«Засоўвала нагу ў сейф і хавала купюры пад пятку». У Гомелі дырэктарка арыгінальна абкрадала ўласную краму
Гамяльчанка на працягу паўгода крала тавары з паліц і выручку з сейфа ў краме, дырэктарам якой з'яўлялася.
Сістэма ўліку таварных каштоўнасцяў, прынятая ў невялікіх крамах сеткі, уладкаваная складана. Да таго ж частка тавару можа спісвацца і ўтылізавацца. Гэтым і скарысталася дырэктар гастранома, піша мясцовае выданне «Белка».
З крамы рэгулярна знікалі мясныя прадукты, алкаголь і тытунь. Іх кіраўнік проста спісвала як пратэрміноўку.
Куды больш арыгінальным спосабам жанчына крала грошы з сейфа ва ўласным кабінеце. Каб не трапляць у аб'ектыў відэакамеры, яна адкрывала сейф, засоўвала ў яго нагу і хавала некалькі купюр у абутак пад пятку.
Нядобрае западозрыла намесніца, якая настаяла на інвентарызацыі. Пасля праверкі крама не далічылася больш за 2,5 тысяч рублёў.
На папярэднім этапе дырэктар прызнала крадзеж грошай і мясцовых тавараў. Матэрыялы справы рыхтуюцца для накіравання ў суд.
Каментары