Грамадства

«Каб я ведаў, што гэта дзяржтаямніца, то можа і не пісаў бы так хвацка». Хімік Сяргей Бесараб расказаў, як сумяшчае навуку і грамадзянскую пазіцыю 

У тэлеграм-канале хіміка Сяргея Бесараба LAB-66 — больш за 18 тысяч падпісчыкаў, а піша ён не толькі пра навуку. У інтэрв’ю «Зялёнаму парталу» навуковец выказаў здагадку, якімі сродкамі здаровых мужчын у беларускіх турмах даводзяць да смерці (на жаль, гэта не так і цяжка). Таксама ён расказаў пра афіцыйную і грамадскую навуку, сваё звальненне і эміграцыю.

Сяргей Бесараб. Фота з фэйсбука

Сяргей Бесараб, звольнены з Акадэміі навук Беларусі за ўдзел у пратэстах 2020 года, стаў вядомы дзякуючы абвяржэнню абвінавачання Сцяпана Латыпава ў падрыхтоўцы атручэння супрацоўнікаў МУС.

Цяпер Сяргей рэгулярна піша пра Сцяпана ды іншых палітвязняў у сацсетках. Асвятляе таксама пытанні хімічнай, біялагічнай і радыяцыйнай бяспекі, грамадзянскай абароны.

— Ты пісаў, што, каб захварэць на цынгу, чалавек павінен цягам некалькіх месяцаў зусім не атрымліваць вітаміну С, які ёсць нават у бульбе. Скажы, калі ласка, як, на тваю думку, Сцяпана Латыпава ў турме давялі да хваробы? Ёсць жа вязні, якім нічога не перадаюць з волі, яны ядуць толькі турэмную ежу, але ў іх няма цынгі.

— Па-першае, маглі даваць проста падсоленую ваду, умоўна кажучы ізатанічны раствор, толькі з асноўнымі мікраэлементамі. Маглі даваць проста тэрмічна апрацаваныя крупы, ці нават муку. Нарэшце, проста крухмал запарваць. Вугляводы там ёсць, крыніца энергіі, але вітамінаў агулам мізэрная колькасць, не гаворачы ўжо нават пра аскарбінавую кіслату, якая ўтрымліваецца ў садавіне і гародніне.

Вітаміну С шмат у бульбе, яго там нават больш, чым у яблыках. У капусце яго шмат. Вядомая ангельская статыстык Флорэнс Натынгейл, напрыклад, у сваіх успамінах пісала пра караблі, запоўненыя капустай падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў. У той час салдаты масава паміралі ад цынгі. Капусту планавалі выкарыстоўваць у якасці лекаў, але на месцах з-за бюракратыі ці недасведчанасці ніхто не здагадаўся дадаць яе ў рацыён ваяроў.

Цяпер гэта лічыцца самай таннай ежай, так званы бігус — ежа турмы і казармы. Калі ў Сцяпана цынга, гэта значыць, што яму нават гэтага не даюць. Ды і агулам, вітамін С — самы танны кансервант, дадатак Е300. Яго амаль ва ўсё дадаюць. Каб у чалавека цынга, у XXI стагоддзі… Я не ведаю, як такое магчыма.

І яшчэ у гэтай сітуацыі я бачу шмат аналогій з Аўшвіцам і з доктарам Ёзэфам Менгеле. Гэты так званы навуковец праводзіў эксперыменты над вязнямі, каб даследаваць магчымасці чалавечага арганізма. У тым ліку вывучаў уздзеянне экстрэмальнай змены дыеты на стан чалавека: як хутка той памрэ, калі няма нейкага мікраэлементу ці вітаміну. А ў беларускіх турмах акурат пару месяцаў таму забаранілі (ці моцна абмежавалі) т. зв. «вітамінныя перадачы».

— А Алесь Пушкін жа таксама быў здаровы цалкам перад турмой. Як ты мяркуеш, чым яго кармілі, што чалавек памёр ад перытаніту?

— Рэцэпт, на жаль, мог быць даволі просты. Спачатку даваць увесь час аднастайную кіслую ежу. Нейкую, можа, квашаную капусту, каб не дапусціць развіцця цынгі, як у Латыпава. Ці сапсаваную, але добра тэрмічна апрацаваную ежу, якая мае падвышаны ўзровень кіслотнасці.

