Грамадства1515

«У Мінску за месяц $1000 зарабляў на здымках». Інтэрв'ю з Андрэем Ткачовым — пра жыццё ў Кіеве, беларускіх медыкаў, ганарары мадэлі і сарамлівасць

Мадэль і трэнер Андрэй Ткачоў цяпер рэдка здымаецца ў модных фотасесіях. Апошнія гады ён працуе ў фондзе дапамогі медыкам «Баймедсол» — зусім іншыя задачы. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Ткачоў расказаў, як жывецца ў Кіеве ў час вайны, ці збіраўся добраахвотнікам на фронт і чым займаецца яго фонд. А таксама пра тое, колькі зарабляў раней як мадэль і як ставіцца да звання сэкс-сімвалу.

Фота тут і далей: архіў Андрэя Ткачова

Змест:

Пра жыццё ва Украіне, беларусаў як чамадан без ручкі і схемы для разблакіроўкі грошай

«Наша Ніва»: Ты паспеў пажыць у Вільні і Варшаве, але вярнуўся ў Кіеў, нягледзячы на вайну. Чаму?

Андрэй Ткачоў: У Барселоне яшчэ жыў — практычна паўгода ў прыгарадзе. Зімаваў пасля шэрага, сумнага Вільнюса. Вырашыў паехаць туды, дзе паболей сонца, і гэта насамрэч мне псіхалагічна тады дапамагло, бо аб’ектыўна зіма ў Вільнюсе — гэта суіцыдальная нуда.

Кіеў наогул быў першым горадам, куды я прыляцеў з Мінска 25 жніўня 2020 года — на наступны дзень, як дзед бегаў з калашом. Мне тады вельмі непразрыста намякнулі, што варта кудысьці заціхарыцца на пару тыдняў, і я першым рэйсам выляцеў у Кіеў. Я чакаў, што мяне затрымаюць на мяжы.

Але тады было такое адчуванне: «Ды пофіг, я сяду, колькі там сядзець, усё адно хутка мы пераможам і ўсіх вызваляць». І першыя месяцы тры я вельмі моцна сябе ненавідзеў за тое, што зляцеў, мне здавалася, што я кінуў краіну ў адказны момант, сяброў, якія пратэставалі.

Але пасля прайшло асэнсаванне, што па-за Беларуссю я нашмат эфектыўней магу дзейнічаць, не баючыся кожную хвіліну быць затрыманым. З часам, калі ўдалося рэалізаваць праекты дапамогі, гэта пачуццё віны сышло практычна на не. І тым больш калі ўжо рэпрэсіі разгарнуліся на поўную моц — улічваючы спіс маіх заслуг, я быў бы вельмі блізкі да таго, каб правесці гадоў 10, а то і 15 у месцах не столь аддаленых.

Чаму цяпер Кіеў? У нашай арганізацыі (фонд «Баймедсол» зарэгістраваны тут) ёсць магчымасць афармляць і дастаўляць гуманітарныя грузы з Еўропы. І гэту частку дзейнасці я лічу вельмі важнай — нават калі я ўскосна дапамагу выратаваць жыццё чалавеку ці 10 людзям, я буду разумець, што гэта не дарма. Мне вельмі хочацца верыць, што такім чынам я ўношу свой уклад на чашу шаляў барацьбы дабра са злом і гэта прымушае мяне знаходзіцца тут.

І плюс за гэты час у мяне з’явіліся тут цудоўныя адносіны з украінкай. І наогул, Украіна — адзіная краіна, дзе не адчуваю сябе чужым і амаль як дома. Вось нядаўна абнавіў ДНЖ, не без танцаў з бубнамі, але ўсё ж.

«НН»: Якія самыя частыя прэтэнзіі даводзіцца чуць ад украінцаў?

АТ: Прэтэнзій на бытавым узроўні не чуў у дачыненні да сябе ні разу.

