Прадчуванне вайны і перадзелу. Не толькі з боку Расіі? — меркаванне
Прадчуванне вялікай вайны нарастае, а ваяўнічасць прапаганды наводзіць на думку, што некаторыя гатовыя не толькі да рэгіянальнага, але і глабальнага сутыкнення. Не дай Бог, вядома, бо нават калі ў ход не пойдзе ядзерная зброя, гэта страшная перспектыва. Але калі вайна ўсё ж выбухне, то ці можа яна абудзіць у нашай частцы Еўропы рэваншысцкія настроі і жаданні перагляду наяўных межаў не толькі з боку Расіі? Разважае Алесь Сантоцкі.
20.02.2022 / 19:42
Ëсць людзі ўпэўненыя, што вайна ХХІ стагоддзя будзе мець пераможцаў, якія, як у старыя часы, атрымаюць у якасці прэміі тэрытарыяльнае пашырэнне сваёй дзяржавы. І найперш такія людзі ёсць у Расіі. Днямі, напрыклад, вылез з артыкулам адзін з ідэолагаў пуцінскага рэжыму Уладзіслаў Суркоў. Ён то, праўда, нібыта цяпер у адстаўцы, але ідэолагаў, як і гэбістаў, былых не бывае. І вось Суркоў піша:
«Кантроль прасторы — аснова выжывання. Цяпер часта чуваць, што гэта архаічнае ўяўленне аб палітыцы. Што барацьбу за землі, моры і нябёсы больш весці не варта, таму што… незразумела, зрэшты, чаму. Хутчэй за ўсё, таму што лянота і страшна».
А баліць Суркову душа за тое, што цяперашняя мяжа Расіі на захадзе, на ягоны погляд, блізкая да той, што была вызначаная даўно быллём парослым «пахабным» Брэсцкім мірам аж 1918 года. І хоць пры пазнейшым вызначэнні межаў савецкіх рэспублік «брэсцкая» мяжа не бралася пад увагу ані ў найменшай ступені — глядзець на гэта Суркову ўсё адно непрыемна і карціць перайграць мяжу на больш прыемную воку.
Але ці толькі расійскім ідэолагам цяперашнія межы муляюць вока? Не толькі. Напрыклад, гэтымі ж днямі на адным з украінскім тэлеканалаў выступіў былы кіраўнік вядомага «Правага сектара» Дмытро Яраш. Ён таксама з пэўнай надзеяй чакае нейкіх геапалітычных закалотаў, бо, як сцвярджае:
Тады ў Украіны з'явіцца шанец вярнуць не толькі акупаваныя тэрыторыі, але і ранейшыя гістарычныя зямлі. У выпадку з Кубанню можа «спатрэбіцца» Крымскі мост, пабудаваны расейскімі акупантамі. «Пры пэўных раскладах нармальных мы можам вярнуць і Кубань у склад Украінскай дзяржавы».
Падобныя рэчы Яраш, дарэчы, кажа не ўпершыню — у 2018 годзе ён ужо гаварыў пра магчымасць «вяртання» Украінай, акрамя Кубані, яшчэ Варонежа і «Доншчыны». Але шырокага грамадскага водгуку гэтая ідэя не атрымала тады і яўна не атрымае цяпер. Гэта толькі спроба палітыка, які страціў папулярнасць, звярнуць на сябе ўвагу экстравагантнымі заявамі.
Часцей за ўсё, аднак, абвінавачанні ва ўсеагульных памкненнях да тэрытарыяльных рэваншаў можна пачуць з вуснаў прапагандыстаў розных узроўняў, гэта фактычна іх улюбёная тэма. Так, на расійскіх імперска-прапагандысцкіх рэсурсах нярэдка можна сустрэць тэзіс кшталту: «Варшава даўно чакае зручнага моманту, каб «стратэгічнае партнёрства» з Украінай звярнуць у рэінтэграцыю «Усходніх крэсаў» — тэрыторый Галіцыі і Валыні, якія належалі Рэчы Паспалітай да яе падзелаў у канцы XVIII стагоддзя і незалежнай Польшчы ў перыяд з 1919 па 1939 гады». У залежнасці ад бягучых задач прапаганды заходнеўкраінскія землі могуць замяняцца на заходнебеларускія.
