Усяго патроху11

Як абараніць свае грошы ў экзатычнай паездцы? Раіць гомельскі падарожнік, які пабываў амаль у 650 гарадах свету

Сезон адпачынкаў у разгары, а значыць, тысячы беларусаў збіраюць чамаданы і браніруюць туры. Але, акрамя прыемнага адпачынку, незабыўных прыгод і добрага настрою, у падарожжах можна з лёгкасцю страціць грошы. Пра бяспеку ў экзатычных паездках «Моцным навінам» расказаў гамяльчук Юрый Бірукоў — дасведчаны падарожнік, які пабываў у 91 краіне, наведаў амаль 650 гарадоў і ведае, як пазбегнуць неапраўданай рызыкі.

Фота: yury-birukov.com

Юрый Бірукоў даследаваў руіны старажытных паселішчаў індзейцаў у Аргенціне, двойчы бываў на вяршыні Кіліманджара, у адзіночку падарожнічаў па Афрыцы, начаваў у пячорах Зімбабвэ, «падпрацоўваў» рыкшам у мадагаскарскай Анцырабе і фатаграфаваўся з папуасамі ў Новай Гвінеі. 

Пачнем са страхоўкі

Юрый падарожнічае па свеце больш за 17 гадоў. За гэты час ён стаў сведкам дзясяткаў выпадкаў, калі страхоўка не толькі абараняла турыстаў ад велізарных выдаткаў, але і ратавала жыццё.

Страхоўка — першае, на што варта звярнуць увагу перад паездкай. У адныя краіны без страхавога поліса ўвогуле не пусцяць, у іншых — няма суровых патрабаванняў, аднак наяўнасць страхоўкі вельмі палягчае жыццё.

    «Рэкамендую ўсім падарожнікам сур'ёзна паставіцца да страхоўкі. То горная хвароба прыхопіць, то харчовае атручэнне, асабліва ў Індыі і Непале. Вядома, надзвычайныя здарэнні адбываюцца нячаста, але гэта не падстава ігнараваць страхоўку.

    Напрыклад, у Эфіопіі пасажыры так атруціліся ў рэстаране, што трапілі пад кропельніцы. У горных паходах падварочваюць ногі.

    Быў выпадак, калі групай ішлі да Эверэста, адзін хлопец пачаў «налягаць» на алкаголь, абганяў усіх, паказваў, які ён моцны і спрытны. На адзнацы 4800 метраў ён проста ўпаў і не змог падняцца. Горная хвароба, увесь арганізм у разнос ідзе. Выклікалі верталёт, шчасліва эвакуявалі», — успамінае Юрый.

    Эфіопія. Каля кратара дзейнага вулкана Эрта Але ва ўпадзіне Данакіль. Фота: yury-birukov.com

    Па словах мужчыны, у экстранных выпадках трэба адразу тэлефанаваць на гарачую лінію страхавой кампаніі. Далей яны самі знойдуць верталёт для эвакуацыі, калі гаворка ідзе пра горны паход, або звяжуцца з медперсаналам для аказання дапамогі.

    Важна разумець: ёсць страхоўкі для падарожжаў, а ёсць для экстрэмальнага спорту. Іх кошт вар'іруецца ў шырокіх дыяпазонах, але ашчаджаць на іх не трэба.

    Лічбы на падумаць. Кошт страхоўкі на некалькі тыдняў — ад 6 да 500 еўра. Кошт эвакуацыі са схілу Эверэста — 3200 даляраў.

    Прышчэпкі абавязковыя?

    Перад наведваннем любога рэгіёну Юрый вывучае спіс рэкамендаваных і абавязковых прышчэпак. Сабе ён ставіць толькі неабходныя вакцыны, і на гэта ёсць аб'ектыўныя падставы.

    У доміку папуасаў у вёсцы Васілімоэ. Фота: yury-birukov.com

    «Ёсць прышчэпкі, якія трэба рабіць за паўгода да наведвання краіны. Але часцяком людзі не строяць планы загадзя. Адзіная прышчэпка, без якой вас не пусцяць у краіны Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, — вакцына ад жоўтай ліхаманкі. Астатнія рабіць пажадана, але не абавязкова», — уводзіць у курс справы Юрый.

