Пуцін намякнуў пра пастаўкі зброі ў Беларусь, каб «наносіць удары па адчувальных аб'ектах іншых краін»
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін упершыню з 2021 года праводзіць на палях Пецярбургскага эканамічнага форуму сустрэчу з прадстаўнікамі замежных інфармагенцтваў. Натуральна, шмат часу прысвечана пытанням вайны, развязанай Расіяй ва Украіне.
Сярод іншага ён заявіў, што ўдары па Расіі пры ўдзеле краін Захаду азначаюць іх прамую вайну супраць Расіі. Ён відавочна меў на ўвазе нядаўні афіцыйны дазвол многіх краін Захаду, уключаючы ЗША, біць заходняй зброяй па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі Расіі, калі гэта неабходна для абароны ўкраінскай тэрыторыі.
Адначасова з гэтым Пуцін пагражае захадамі ў адказ:
«Калі хтосьці лічыць магчымым пастаўку Украіне зброі, якая дазваляе наносіць удары па Расіі, то чаму Расія не можа пастаўляць падобную зброю ў рэгіёны, адкуль будуць наносіцца ўдары па адчувальных аб'ектах іншых краін?»
Якія гэта рэгіёны, Пуцін не назваў, але можна меркаваць, што ён меў на ўвазе Беларусь як адзіную краіну з ягоных блізкіх саюзнікаў, якая непасрэдна мяжуе з НАТА і з тэрыторыі якой сапраўды зручна пагражаць Польшчы і краінам Балтыі. Раней ужо было прынята рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі, і яна, як мяркуецца, ужо ў Беларусь дастаўленая.
Пры гэтым Пуцін, як і раней, насуперак відавочным фактам адмаўляе тое, што менавіта Расія развязала шырокамаштабную вайну ў рэгіёне, перакладаючы віну на ЗША і іншыя заходнія краіны.
«Усе лічаць, што Расія пачала вайну ва Украіне. Але ніхто на Захадзе і Еўропе не хоча ўспамінаць, з чаго пачалася гэтая трагедыя. Яна пачалася з дзяржаўнага перавароту… Вось пачатак вайны!» — сказаў Пуцін.
Пуцін пачаў насіць на публічных мерапрыемствах бронекамізэльку
Расія намагаецца сарваць Саміт міру, а Кітай выступае інструментам у руках Пуціна — Зяленскі
Як Украіна пераконвала ЗША дазволіць біць амерыканскай зброяй па цэлях у Расіі
ЗША гатовыя абмяркоўваць з Украінай пашырэнне геаграфіі ўдараў па Расіі
Каментары