«Гэта жывая матэрыя». Беларусь патрабуе змяніць формулу цаны на расійскую нафту
Раман Галоўчанка, магчыма, прыадкрыў закуліссе візіту Лукашэнкі на Валаам.
Беларусь прапануе асучасніць формулу цаны расійскай нафты, паведаміў журналістам прэм'ер Беларусі па выніках сённяшняй нарады ў Лукашэнкі па міжнародных пытаннях, піша БелТА.
Як растлумачыў кіраўнік урада, цяпер паміж Беларуссю і Расіяй няма нейкіх вострых невырашальных пытанняў. Ідзе характэрны для краін з такімі цеснымі ўзаемасувязямі працэс выбудоўвання мадэляў супрацоўніцтва ў канкрэтных сферах. У гэтым працэсе так ці інакш узнікаюць некаторыя пытанні, у тым ліку якія патрабуюць рашэння на ўзроўні кіраўнікоў.
«Адны пытанні вырашаюцца, узнікаюць новыя. Гэта жывая матэрыя. Адносіны (Беларусі і Расіі) развіваюцца вельмі бурна, таму то там, то там узнікаюць нейкія пытанні, — растлумачыў Раман Галоўчанка. — Тыя ці іншыя пытанні заўсёды ёсць на парадку дня. Таму Лукашэнка і Пуцін часта сустракаюцца».
Паводле слоў прэм'ер-міністра, мадэль супрацоўніцтва дзвюх краін выбудоўваецца наступным чынам: кіраўнікі абмеркавалі, далі ўказанні, пазначылі асноўныя падыходы, а затым урады і міністры кладуць на паперу дасягнутыя дамоўленасці.
«Канструкцыі гэтыя заўсёды няпростыя. Яны завязаныя на сур'ёзныя фінансавыя пытанні, узаемную фінансавую, вытворчую, лагістычную падтрымку. Гэта ўсё трэба пакласці на паперу», — сказаў ён.
Гаворачы аб выніках нядаўніх перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Валааме, прэм'ер-міністр адзначыў: «Цяпер яны таксама абмеркавалі, далі даручэнні. Мы будзем з расійскімі калегамі іх адпрацоўваць».
Адно з пытанняў, у прыватнасці, датычыцца формулы цаны на нафту. Неабходнасць яе карэкціроўкі Раман Галоўчанка патлумачыў дынамічнымі зменамі на нафтавым рынку, у тым ліку ў частцы ўмоў паставак і цэнавай кан'юнктуры на расійскую нафту ў адносінах да эталонных гатункаў.
«Трэба асучасніць формулу цэнаўтварэння, каб яна ўлічвала новыя фактары, а не толькі тыя, якія дзейнічалі, калі гэтая формула прымалася», — патлумачыў прэм'ер-міністр.
Каментары