Чалавек галодны, будзе есці. Таксама гарбата, асабліва танная і моцная (папулярны ў турмах «чыфір»), танная распушчальная кава — гэта ўсе кіслае асяроддзе. І вось калі чалавек так будзе харчавацца месяц, утворыцца язва. Для беларускай турмы гэта амаль што заканамернасць. Марыя Калеснікава — язва, Алесь Пушкін — язва.

Калі гэта хвароба ўзнікла, тады проста дастаткова яе ці не лекаваць, ці даваць нейкія нестэроідныя «лекі ад усяго», накшталт ібупрафену. Хаця ў турмах ад усяго даюць аспірын, а гэта антыкаагулянт, ён разрэджвае кроў. Ну і вось даваць аспірын «ад галавы». І ўсё.

Звычайная язва пераўтвараецца ў перфератыўную, то-бок у страўніку ўзнікае скразная адтуліна, праз якую яго змесціва трапляе ў брушную паражніну і выклікае моцнае, часта лятальнае запаленне — перытаніт.

Фота з архіва героя

— Яшчэ з 2020 года ты быў вядомы сваімі сацсеткамі і каналамі, якія былі збольшага пра навуку. Раскажы пра свае сацсеткі?

— У мяне іх даволі шмат. Каля трох тысяч чытачоў у Facebook, прыкладна столькі ж у Linkedn и на тэхналагічным habr.com. Але асноўная трыбуна — гэта тэлеграм-канал LAB-66 з 18 тысячамі падпісчыкаў. Ён, дарэчы, названы ў гонар маёй улюбёнай лабараторыі № 66 у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, адкуль мяне звольнілі ў лістападзе 2020 года.

Асноўная мэтавая аўдыторыя — гэта тыя самыя, хто калісьці чытаў habr. То-бок дасведчаныя, тэхнічна адукаваныя людзі, бо пішу я даволі складана. Я перыядычна праводжу апытанкі, каб ведаць партрэт майго чытача, і выходзіць, што ў мяне прыкладна па 40% падпісчыкаў з Украіны і Расіі і дзесьці каля 20% беларусаў. Яшчэ трохі казахаў, ізраільцян і іншых.

Канечне, трохі прыкра, што беларусаў няшмат, але я разумею, што, мабыць, проста няма грамадскага запыту на такую навуковую падачу інфармацыі. Хаця я б раіў кожнаму навукоўцу мець свой «публічны голас» у выглядзе нейкага рэсурсу.

Па-першае, гэта дазваляе трымаць сябе ў тонусе, асабліва калі ты ў выгнанні і не маеш доступу да свайго ўлюбёнага абсталявання ці лабараторыі. Па-другое, я лічу, што важна гаварыць пра сваю працу, бо інакш пра вас скажуць іншыя, а вашую праўду не пачуюць.

Вяртаючыся да майго «кішэннага медыя», адзначу, што ўся інфармацыйная прадукцыя канала ў тэлеграме разам з прыканальным чатам і каналам-дублем у WhatsApp у 2023 годзе ўнесена ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гэта «падзяка» за серыю матэрыялаў пра сховішчы ядзернай зброі ў Беларусі і ў прыватнасці пра ядзерную рамонтна-тэхнічную базу нумар 2333 пад Баранавічамі.

Інфармацыя пра яе з 2017 года з’яўляецца дзяржтаямніцай. Каб я ведаў пра гэта, то, можа, і не пісаў бы так хвацка. А так я раскрыў, атрымліваецца, пункты, дзе зараз, хутчэй за ўсё, знаходзіцца расійская тактычная ядзерная зброя.

Я часта пішу пра палітвязняў. Тут трэба адзначыць, што вялікую ролю ў гэтым адыграла ініцыятыва «Пакуль усе не будуць вольныя» ад dissident.by.

Я з’яўляюся інфармацыйным апекуном (то-бок даношу да грамадства інфармацыю пра канкрэтную асобу) свайго земляка і калегі, хіміка-фармацэўта Арцёма Баярскага.

Але як не пісаць пра таго ж Міколу Дзядка, які быў маім чытачом і падпісчыкам? Як не пісаць пра таго ж Сцёпу Латыпава, з якім нас нечакана звязаў лёс? Як не пісаць пра фізіка-оптыка Ягора Лебядка, з якім мы часта — як аналітык з аналітыкам — абмяркоўвалі нейкія падзеі ці прагнозы? Як не пісаць пра разумную і далікатную Аксану Зарэцкую?

