Калі ты застаешся ўнутры краіны, першае — салідарнасць, узаемападтрымка. З гэтага пачынаецца грамадства. 

Трэба не маўчаць. Памятаць, што беларусы моцныя. Таксама звяртаць увагу на любыя пытанні ад эканамічных да экалагічных.

Тым больш мы за гэты час зразумелі, што беларусы могуць і пісаць звароты, і рабіць прапановы, і аб’ядноўвацца. На лакальным палітычным узроўні гэта магчыма. На нацыяныльным, канешне, складана, бо тут манаполія і адсутнасць цалкам дыялогу.

Тыя лідары, якія ёсць сёння, павінны прадстаўляць альтэрнатыўную пазіцыю настолькі, наколькі гэта магчыма. Варта яшчэ сказаць пра беларусаў, якія з’ехалі. Іх галоўная мэта — дапамагаць тым, хто застаўся.

«НН»: Што вам дапамагае верыць у перамены?

ТК: Жыццё і непазбежнасць пераменаў. Жыццё як рака. Яна можа змяніць русла, але накірунак застанецца той жа. І ты выбіраеш, плыць па цячэнні альбо ў сваім накірунку. 

З асабістага досведу магу сказаць, што з аднаго боку перамены непазбежныя, а з іншага — яны больш рэальныя, калі выспяваюць унутры краіны.

Чытайце таксама: 

«Уключэнне ў сумна вядомыя спісы наклала забарону на прафесію». Шоўмен Яўген Булка з'ехаў у Ізраіль і расказвае пра сваю эміграцыю

Як беларусаў катуюць на Акрэсціна — сведчанні зняволеных, экс-супрацоўніка ІЧУ, развагі гісторыка ў фільме «НН»

Nashaniva.com