Як толькі даведваюцца, што беларус, больш спагады атрымліваю і каментароў «вось, шкада, вы тады ў 2020-м не даціснулі». Але што тычыцца адносінаў дзяржаўных структур, асобных кампаній, банкаў, страхавых, ды і ў прынцыпе ўсіх паслуг, дзе патрэбна ідэнтыфікацыя, вось тут каласальныя праблемы і дыскрымінацыя.

Заблакаваныя рахункі ў банках, шматлікія адмовы ў падаўжэнні ДНЖ і атрыманні наогул нейкіх дакументаў. У страхаванні альбо адмаўляюць страхавыя, альбо ставяць у 3-5 разоў вышэйшы цэннік. І гэта сістэмная праблема, якая пагаршаецца менавіта таму, што ў самой Украіны няма разумення, што рабіць з беларусамі. Вельмі мала ўкраінцаў сапраўды ведаюць кантэкст падзей і працэсаў у Беларусі, ды што ўжо там, да поўнамаштабкі Лукашэнка быў па апытаннях адзін з самых папулярных палітыкаў ва Украіне.

Беларусы ва Украіне — гэта як чамадан без ручкі. Яны як бы ёсць, але нікому не патрэбныя і ніхто з боку ўкраінскай дзяржавы не хоча займацца вырашэннем іх праблем. Хоць была бясконцая колькасць сустрэч з рознымі прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, арганізацыямі беларусаў, існуюць дэпутацкія групы, але далей размоваў гэта не заходзіць. Усё адбываецца стыхійна — камусьці ўдаецца вырашыць свае праблемы шляхам знаёмстваў і, можа быць, карупцыі, камусьці не ўдаецца, хтосьці плюе на ўсё, з’язджае і падаецца на міжнародную абарону ў Польшчы. Для тых, у каго пашпарт сканчаецца, гэта наогул адзінае рашэнне.

Здавалася б, на трэцім годзе поўнамаштабнай вайны можна ўжо неяк зразумець, што тыя з беларусаў, хто застаўся, гэта сябры Украіны, але не.

У нашай арганізацыі, напрыклад, заблакаваныя рахункі. Ёсць, канечне, варыянты, калі разблакіроўка ідзе за пэўны працэнт — ад 15% да 50%. І гэтыя ж варыянты прапануюць прыватным асобам. Адна з такіх схем — калі ты данаціш гэтыя грошы на нейкі дабрачынны фонд, ён пакідае сабе працэнт і астатнія бабосікі перадаюць табе. Я такім шляхам ісці катэгарычна не хачу.

З маімі асабістымі рахункамі забаўна. Тыя рахункі, што былі адкрыты да поўнамаштабкі, заблакаваныя, але пры гэтым мне ў гэтым жа банку адкрылі новыя рахункі. Яны гэта самі ніяк не могуць патлумачыць.

Вось яшчэ прыклад: рабіў польскую візу ў Львове, прыходжу ў банк аплаціць консульскія паслугі, а мне кажуць: «Грамадзян краіны-суагрэсара не абслугоўваем». Я тут, вядома, выпаў у асадак, таму што ў іншым банку аплаціць консульскія паслугі нельга. І тут жа падказваюць рашэнне — знайсці грамадзяніна Украіны і праз яго пашпарт аплаціць. І вось я бегаю па вуліцы і чапляюся да мінакоў з пытаннем, ці ёсць у іх пры сабе пашпарт і ці змогуць яны мне дапамагчы з аплатай. Балазе на чацвёртым чалавеку схема ўдалася, але сама сітуацыя поўны пі***ц.

Нас ніхто нібыта не гоніць, але ствараюцца такія ўмовы, калі ўсё складаней карыстацца нейкімі бытавымі рэчамі. Але я гляджу на іншыя краіны, дзе таксама дыскрымінуюць беларусаў, і разумею, што ў прынцыпе беларусы цяпер гэта нацыя, да якой, на жаль, мала дзе добра ставяцца.