    Прышчэпку ад жоўтай ліхаманкі можна зрабіць бясплатна ў паліклініцы, яна дзейнічае ўсё жыццё. За вакцыны ад экзатычных захворванняў прыйдзецца заплаціць. Робяць іх пераважна ў прыватных медцэнтрах.

    Фота: yury-birukov.com

    «Група рызыкі — антываксеры, якія адмаўляюцца вакцынаваць дзяцей. Знаёмы гід паехаў на Азорскія астравы. У складзе групы было дзіця наогул без прышчэпак. Пасля прыезду хлопчык падхапіў слупняк, ад якога робяць прышчэпкі ў дзяцінстве, праз некаторы час ён памёр.

    Лічу, што дзіцячы набор прышчэпак лепш рабіць, для дарослых — усё індывідуальна. Напрыклад, у цябе высокая трывожнасць, баішся заразіцца, тады, вядома, вакцынуйся, ці ўсё падарожжа толькі пра гэта і будзеш думаць», — дзеліцца парадамі мужчына.

    Невідавочныя небяспекі ў турыстычных зонах

    Юрый упэўнены, што дастаткова выконваць правілы гігіены, каб знізіць рызыку заражэння. Праўда, ёсць выключэнне — малярыя, гэта падступнае захворванне, ад якога пакуль не прыдумалі эфектыўнай вакцыны. Абарону гарантуе толькі штодзённы прыём спецыяльных таблетак. Існуюць аналагі, іх дастаткова піць раз на тыдзень, але яны менш эфектыўныя.

    Яшчэ адзін «галаўны боль» турыстаў у Танзаніі і некаторых іншых афрыканскіх краінах — муха цэцэ, укус якой можа выклікаць сонную хваробу (афрыканскі трыпанасамоз). Юрый кажа, што аднойчы ў нацыянальным парку Серэнгеці на іх групу напаў цэлы рой гэтых насякомых. На шчасце, падарожнікі паспелі дабрацца да машын і зачыніць усе вокны і дзверы.

    Мужчына дадаў, што ў кожнай краіне ёсць пэўныя фактары рызыкі, невідавочныя для прыезджых. Напрыклад, некаторыя вадаёмы ў Афрыцы заражаныя шастасомай (гельмінт, які выклікае захворванне шыстасамоз). Папулярнае ў турыстаў возера Вікторыя ў Танзаніі яркі таму прыклад. Мясцовыя жыхары ў ім купаюцца, а вандроўнікі імкнуцца трымацца далей ад воднай роўнядзі. Паразіты настолькі маленькія, што могуць пранікаць у арганізм чалавека праз скуру, прагулкі басанож па пляжы дастаткова для непрыемных наступстваў.

    Інданезія. На фестывалі папуаскіх культур у даліне Баліем. Фота: yury-birukov.com

    «Распаўсюджана меркаванне, што вада з горных рэк прыдатная для піцця. На самай справе гэта не так. Напрыклад, у Гімалаях на вялікай вышыні ёсць пашы якаў і кароў. Яны могуць заразіць ваду лямбліямі, а ніжэй па цячэнні чалавек вып'е такой вады і захварэе», — прывёў прыклад Юрый.

    Роўмінг ці мясцовая сімка?

    Пры выбары аператара сотавай сувязі трэба ўлічваць асаблівасці надання паслуг. У прыклад Юрый прыводзіць Непал. У гэтай краіне трэба глядзець зону пакрыцця, бо некаторыя кампаніі не ставяць вышкі ў горных раёнах і на непапулярных трэках.

    Асобная тэма — роўмінг. Ён каштуе велізарных грошай, купіць мясцовую сім-карту заўсёды танней.