Часцей за ўсё, такая думка падмацоўваецца каментарамі польскіх палітолагаў і іншых «спецыялістаў» узроўню і аўтарытэту нашых Аляксандра Шпакоўскага ці Лёшы Дзерманта. У любым грамадстве пры жаданні можна знайсці людзей, якія падмацуюць сваім аўтарытэтам (нярэдка дзьмутым) любую тэзу: часам ідэйна, а часам за грошы.
Ну і, вядома, рэгулярна падобнымі страшылкамі аперуе беларуская дзяржаўная прапаганда, для якой, як і для расійскай, не існуе ніякіх не толькі прававых, але і маральных стрымак. Сам лідар цяперашняга беларускага рэжыму, напрыклад, у жніўні 2020 года, шальмуючы паўсталых супраць яго ўласных грамадзян і спрабуючы па сваёй заўсёднай звычцы перавесці ўнутраных прычыны канфлікту на знешнія, сцвярджаў: «Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Гродзенская вобласць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую гавораць, спяць і бачаць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна».
Пасля такіх заяў было нямерана і з гэтых самых вуснаў, і з вуснаў драбнейшых чыноўнікаў, і з вуснаў людзей, дэманізацыя апанентаў з навешваннем на іх самых недарэчных ярлыкоў непасрэдна ўваходзіць у іхнія службовыя абавязкі.
Ды прапаганда прапагандай, але наколькі ўсё ж такі ў нашым рэгіёне рэальна прысутнічаюць сёння нават прыхаваныя да часу тэрытарыяльныя прэтэнзіі? Ці ёсць жаданне ва ўладаў і грамадстваў нешта ў гэтым плане пераглядаць і ці няма спакусы ў некага, апрача пуцінскай Расіі, патэнцыйна калі не самім развязаць, то прынамсі скарыстаць для гэтага развязаную іншымі вялікую вайну?
Няма каму і няма куды
Ад часоў заканчэння Другой сусветнай вайны, калі ў рэгіёне адбыўся апошні вялікі перадзел, прайшло нямала часу. За амаль 80 пасляваенных гадоў ў жыццё ўступіла ўжо чатыры новыя пакаленні. Непасрэдных сведкаў колішняй рэчаіснасці сёння засталося не так шмат, а для пераважнай большасці людзей тая сітуацыя з нацыянальнымі межамі, якая існуе цяпер — натуральная, бо суправаджае іх з самага нараджэння.
Само па сабе гэта, праўда, нічога не гарантуе. Напрыклад, сусветны галаўны боль, палесцінская праблема ў яе сучасным выглядзе, таксама ж паходзіць з тых самых часоў. Ізраільская дзяржава была створаная ў 1948 годзе, ужо амаль 75 гадоў таму. І з таго самага часу, з часоў першай араба-ізраільскай вайны, існуе і праблема палесцінскіх бежанцаў, якая з гадамі менш вострай не становіцца. Гэтыя вялікія масы людзей не пакідаюць надзеі з цягам часу скінуць Ізраіль у мора і на яго месцы збудаваць сваю дзяржаву, вярнуўшыся да колішніх ужо дзядоўскіх ці нават прадзядоўскіх котлішчаў.
Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе пасля Другой сусветнай вайны таксама разам са зменай межаў адбываліся маштабныя перамяшчэнні мільёнаў людзей: масавыя дэпартацыі нямецкага насельніцтва з земляў, якія ўвайшлі ў выніку тэрытарыяльных перадзелаў у склад іншых краін, абмен насельніцтвам паміж Польшчай і СССР, праведзеная польскімі камуністычнымі ўладамі аперацыя «Вісла» з пагалоўным перасяленнем украінскага насельніцтва з Холмшчыны і Падляшша…
Здавалася б, вось яна, тая база, у асяроддзі якой могуць спець рэваншысцкія настроі. Ці не могуць гэтыя старыя гістарычныя крыўды ў пэўны момант заіскрыцца, а адчыненая расійскім кіраўніцтвам скрынка Пандоры раптам даць нечаканы эфект у іншым месцы? Можа, тыя самыя немцы або палякі сапраўды, як сцвярджае антызаходняя прапаганда, адно прыкідваюцца, што цалкам прынялі сучасныя межы, а самі толькі і чакаюць зручнага моманту, каб адкруціць тое, што адбылося некалі, назад?