Пра думкі паехаць на фронт і нечаканы плюс беларускага пашпарта

«НН»: Жыццё ў Кіеве цяпер як выглядае?

АТ: Усё адносна. Працуе СПА. Калі гучыць сігнал паветранай трывогі, трэба ў першую чаргу адкрыць тэлефон і паглядзець тэлеграм-каналы — што адбываецца.

Калі гэта МіГ-31К узлятае — а паветраная трывога па ўсёй Украіне аб’яўляецца проста ў выпадку ўзлёту самалёта, які можа несці на сабе «Кінжал», — то ніхто не рэагуе. Калі гэта нейкія масавыя пускі ракет, балістыка плюс шахеды, то лепш схавацца кудысьці. Нават калі СПА саб'е цэль, то абломкі могуць кудысьці ўпасці. Падчас нядаўняга абстрэлу Кіева, калі ракета прыляцела ў «Ахматдзет», я быў за пару кіламетраў у падземным пераходзе і чуў гукі прылёту. Жыццё ў Кіеве вучыць адрозніваць гук працы СПА і гук прылёту.

Асобная бяда — гэта вынас энергетычнай інфраструктуры і электрастанцый. Былі перыяды, калі электрычнасць была па 4 гадзіны за суткі. Гэта велізарная праблема для эканомікі краіны, калі многія працэсы альбо прыпыняюцца, альбо наогул не адбываюцца. У бытавым сэнсе гэта так сабе, калі ні прыгатаваць нічога, калі ў цябе электрапліта, ні памыць, але гэта дробязі, вядома, у параўнанні з тым маштабам трагедыі, якая адбываецца ва Украіне.

Але пры гэтым «життя триває», як кажуць украінцы. Бары, рэстараны працуюць. Ды практычна ўсё працуе, толькі каменданцкі час з паўночы да 5-й раніцы.

«НН»: Начныя клубы працуюць?

АТ: Быў скандал з адным клубам «Боха», які працаваў уначы і куды прыязджалі ўкраінскія футбалісты, зоркі. І пасля грамадскага розгаласу клубу проста зрабілі ата-та, прыбралі летнюю тэрасу, і яны працягваюць працаваць — адзінае, што да 23 гадзін.

Ва ўкраінскім грамадстве цяпер высокі градус незадаволенасці, звязаны з агульнай беспакаранасцю і ўседазволенасцю. Нібыта каменданцкі час ёсць, але ён не для ўсіх, і можна купіць сабе пропуск, каб ездзіць па начах. У многіх з’яўляецца недавер да дзяржавы, бо яны бачаць, што чыноўнікі крадуць — і ім за гэта нічога, генералы аддаюць нейкія загады, з-за якіх памірае вялікая колькасць людзей, — і ім за гэта нічога. 

І гісторыя з мабілізацыяй вельмі моцна падымае ва ўкраінскім грамадстве градус незадаволенасці. Магчыма, адзіны плюс беларускага пашпарта, што, калі ты ідзеш па вуліцы, цябе не забяруць у бусік і не адвязуць у ТЦК. Бо з пачатку аб’яўлення мабілізацыі ў Кіеве знізілася колькасць мужыкоў, якія з’яўляюцца ў грамадскіх месцах. Хтосьці адкупляецца, хтосьці бяжыць з краіны, што спараджае яшчэ адзін пласт карупцыі і недаверу да дзяржавы. 

На жаль, я бачу цяпер, як падзелена грамадства на мірных і ваенных, няма таго адзінства і духападымальнасці, якія былі ў першы год вайны. Няўдачы на фронце і адсутнасць выразнай камунікацыі дзяржавы з грамадствам спараджаюць кучу чутак і тэорый. Ну і варожыя ІПСА яшчэ дадаюць градуса вядома.

