Колькі людзей павінна прагаласаваць на выбарах у КР, каб яны адбыліся?
Ужо на гэтым тыдні, 25 мая, стартуюць выбары ў Каардынацыйную раду. «Наша Ніва» спытала ў яе дзейнага спікера Андрэя Ягорава, якой лічбы ўдзельнікаў галасавання будзе дастаткова для таго, каб лічыць, што выбары адбыліся.
— Любы ўзровень дадатковай легітымнасці, які будзе забяспечаны праз гэтыя выбары, будзе добрым. Нават калі прагаласуе тысяча, — кажа Ягораў. —
Канечне, хацелася б, каб гэта былі дзясяткі і сотні тысяч. Але мы дзейнічаем у такіх умовах, калі дакладна сказаць вельмі цяжка, таму што мы ніколі такога не рабілі. Апошняе масавае галасаванне такога кшталту праз платформу «Голас» прайшло некалькі год таму. Таму сказаць, што мы будзем мець цяпер, вельмі складана.
Абазначанага парогу яўкі, які дазволіць лічыць, што выбары адбыліся, няма».
Падобны арыентыр агучваюць і ў выбарчай камісіі.
Частку ахвотных прагаласаваць адсячэ неабходнасць мець на руках менавіта беларускі пашпарт, хай і пратэрмінаваны. Ні копія, ні скан для выбараў не падыйдуць, а гэта значыць, што некаторыя беларусы са статусам уцякацтва ці ў працэсе чакання пэўнай часткі дакументаў, а таксама са згубленым пашпартам удзельнічаць у працэсе не змогуць.
«Рашэнне выбарчай камісіі абмяжоўвае магчымасці такога галасавання, бо тэхнічна з’яўляецца шмат праблемаў з верыфікацыяй, з магчымасцю двайнога галасавання, з тым, што гэтыя дакументы маюць розныя стандарты. І гэта вельмі цяжкае рашэнне, шкада, што людзі не змогуць прагаласаваць. У пэўным сэнсе я адчуваю персанальны боль, што так адбываецца. Але ўзважваючы, разумею, чаму камісія прыняла такое рашэнне», — удакладняе Андрэй Ягораў.
Раней мы расказвалі, як будзе праходзіць працэс галасавання і наколькі ён будзе бяспечным. Ужо сёння створаны для гэтага дадатак Belarus ID павінен з'явіцца ў Apple Store и Google Play.
Каментары