Расійскае выданне «Медиазона» высветліла, што першаснае паведамленне пра смерць былога мэра ўкраінскага горада Купянска на Харкаўшчыне Генадзя Мацагоры, які ў лютым 2022 года здаў горад Расіі і на якога 8 чэрвеня быў здзейснены замах, было, хутчэй за ўсё, фэйкавым.
Інфармацыя пра смерць Генадзя Мацагоры спярша з'явілася ў акаўнце нібыта ягонай маці ў VKontakte, а шырока распаўсюдзілася яна пасля таго, як пра гэта напісалі пракрамлёўскія тэлеграм-каналы Mash, Baza і Shot.
Аднак жа «Медиазона» высветліла, што той акаўнт, у якім з'явілася першасная інфармацыя, быў фэйкавым.
Паводле інфармацыі журналістаў, яшчэ ў канцы красавіка гэтая старонка належала карыстальніку з імем Nik Bondar. Але пазней профіль быў зменены, і цяпер там ёсць толькі адна фатаграфія жанчыны з адзіным пастом — пра смерць Генадзя Мацагоры.
Прадстаўнік вайсковай выведкі Украіны Андрэй Юсаў спачатку пацвердзіў смерць былога мэра у каментары тэлерадыёкампаніі «Суспільне», але пасля ўдакладніў, што інфармацыя яшчэ патрабуе пацвярджэння.
Афіцыйна пра смерць высокапастаўленага калабаранта пакуль не паведамлялася.
Каментары