    Эфіопія. Першы ноўтбук у гарах Бале. Фота: yury-birukov.com

    «Ехалі неяк з кітайскага Урумчы на спальным аўтобусе ў Алматы. Два дні суцэльнай нуды. Усе фота перагледзеў на тэлефоне, усе кніжкі перачытаў. Вырашыў зайсці ў пошту ў роўмінгу, хоць ведаў, што могуць быць праблемы. Нават лісты не адкрыў, проста паглядзеў, хто пісаў. У выніку мінус сто рублёў на рахунку», — расказаў Юры.

    Паводле яго слоў, прасцей прыехаць у іншую краіну, выбраць адпаведнага аператара і купіць сімку, чым выпрабоўваць удачу з роўмінгам. Кошт пытання — ад 6 да 50 даляраў. За гэтыя грошы ў вас будзе паўнавартасная сувязь і пакет інтэрнэту.

    У большасці краін для куплі сім-карты дастаткова пашпарта. Аднак ёсць і выключэнні, напрыклад, у Непале, дзе для падлучэння патрабуюцца пашпарт і фота.

    Аўтапартрэт на даху гатэля ў будынку старога каталіцкага сабора. Востраў Дыу, заходняя Індыя. Фота: yury-birukov.com

    Цяпер з'явілася выдатная альтэрнатыва — е-сім. Яны дзейнічаюць у любым пункце свету, можна лёгка купіць, гнуткія тарыфы. Адзіны мінус — працуюць толькі на новых тэлефонах.

    Якую банкаўскую карту выбраць у падарожжа?

    Банкаўскія карты прымаюць не ўсе і не заўсёды. Карты некаторых банкаў увогуле не абслугоўваюцца, для іншых — ёсць шэраг абмежаванняў.

    «У 2022 годзе я страціў 700 даляраў праз санкцыі. Купіў квіток у Непал на самалёт авіякампаніі Flydubai. Паездка планавалася загадзя, вылет прызначылі на сакавік. У выніку пачаліся ўсім вядомыя падзеі, групе стала не да адпачынку, я адмяніў тур. Націснуў кнопку «вярнуць квіток», але аказалася, што мой банк трапіў пад санкцыі. Грошы Flydubai адправіла, але ў Беларусь яны не дайшлі», — падзяліўся непрыемнай гісторыяй Юрый.

    Фота: yury-birukov.com

    Наступны важны момант. У некаторых краінах ёсць адрозненні паміж дэбетавай і крэдытнай картай. Крэдытнай можна аплаціць пакупкі ў краме, а з дэбетавай могуць і адмовіць. Праўда, калі самому не казаць, крэдытка ў вас ці дэбетавая карта, то прадаўцы не змогуць гэта праверыць самастойна.

    Аптымальны варыянт — узяць карту непадсанкцыйнага банка, а частку грошай наяўнымі. І самае галоўнае — нікому не давайце сваю карту ў рукі.

    Паход па гарах Тсаранора

    «У адной з паездак пазнаёміліся з пажылой немкай, якая доўгі час жыла ў Танзаніі. Яна падтрымлівала кантакты з мясцовымі і даверліва да ўсіх ставілася. Незадоўга да нашага знаёмства яна папрасіла свайго сябра з'ездзіць у горад і зняць наяўныя з яе карткі. Пасля гэтага яна яго больш не бачыла», — успомніў выпадак махлярства Юрый.

    Да паездкі таксама неабходна зрабіць шэраг дзеянняў. Абавязкова пастаўце смс-апавяшчэнне пра любы рух сродкаў на карце. Нядрэнна, калі будуць стаяць сутачныя ліміты. У гэтым выпадку вы не згубіце ўсе грошы, нават калі карту скрадуць.

    Браць дробную валюту ці буйную?

    Збіраючыся ў краіну з нізкім узроўнем жыцця, будзьце гатовыя, што банкаматы там сустракаюцца вельмі рэдка. Лепш браць наяўныя, раіць Юры. Натуральна, беларускія рублі наўрад ці ўдасца абмяняць, а курс даляра залежыць ад мноства фактараў.