На самай справе не. Прынцыповая розніца ад згаданай вышэй палесцінскай сітуацыі ці, напрыклад, ад сучаснай сітуацыі грузінскіх бежанцаў з Абхазіі — у тым, што ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе людзі, якія мусілі масава пакінуць родныя мясціны пасля Другой сусветнай вайны, хоць і рабілі гэта часцей за ўсё пад прамым або ўскосным прымусам, ехалі не ў белы свет — не туды, дзе іх ніхто не чакаў і ніхто ім не быў рады. Ці то нямецкія, ці то польскія, ці то якія іншыя ўлады іх сустракалі, рассялялі, аказвалі неабходную і магчымую ў тых умовах дапамогу. А галоўнае — адразу акрэслівалі, што пераезд канчатковы, вяртанне назад не прадбачыцца, тут новая радзіма і закараняцца ды ладзіць максімальна камфортны побыт трэба менавіта тут — на пастаяннай аснове, не песцячы мараў пра вяртанне.
Вядома, многія людзі мары гэтыя ўсё ж песцілі, спадзяваліся, што іх ад’езд з родных мясцін — з’ява часовая, і ўсё некалі пераменіцца. Але ў той жа час, усведамляючы, што гэта можа зацягнуцца, уладкоўваліся і на новым месцы. І ўладкоўваліся някепска. У іх ужо там нараджаліся дзеці, для якіх сапраўднай радзімай былі гэтыя мясціны, а пакінутыя бацькамі ў лепшым выпадку ўспрымаліся як радзіма духоўная, міфічная, вядомая толькі па расказах бацькоў.
А для ўнукаў-праўнукаў колішніх перасяленцаў усё гэта яшчэ больш далёкае і тэарэтычнае. І ўжо ніяк не вартае таго, каб дзеля вяртання дзядоўска-прадзедаўскага «страчанага раю» ахвяраваць сваім уласным добра ўладкаваным жыццём з зусім іншымі прыярытэтамі і каштоўнасцямі. Тым больш што на свядомую культывацыю ідэяў тэрытарыяльнага рэваншызму ніколі не была скіраваная ні дзяржаўная прапаганда, ні сістэма адукацыі і выхавання.
Сітуацыя, калі пры існаванні СССР, а пры ім «сусветнай сацыялістычнай сістэмы», ставіць пытанні пра нейкія тэрытарыяльныя перадзелы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе было проста нерэальна, пратрымалася больш за 40 гадоў. У канцы 1980—1990-х тэарэтычна стала магчыма да абмеркавання гэтых пытанняў вярнуцца. Але аказалася, што ніхто ў гэтым больш проста не зацікаўлены, усе бакі ў прынцыпе задавальняе статус-кво. Пераселеныя з Усходняй Прусіі ці чэшскіх Судэтаў немцы нармальна ўладкаваныя ў новай Германіі, палякам з былых «Усходніх крэсаў» зусім някепска жывецца на заходніх і паўночных «земях одзысканых», украінцы, пераселеныя туды ж з Холмшчыны падчас аперацыі «Вісла», таксама за гэты час так ці інакш уладкавалі сваё жыццё.
Наведванне праз дзесяцігоддзі радзім продкаў таксама не будзіла жадання сюды вярнуцца і ўсім гэтым валодаць. Чужы край, чужыя людзі, панаванне іншай культуры, хоць і ў атачэнні нейкіх гістарычных артэфактаў, звязаных з тваёй. Як пісаў класік: «Я ў сад пайшоў, там глуха, дзіка, усё травою парасло…» З’ездзіць паглядзець можна, нешта ўспомніць ды панастальгаваць па былым таксама. А вось змагацца за вяртанне таго, што сплыло незваротна, ахвяраваць усім што маеш, праліваць кроў? Не, гэта не тое.