Вось зараз магутная хваля натхнення з нагоды бліскучай аперацыі УСУ на курскім кірунку, гэта моцна адчуваецца ў грамадстве і медыяпрасторы. Але вайна — гэта матэматыка перш за ўсё, і лік пакуль не на карысць Украіны, як мне здаецца. Хоць хочацца спадзявацца на поўны разгром Расіі і падзенне рэжыму Пуціна, тады і ў Беларусі змены адбудуцца. 

«НН»: Калі пачалася вайна, былі думкі запісацца добраахвотнікам і паехаць на фронт?

АТ: Былі.

На момант пачатку вайны я быў у Вільнюсе — я зляцеў туды за 10 дзён да вайны, таму што мне вельмі настойліва раілі гэта зрабіць з пасольства ЗША. Я звязваўся з рознымі знаёмымі і пытаўся, чым дапамагаць, і мне некалькі чалавек адказалі практычна слова ў слова: добраахвотнікаў у нас хапае, нам трэба зброя і медыкаменты. І таму мы з пачатку поўнамаштабкі дастаўлялі ва Украіну медыкаменты, медыцынскае абсталяванне, расходнікі да яго.

Урад Германіі купіў у Польшчы мабільны ваенны шпіталь на 140 ложкаў, і мы з дапамогай Валера Кавалеўскага прывезлі яго ва Украіну. Вельмі спадзяюся, што гэтым выратавалі не адну сотню жыццяў украінцаў.

Пра колькасць медыкаў, якія з'ехалі, і фонд «Баймедсол»

«НН»: У чым заключаецца твая праца ў «Баймедсол»?

АТ: Гэта менеджмент, камунікацыя. Чаму я пачаў дапамагаць менавіта медыкам? Калі я толькі прыехаў у Кіеў, мы пачалі працаваць па спартсменах з Сашам Апейкіным, да нас пасля Герасіменя падключылася, Фонд спартовай салідарнасці. Але пасля — увосень 2020 года — з’явілася неабходнасць стварыць арганізацыю, якая займалася б профільна медыкамі, таму што пацярпелых ад рэпрэсій медыкаў станавілася болей. А паколькі ў мяне быў бэкграунд валанцёрскай кампаніі «Байковід-19» і заставаліся сувязі, я рашыў што мае менеджарскія навыкі могуць спатрэбіцца.

«НН»: Якія асноўныя запыты, з якімі вам медыкі пішуць?

АТ: Цяпер гэта гісторыя пра тое, як дапамагчы пераехаць у Польшчу.

На нашым сайце самы папулярны раздзел — гэта гайды па дапамозе ў легалізацыі медыцынскім работнікам у Польшчы.

Адток кадраў каласальны. Не толькі з-за рэпрэсій — калі мала таго што звальняюць па палітыцы, то і нікуды ўладкавацца не даюць да прыватнікаў, — але і з-за эканамічных меркаванняў. Ёсць сітуацыі, калі праз тое, што па палітыцы звольнілі нейкага спецыяліста, закрываюцца цэлыя аддзяленні ў бальніцы, напрыклад, анкалагічныя. Гэта жахліва. Чалавек 10-15 гадоў патраціў, каб выйсці на той узровень, дзе ён знаходзіцца. І каб падрыхтаваць такога спецыяліста, ты павінен патраціць яшчэ 10-15 гадоў. І тыя, хто рэпрэсуюць, відаць, гэтага не разумеюць. Прыватныя медцэнтры пазбаўляюць ліцэнзій, у выніку церпяць цэлыя галіны.

Дэфіцыт будзе працягваць павялічвацца, бо не ствараецца нармальных умоў для працы. Ва ўсіх краінах, дзе я паездзіў, медык — ледзьве не самая паважаная прафесія. У Беларусі медык гэта крыху больш пачэсна, чым настаўнік. Гэта значыць, нейкі там абслугоўваючы персанал, які павінен — дзяржаве, пацыентам. Для мяне катэгорыя дактароў — гэты тыя, каму трэба ствараць максімальна камфортныя ўмовы, каб яны дапамаглі як мага большай колькасці людзей. Бо яны ў прамым сэнсе ратуюць жыцці.