    «У некаторых афрыканскіх краінах, напрыклад, у Танзаніі, банкі вызначаюць розны курс на розныя банкноты. Самы высокі — для банкнот наміналам 100 даляраў. Крыху ніжэй — для 20 і 50, а даляры ў «адзінках» каштуюць у два разы танней, чым у сотнях. Другі момант — у шэрагу краін не прымаюць даляры старога ўзору, а частка банкаў можа адмовіць у абмене даляраў новага ўзору, калі яны выпушчаныя да пэўнага года», — прыводзіць прыклады Юрый.

    Фота: yury-birukov.com

    З абменнікамі ёсць яшчэ некалькі невідавочных момантаў, якія могуць стаць нечаканасцю для турыстаў, працягвае Юрый. Паводле яго слоў, некаторыя пункты прыёму не бяруць купюры пэўных серый, бо баяцца падробак. Купюры павінны быць у ідэальным стане, без надрываў і пячатак.

    «У краінах, дзе даляры — нацыянальная валюта, напрыклад, у Зімбабвэ, наяўныя грошы чорныя ад бруду. Бывае, што і прэзідэнтаў на іх не відаць. Везці іх дадому не варта, лепш патраціць там. Усё адно ў іншых краінах іх не прымуць», — успомніў пацешны момант мужчына.

    Дзе лепш мяняць грошы?

    У Беларусі за здзелку з «мяняламі» можна атрымаць буйны штраф. А ў большасці краін Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі «мянялы» цалкам афіцыйна стаяць побач з аддзяленнямі банкаў. Курс у іх значна вышэйшы, але ёсць і мінусы.

    Фота: yury-birukov.com

    «Некалькі гадоў таму ва Узбекістане мы мянялі грошы на рынку, таму што так рабілі ўсе. Курс ад афіцыйнага адрозніваўся вельмі моцна. У Перу і Балівіі ў «мянял» нават ёсць свая ўніформа — яркія камізэлькі. Яны стаяць на цэнтральных вуліцах і працуюць цалкам афіцыйна. Аднак я аддаю перавагу карыстанню абменнікамі, калі курс не моцна адрозніваецца. Менш старонніх вачэй, ды і вялікім групам лепш не прыцягваць лішняй увагі», — дзеліцца досведам Юрый.

    Куды хаваць грошы?

    Добры варыянт — нацельны кашалёк, які носяць на вяровачцы на шыі. Яго можна схаваць пад вопратку і ўвесь час кантраляваць захаванасць, расказвае Юрый. Многія робяць патаемныя кішэнькі, устаўляюць у папругу, забяспечваюць заплечнік адмысловымі замкамі.

    З жанчынамі народнасці зяа ў паўночным В'етнаме. Фота: yury-birukov.com

    «Я нашу грошы ў сумцы з фотатэхнікай. За 17 гадоў падарожжаў у мяне ўжо ўмоўны рэфлекс выпрацаваўся. Калі не бачу ў полі зроку сумку, пачынаецца паніка. Там усё каштоўнае і захоўваю, без лішняй неабходнасці з рук яе не выпускаю», — апісаў сваю тэхналогію захоўвання грошай Юрый.

    Давяраючы асабістаму досведу, мужчына імкнецца не пакідаць грошы ў гатэлях. Зламыснікі могуць залезці ў нумар і скрасці ўсё, да чаго паспеюць дацягнуцца.

    Фота: yury-birukov.com

    «У 2008 годзе паехаў на Шры-Ланку. У нумары схаваў 100 еўра ў кнізе і пайшоў гуляць. Прыязджаю, кніга ёсць, а купюры няма. Дарэчы, у Індыі ёсць навучаныя малпы, яны залазяць у акно і крадуць кашалькі, мабільнікі. У знаёмых быў выпадак, што чалавек у нумары прымаў душ, а ў гэты час хтосьці залез у пакой і сцягнуў залаты ланцужок.

    У Эфіопіі нас хацелі абакрасці дзеці: адно адцягвае ўвагу, а другое ў гэты момант лезе ў кішэню. У Танзаніі на хаду спрабаваў хлопец прыстроіцца і адкрыць заплечнік. Два разы кралі мабільнікі, адзін раз у Эквадоры, другі — у Мехіка. Напагатове трэба быць заўсёды», — нагадвае Юрый.