З такой думкай з’язджалі з колішняй радзімы людзі старэйшага пакалення. А ў дзяцей-унукаў гэта магло і зусім не будзіць ніякай зацікаўленасці і эмоцый. Па словах ужо іншага класіка, «адбалела, прайшло, адплыло, не пакінула нават суму». Так што тэрытарыяльным рэваншыстам пры ўсім жаданні няма на каго абапірацца, масавай падтрымкі іхнія ідэі яўна не знайшлі б.
Самавызначэнне адбылося
Але вось з Кубані, пра якую марыць Дмытро Яраш, насельніцтва не перамяшчалі, там і сёння жывуць збольшага нашчадкі тых, хто жыў і 100 гадоў таму на той тэрыторыі, некалі пры Кацярыне ІІ заселенай казакамі з Запарожскай Сечы. Як і на Смаленшчыне, Браншчыне ці недзе ў ваколіцах Варонежа. Можа, тут тэрытарыяльныя пытанні яшчэ не вырашаныя і «пры пэўных раскладах нармальных» (то-бок, калі казаць без эўфемізмаў, паразе Расіі і яе новым распадзе) тэрыторыі маглі б «вярнуцца» да Беларусі і Украіны ў адпаведнасці з моўна-этнаграфічнымі матэрыяламі пачатку ХХ стагоддзя, вынікамі перапісу 1897 года ці картамі БНР ці УНР, якія шырокавядомыя, бо часта перадрукоўваюцца і ў падручніках, і ў розных прынагодных матэрыялах?
Не, тут таксама ўсе гістарычныя цягнікі даўно сышлі і ўжо болей ніколі не вернуцца.
Сітуацыя стогадовай даўніны і сучасная, як той казаў, дзве вялікія розніцы. Стагоддзе таму яшчэ не было разбурана традыцыйнае грамадства, значная частка насельніцтва была непісьменная, у яго асяроддзе зусім яшчэ не пратачыліся ці пратачыліся павярхоўна нацыянальныя ідэі, людзі блыталі нацыянальнае з сацыяльным, канфесійным і г.д, і да т. п. Тыя людскія масы сапраўды былі, як пісалі некаторыя, «этнаграфічным матэрыялам» і ў працэсе нацыянальнага фармавання маглі хіснуцца ў любы бок, у залежнасці ад збегу абставін. Размоўная мова і народная культура былі вельмі важным фактарам, але не адзіным.
Абставіны ж складаліся па-рознаму. Адным з немалаважных фактараў у гэтай сітуацыі стала размежаванне паміж саюзнымі рэспублікамі ў складзе СССР, лініі межаў паміж імі. Насельніцтва тых земляў, якія трапілі ў склад БССР ці УССР, так ці інакш збольшага набывала беларускую ці ўкраінскую свядомасць, нават нягледзячы на незахаванне ў побыце адпаведнай нацыянальнай мовы і пераход на рускую. Моцна ўплываў прынцып «жывём у Беларусі/Украіне — значыць, мы беларусы/ўкраінцы», адпаведна з гэтым часта дзейнічалі і чыноўнікі пры афармленні «пятай графы» савецкіх пашпартоў. Дый беларуская ці ўкраінская мовы не ўспрымаліся як зусім чужыя, бо іх прынамсі «праходзілі» ў школе і яны заўсёды так ці інакш, хоць і абмежавана, прысутнічалі і ў публічнай прасторы.
А вось на тых землях, якія ўвайшлі ў склад РСФСР, гэтых фактараў зусім не было. Там і нацыянальнасць усім аўтаматычна прастаўлялася як руская, і школы — з выняткам хіба толькі некалькіх гадоў у 1920-я — былі толькі рускія, і публічная прастора не дапускала нават намёку на моўна-культурны плюралізм. У такіх умовах выгадаваліся некалькі пакаленняў, прыняўшы без усялякіх засцярог рускую свядомасць як сваю. І цяпер тое, што іхнія продкі, як на той жа Кубані, размаўлялі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму па-ўкраінску (а дзе-нідзе дагэтуль гавораць), а самі яны з’яўляюцца нашчадкамі запарожскіх казакаў, не мае асаблівага значэння. Вырашальны фактар для нацыянальнай прыналежнасці — самасвядомасць. І калі яна не размыта-«тутэйшая», а ўжо трывалая ды закарэненая, то змяніць яе, прынамсі на масавым узроўні, цяжка, калі ўвогуле магчыма.