Я, канечне, не магу ахапіць усе тысячы і дзясяткі палітзняволеных Беларусі, але не даваць знікнуць у інфармацыйным віры тым, з кім я быў асабіста знаёмы, я магу дакладна.

— Твая актыўная пазіцыя пацягнула за сабой звальненне…

— Мяне звольнілі ў лістападзе 2020 года на 99 % па ініцыятыве Андрэя Іванца, пра якога я пазней неаднаразова расказваў незалежным выданням.

У нас узнік даволі сур’ёзны канфлікт на палітычнай глебе, ён знянацку вырашыў стаць даверанай асобай Лукашэнкі. Іванец — вельмі помслівы чалавек, таму я нават не асабліва здзівіўся, калі мне прынеслі паведамленне пра непрацягванне кантракту. Адзінаму з інстытута, дарэчы.

У той час у мяне акурат быў распачаты працэс перадабароны дысертацыі. Але яго спынілі, хлусячы ў каментарах прэсе, што я нібыта перастаў прыходзіць на абмеркаванні і «праяўляў недастатковую актыўнасць».

Хаця да 2020 года з гэтай актыўнасцю ў мяне ў прынцыпе не было ніякіх праблем, як і з абаронай дысертацыі. Бо я аспірант акадэміка Уладзіміра Сямёнавіча Камарова, бацькі беларускай школы абсорбцыі, які 50 гадоў быў дырэктарам нашага інстытута.

У нас выйшла кніга ў сааўтарстве, было шмат патэнтаў, безліч артыкулаў. Заставалася толькі прайсці бюракратычныя працэдуры, якія фактычна ўяўляе сабой тыповая абарона дысертацыі ў Беларусі, бо навукова-даследчыцкі складнік быў цалкам ужо зроблены.

Да лета 2020-га ўсе абмеркаванні праходзілі звычайна, а тут раптам у працы пачалі знаходзіць безліч памылак. Хаця некаторыя «дабрадзеі» недвухсэнсоўна казалі, што, маўляў, хлопец, пахаваў ты сваю навуковую кар'еру, працы ў Беларусі нідзе не знойдзеш.

На мне таксама было службовае жытло ў мінскім комплексе «Магістр», якое я адмовіўся добраахвотна здаць. «Хай, — думаю, — высяляюць праз суд».

Я там не жыў, але плаціў за арэнду і камуналку. Спакойна цягам года вывез рэчы. Пару разоў выклікалі ў суд, я з’яўляўся, казаў: «Так, так. З’еду», — і не з’язджаў.

У нейкі момант знаёмыя з майго дома пачалі пісаць мне, што пад пад’ездам круцяцца нейкія міліцыянты, ды і агулам дзіўныя людзі, што адчуваецца нейкая відавочная напружанасць.

У камбінацыі з нейкімі дзіўнымі тэлефанаваннямі, пагрозамі ў сацсетках і месенджарах гэта выклікала шмат пытанняў. Узважыўшы рызыкі такой гульні з дзяржавай, я ўжо канчаткова адмовіўся ад таго жытла.

Фота з архіва Сяргея Бесараба

— А чаму тады цябе не выселілі з міліцыяй па рашэнні суда?

— У 2020-м мы ўсе былі непалоханыя. Не толькі тыя, хто выходзіў на праспекты, але і супрацьлеглы бок. Яны проста не разумелі, што так можна.

Потым ужо прыдумалі дадатак да дамовы арэнды жытла ў «Магістры», адпаведна якому калі цябе звальняюць ці арыштоўваюць, то рэчы трэба вывезці цягам трох дзён, інакш кватэру адкрыюць з міліцыяй, усё спакуюць і проста выставяць на вуліцу рэчы. І хіба адзін такі выпадак быў, што хлопец адбываў 15 сутак, а яго тым часам выселілі.

Цяпер яны ўжо зразумелі, што так можна, што можна больш не гуляцца з тымі навукоўцамі ў межах юрыдычнага поля, а проста рабіць, як ім трэба. Як з Навальным — яго забілі, паглядзелі на адсутнасць нейкай значнай рэакцыі грамадства і, хутчэй за ўсё, зрабілі для сябе высновы, што можна забіваць і іншых, менш вядомых палітвязняў.

Доўгі час пасля развітання з «Магістрам» я вёў канспіратыўны лад жыцця: увесь час перамяшчаўся, быў у руху. Гэта было не складана, бо была дасведчанасць у галіне інфармацыйнай бяспекі, ды і прафесійныя заняткі спартыўным турызмам дапамагалі.