«НН»: Спрабавалі ацаніць, колькі медыкаў з’ехала пасля 2020?

АТ: Ёсць розныя лічбы. Гэта можа быць ад 10 да 15 тысяч. Дакладную лічбу можа не ведаць нават Мінздароўя — там выбудавана такая сістэма фальсіфікацыі статыстыкі, што да нейкага аналітыка ў міністэрстве хутчэй за ўсё даходзіць скажоная інфармацыя.

Пра 200 даляраў на гадзіну за здымкі і жыццё не ў статусе селебрыці

«НН»: Ты ў інстаграме пісаў, што сумуеш па здымках. Не збіраешся вяртацца ў мадэлі?

АТ: Тут такая справа, што да 2020 года было ж зусім іншае жыццё. Я калі гляджу на ўспаміны ў фэйсбуку, не магу паверыць, што так бесклапотна было — здымкі, мацоўня, нейкія тусоўкі. Магчыма, мне проста хочацца вярнуць хоць нейкую частку таго мірнага жыцця, якім я жыў.

Канечне, я хацеў бы больш здымацца. Мне гэта падабаецца, у мяне гэта атрымліваецца, я быў дастаткова запатрабаванай у Беларусі мадэллю. Але цяпер, у сувязі з тым, што я пастаянна курсірую паміж Кіевам, Варшавай і яшчэ якімі-небудзь еўрапейскімі гарадамі, гэта не так проста. У Беларусі ўсе кастынгавыя агенцтвы і прадакшаны мяне ведалі. Калі быў патрэбны чалавек з такім тыпажом, я нават не ішоў на кастынг — мне адразу званілі наўпрост, ведалі, колькі я каштую.

«НН»: А колькі ты каштаваў?

АТ: У Беларусі гадзіна здымак — гэта было 200 даляраў. Здымачны дзень — ад 500-600 даляраў.

У іншых краінах ты ніхто, завуць цябе ніяк, канкурэнцыя істотна вышэйшая. І калі ісці займацца гэтым сур’ёзна, то трэба хадзіць па кастынгах, знаёміцца з людзьмі, быць вельмі мабільным. Цяпер пакуль, на жаль, у мяне такой магчымасці няма. Але я гляджу ў гэты бок. У мяне з’явілася адно цікавае хобі, у якім я знаходжу аддушыну, якое дазваляе майму мозгу моцна адцягнуцца ад п***еца, які адбываецца — гэта фатаграфія. Я купіў сабе фоцік і проста кайфую.

Плюс мой трэнерскі досвед і бэкграўнд дазваляюць мне кансультаваць і трэніраваць людзей анлайн, гэта таксама пераключае галаву і дае нейкі дадатковы даход.

«НН»: Калі да мадэлінгу вярнуцца, які самы вялікі ганарар быў за здымку?

АТ: Думаю, тысяча з нечым за здымачны дзень. За месяц я ў сярэднім каля 1000 даляраў зарабляў на здымках. Гэта апроч асноўнай дзейнасці трэнерам, дзе заробак быў яшчэ істотна вышэйшым — каля $3000, напэўна.

І на фоне гэтага ў міграцыі па сацыяльных прыступках ты падаеш на дно. Аказваешся ў няпэўнасці, дзе ты будзеш жыць, у якой краіне будзеш легалізаваны і ці будзеш. Вельмі моцна ўпаў узровень даходаў — і з гэтым многія сутыкаюцца ў эміграцыі, упадаюць у дэпрэсію, і вельмі складана з гэтага выходзіць і выбудоўваць наноў сваё жыццё. Я вось праходжу гэтыя этапы.

«НН»: Па самаадчуванні б’е толькі ўзровень даходу ці сацыяльны статус таксама — што ты больш не селебрыці там, дзе жывеш?