    Фота: yury-birukov.com

    За гады падарожжаў у мужчыны ні разу не было выпадкаў адкрытага рабавання. Праўда, неяк у Танзаніі з яго спрабавалі ўзяць грошы за тое, што ён фатаграфаваў зоркі і начны пляж. Але тады ўсё абышлося, своечасова паспелі сябры.

    У некаторых краінах, напрыклад, у ПАР, вельмі крымінагенная абстаноўка, аднак там імкнуцца забяспечыць бяспеку турыстаў. Рэстараны для гасцей горада пад добрай аховай, а па перыметры ўсталёўваюць калючы дрот.

    Якую суму адкласці на «экстранны выпадак»?

    Юрый рэкамендуе сваім спадарожнікам трымаць недатыкальнымі 500 даляраў. Не менш важна мець пастаянную сувязь са сваякамі і сябрамі, якія змогуць памагчы, калі нешта пойдзе не па плане.

    «Ляцелі неяк у Індыю, у нас у групе была трохі рассеяная дзяўчына. Купіла квіток у абодва бакі, але спазнілася на рэйс у Маскве. Узяла квіток на наступны самалёт, далучылася да нас ужо ў Індыі. Паездзілі па маршруце, пачалі збірацца дадому, у яе быў вылет першай. Прывезлі мы яе ў аэрапорт своечасова, а праз два дні, калі ляцелі астатнія ўдзельнікі групы, сустрэлі яе на тым жа месцы — у зале чакання аэрапорта Мумбаі. Аказалася, што пры куплі білетаў у абодва бакі зваротны вылет аўтаматычна анулюецца, калі пасажыр прапусціў першы рэйс. На шчасце, з дзяўчынай усё добра, яна звязалася з сябрамі, а тыя перавялі ёй грошы на квіток», — успамінае Юрый.

    Падсумаванне сказанага:

    • Пытанні прышчэпак, сотавай сувязі і страховак вывучыце да ад'езду. Гэта дапаможа захаваць не толькі грошы, але ў некаторых выпадках здароўе ды жыццё.
    • Выконвайце элементарныя правілы гігіены, піце бутыляваную ваду, не пераацэньвайце магчымасці свайго арганізму.
    • У паездку бярыце даляры новага ўзору, без пячатак і надрываў.
    • Грошы трымайце пад рукой, не давайце староннім сваю банкаўскую карту, а валюту мяняйце ў бяспечных месцах.
    • Карыстайцеся мясцовымі сім-картамі.
    • Трымайце ў «заначцы» хоць бы 500 даляраў.

    Каментары1

    • Нищеброд
      04.07.2024
      Для того чтобы сохранить $ мотаясь по 650 городам мира их для начала надо иметь !

    Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова. Вось інтэр'еры ФОТЫ4

    Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова. Вось інтэр'еры ФОТЫ

    Усе навіны →
    Усе навіны

    Mark Formelle выпусціла калекцыю на балотную тэматыку1

    Расіянка прабралася без квітка на самалёт і даляцела на ім з ЗША ў Парыж

    Алігарх Гуцэрыеў расказаў, як расчараваўся ў Захадзе: Пасля 2022 года я нібыта зняў шоры з сябе12

    Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні7

    Раскошны круізны лайнер зламаўся па дарозе ў Антарктыду. Расіяне і кітайцы на борце абвясцілі галадоўку4

    Міністр эканомікі Расіі абвінаваціў спекулянтаў у крушэнні курсу расійскага рубля2

    Мастакі Шчамялёва і Рымашэўскі ў СІЗА па народным артыкуле

    У 85% пачаліся праблемы з менструацыяй, сродкі гігіены не выдавалі ў якасці пакарання. Праваабаронцы расказалі пра здароўе жанчын за кратамі4

    На філфаку БДУ хочуць адкрыць спецыяльнасць «пісьменнік»4

    больш чытаных навін
    больш лайканых навін

    Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова. Вось інтэр'еры ФОТЫ4

    Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова. Вось інтэр'еры ФОТЫ

    Галоўнае
    Усе навіны →