Сэнс жыцця — у пашырэнні
У такіх умовах для таго, каб ісці заваёўваць нейкія тэрыторыі ці прынамсі прыхапіць іх сабе пры складванні зручнай палітычнай кан’юнктуры, патрэбна, каб валоданне імі прысутнічала на ўзроўні нацыянальнай ідэі.
Пры якой не мае значэнне рэальная сучасная этнічна-моўна-свядомасная сітуацыя на гэтых землях, вось проста хочацца — і ўсё. І людзі гатовыя для гэтай мэтай многім ахвяраваць. Бо нацыя, маўляў, без валодання гэтым непаўнавартасная.
Класічны прыклад такога кшталту ў нашым рэгіёне — Вільня для літоўцаў у перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, калі валоданне гэтым горадам, дзе ўласна літоўцаў было зусім няшмат, было сапраўды ўсенароднай нацыянальнай ідэяй-фікс, якую аднолькава падтрымлівалі і эліты, і масы. І нават гатовыя былі для дасягнення мэты добраахвотна лезці ў цынічна расстаўленую сталінскім рэжымам у 1939 годзе пастку.
Цяпер у нашым рэгіёне такіх святыняў ні ў кога няма, хоць, вядома, у кожнага з народаў ёсць нейкія тэрыторыі, якімі яны некалі валодалі ці прынамсі лічылі сваімі, але якія цяпер цвёрда належаць іншым.
Немагчыма ўявіць, каб не на ўзроўні страшылак, а ў рэчаіснасці немцы пайшлі адваёўваць Кёнігсберг (Калінінград), палякі — Львоў, Вільню і Гродна, украінцы — Кубань, а беларусы — Смаленшчыну ці Беласточчыну.
Што не выключае, натуральна, зацікаўлення ў аказанні на гэтыя рэгіёны эканамічнага, палітычнага і культурнага ўплыву, чаму спрыяе, акрамя геаграфічнай блізкасці, і памяць пра гісторыю.
Адзіная дзяржава ў нашым рэгіёне, якой цесна ва ўласных межах і якая прагне іх фізічна мяняць — гэта бяскрайняя Расія. Толькі для яе збіранне зямель стала фактычна сэнсам і асновай існавання ды той ідэяй, вакол якой рэальна здольнае згуртавацца насельніцтва. Што мы ўжо бачылі ў 2014 годзе і маем, на жаль, рэальны шанец пабачыць у 2022-м. Бо мала таго, што гістарычная траўма ад распаду СССР у масавай расійскай свядомасці ўспрынятая як распад Расіі, яшчэ адносна свежая, дык і дзяржаўная прапаганда як мінімум 20 гадоў скіраваная не на залечванне гэтай траўмы, а на яе развярэджванне. А на тых тэрыторыях, якія ад Расіі «адпалі», засталося нямала людзей, прасавецкія ці прарасійскія настроі якіх дазваляюць выкарыстоўваць іх у якасці «пятай калоны».
Адпаведна і адзіныя мары пра перадзелы ды нават іх актыўныя спробы ў нашым рэгіёне сёння звязаныя перадусім і нават выключна з актыўнасцю Расіі. Прыднястроўе, Крым, Данбас — усё гэта вынік толькі яе апетытаў. І толькі гэтая краіна — адзіная не толькі рэальная, але і патэнцыйная пагроза рэгіянальнай бяспецы.
Усе астатнія народы сённяшнія межы задавальняюць і нават калі б адбылася вялікая вайна, іх ніхто не імкнуўся б, скарыстаўшыся з гэтага, пераглядаць. Прапагандысцкія наратывы ніякай сувязі з рэчаіснасцю не маюць, гэта дым без агню.