АТ: Канечне, гэта таксама. Калі раней ты ідзеш па Мінску і з табой вітаецца кожны дзясяты, і цябе клічуць на ўсякія тусоўкі, адкрыцці, прэзентацыі, ты, канечне, адчуваеш сябе крыху селебай. У іншай краіне ты паўсюль плаціш за ўваход, у некаторыя ўстановы цябе нават не пускаюць, што для мяне было шокам (усміхаецца). З іншага боку — больш новых знаёмстваў.

«НН»: Твае знаёмыя, хто працуе мадэлямі ці фітнэс-інструктарамі ў Мінску, сутыкаюцца з ідэалагічнай дзіччу? Падаецца, што ідэалогія цяпер ва ўсіх прафесіях.

АТ: Такіх знаёмых засталіся адзінкі, большасць выехала. Прычым не толькі пад пагрозай рэпрэсій, але і з эканамічных меркаванняў.

Я з жахам неяк пабачыў, як адна мая добрая знаёмая, з якой мы перасякаліся на розных рэкламных пляцоўках, здымаецца ў нейкая ідэалагічнай х**ні, і я такі: што, сур’ёзна, чаму ты гэта робіш? Гэта быў прапагандысцкі фільм пра дактароў. І там мая знаёмая грае адну з галоўных роляў.

Пра новае хобі, дзяўчыну-ўкраінку, сарамлівасць і тры высновы

«НН»: Цябе не раз называлі адным з беларускіх сэкс-сімвалаў. Як ты ставішся да такога звання?

АТ: Спакойна. Недзе гэта цешыць маё самалюбства, зусім крыху. Але я думаю, у мяне яшчэ ўсё наперадзе і я стану галоўным сэкс-сімвалам Беларусі (жарт). 

«НН»: Ты згадваў, што ў цябе ёсць дзяўчына-ўкраінка. Ці можаш расказаць пра яе?

АТ: Пазнаёміліся ў Кіеве. Вельмі добрая дзяўчына, я адчуваю сябе з ёй вельмі лёгка, і мы можам 24 на 7 знаходзіцца разам. Падарожнічаем разам. Я з ёй сябе вельмі псіхалагічна добра адчуваю. Яна мне так нармальна галаву пралячыла. Нейкія падрабязнасці — я б устрымаўся. Яна не вельмі любіць, калі я афішую. Гэта не медыйная персона.

«НН»: Што для цябе важна ў адносінах і парнёрцы?

АТ: Тое, як ты сябе адчуваеш побач з гэтым чалавекам. Калі ты сябе адчуваеш няўпэўнена, некамфортна, нешта табе ўвесь час хочацца ў ёй памяняць — то гэта не тваё. 

Важна, калі ў вас ёсць агульныя погляды, інтарэсы. Вы не павінны супадаць, канечне, цалкам, бо гэта дзіўна. Нават калі ў вас адбываюцца рознагалоссі, то трэба ўмець весці дыялог, каб прыйсці да кампрамісу i паразумення. Уменне слухаць і чуць вельмі важнае.

«НН»: З улікам таго, што ты фітнэс-трэнер і мадэль, не паверу, што няважная знешнасць.

АТ: Не, гэта, канечне, важна, ты ў любым разе, калі знаёмішся з чалавекам, звяртаеш увагу на знешні выгляд. Мая цяперашняя дама прафесійна займалася спортам, таму там усё ў парадку. Яна вельмі прыгожая. Але ў выніку ўсё роўна застаешся з чалавекам не з-за знешнасці.

«НН»: Ты расказваў пра сваё новае хобі фатаграфаваць, і ў цябе ў акаўнце хапае фота прыгожых дзяўчат на вуліцах. А ты падыходзіў знаёміцца?

АТ: Насамрэч я вельмі сарамлівы, і гэта вялікая праблема для стрыт-фатаграфіі, калі ты не можаш падысці да чалавека і пагаварыць, схіліць да сябе. Таму ў мяне здаровы тэлеаб’ектыў, які дазваляе за метраў 20-30 спакойна здымаць, і я, як правіла, здымаю цішком. Калі людзі не пазіруюць, яны вельмі натуральна выглядаюць.

У планах паглыбіцца ў фатаграфію і пачаць зарабляць на гэтым. Так што запісваемся на здымачкі (смяецца).

«НН»: На заканчэнне — тры галоўныя высновы, якія ты зрабіў для сябе за апошнія гады.

АТ: Справядлівасці не існуе. Чакаць, што ўсё само рассмокчацца і дабро пераможа, дакладна не варта. Зло вельмі часта перамагае, асабліва калі добрыя людзі нічога не робяць.

Трэба разлічваць на сябе, не чакаць, што хтосьці будзе на сабе вас цягнуць. Калі чакаць, што нехта вырашыць твае праблемы, наўрад ці гэтыя праблемы вырашацца. Кожны чалавек сам творыць свой лёс, і чым на меншую колькасць людзей даводзіцца разлічваць, тым атрымліваецца эфектыўней.

І самае важнае — захаваць у сабе чалавека, не ісці на кампрамісы і здзелкі з сумленнем. Бо пасля табе з гэтым няправільным рашэннем жыць. І вельмі добра, што мне ў сваім жыцці не даводзілася прымаць рашэнняў, за якія давялося б шкадаваць.

Каментары15

  • Ў
    22.08.2024
    Дзякуй вялікі!
    Ганарымся табой!
  • Імя
    22.08.2024
    Украінскую быццам вывучыў, родную так і не адужыў. Ну і нашто ён тут?
  • Алесь
    22.08.2024
    Вот еще один вариант действий на выборы 2025. Например, в Беларуси около 20% из списка избирателей никогда не участвует в выборах. Еще около 35% смотрят независимые СМИ и уверенно не поддерживают войну. Итого в случае бойкота на выборы не придет на выборы около 55% избирателей. Почему бы не подкупать членов избирательных комиссий, что бы они работали в рамках закона и зафиксировали неявку. Ведь в 2020 году около 100 избирательных комиссий подсчитали голоса честно и им за это ничего не было.
    Так же например подавать заявки на митинг на том же собачнике. Если акция легальна, то люди на нее придут. Ведь например формальный повод для возбуждения уголовных дел против протестующих это выход на проезжую часть и перекрытия движения. Думаю и интернет не будут обрубать, благодаря стримам нас увидят миллионы. Что касается забастовки то я предлагаю Итальянский страйк, работу по правилам. Самим соблюдать все правила, а так же писать в инспекцию по труду, что нарушаются правила работы предприятия, что бы заставить работать по правилам всех.
    Например, против лукашенко вводили экономические санкции за нарушения международного права, а против Венесуэлы за нарушения прав человека. На Путина выдали ордер на арест, а на лукашенко нет, хотя преступление одно и тоже. Все это наводит на мысль, что он агент ЦРУ, который занимается саботажем интеграции России и Беларуси.

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася31

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася

Усе навіны →
Усе навіны

Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект4

На выбарах у Балгарыі лідзіруе праеўрапейскі блок2

У Рэчыцы распачаўся чарговы суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшай. Ужо чацверты

Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні пройдуць у верасні наступнага года

Сілавікі затрымалі акцёра «Беларусьфільма»3

Стала вядома, што з'явіцца на месцы «Казачнага замка» ў парку Горкага2

Сузаснавальніца Partyzankі: Мы дапамагалі і мыць рэчы, і знайсці працу, і шукалі кватэры2

У Расіі ствараюць радыкальныя атрады «АКВД». Што гэта такое?11

У Беларусі затрымалі 26 грамадзян Латвіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася31

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася

Галоўнае
Усе навіны →