Ніхто не ведаў, дзе я канкрэтна, нават родныя. Больш за год я так жыў. Потым мой канал унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і як лавіна пасыпаліся непрыемныя навіны.

Пачаліся раптоўныя затрыманні маіх сяброў. Некаторыя з іх прыкладна ведалі раён, дзе я знаходжуся. Калі б за справу ўзялася вайсковая контрвыведка, мяне б, хутчэй за ўсё, знайшлі. Таму я хутка з’ехаў з Беларусі.

— Ты — калоідны хімік. Наколькі твая спецыяльнасць запатрабаваная за межамі Беларусі? Ці, можа быць, гэта троху як у фалькларыстаў і фізічных антраполагаў — пераязджаеш і разумееш, што людзі тут займаюцца зусім іншымі тэмамі і пытаннямі?

— Калоідная хімія — гэта фантастычны накірунак, я ганаруся, што выбраў яго для сябе. Фактычна, гэта хімія інтэрфейсаў, тое, што вывучае з’явы на мяжы функцыянальных аб’ектаў, на так званай паверхні раздзелу фаз. Можна нават сказаць, звязвае розныя Сусветы.

Каб займацца гэтым кірункам, трэба мець дасведчанасць не толькі ў хіміі, але і ў фізіцы, біялогіі, медыцыне. Людзі часам здзіўляюцца, чаму я на любую тэму выказваюся. Не на любую, а толькі на тую, да якой так ці інакш можа быць датычная калоідная хімія.

У Польшчы для ўладкавання па маёй спецыяльнасці я не бачу ніякіх абмежаванняў, акрамя мовы. Ты перакладаеш у прысяжнага перакладчыка свае дыпломы — і ўсё. Складай CV, адсылай. Я ўжо спрабаваў, каб проста ацаніць свой кошт на рынку працы. Пішу па-ангельску, бо пакуль добра не ведаю польскую.

Фота з архіва Сяргея Бесараба

— У Польшчы цэняць даследчыкаў з добрай ангельскай мовай, здольных на ёй рабіць навуковыя публікацыі.

— Польская — гэта ўсё ж кантакт у камандзе. Я не бачу праблем, каб дзесьці ўладкавацца. Тут непараўнальна з Беларуссю больш магчымасцяў, нават з пункту гледжання рэактываў і абсталявання. І, канечне, зусім іншыя грошы, хаця, безумоўна, усё залежыць ад наяўнасці грантаў. Людзей бяруць пад выкананне нейкай акрэсленай працы.

У Еўропе ты можаш сам абраць сабе цікавы праект, кіраўніка. Табе адкрыты свет. Праблемы ўзнікнуць толькі, калі цябе будуць ацэньваць не па кампетэнцыях, а па індэксе Хірша.

Гэты індэкс стаў даволі запатрабаванай маніпулятыўнай адзінкай. Існуе нават цэлая індустрыя «Хірш-бустынгу», якая актыўна выкарыстоўваецца кітайцамі ці навукоўцамі з краін пад санкцыямі. Але магу сказаць, што ў Польшчы гэты трэнд асабліва не праяўляецца, тут часцей глядзяць твой Linkedin.

Трэба адзначыць што шмат польскіх навукоўцаў з’ехала за мяжу, і некаторыя накірункі тут амаль адсутнічаюць, напрыклад, датычныя да той жа калоіднай хіміі. Наколькі я магу меркаваць, найлепшыя польскія спецыялісты ў гэтай галіне цяпер працуюць ва ўніверсітэце імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.

— Чым, на тваю думку, у большай ступені павінен займацца навуковец: навуковай журналістыкай ці папулярызацыяй? Каб чытачам было і цікава, і карысна?

— Навуковец павінен разумець, хто яго мэтавая група, каму цікавы яго прадукт. Калі ён лічыць, што цікава ўсім без абмежаванняў, то няхай займаецца папулярызацыяй, разжоўвае, каб нават дзеці зразумелі. У гэтым кірунку працуюць розныя навуковыя шоу, навуковыя тэатры, накшталт варшаўскага Цэнтра навукі «Капернік».

Калі ж твая аўдыторыя — дасведчаныя крытычныя людзі, — то тут толькі навуковая журналістыка, ці як я калі-некалі кажу «цяжкі навук-поп». Але ў любым выпадку займацца грамадскім прасоўваннем навуковай дзейнасці патрэбна.

Хаця б таму, што размаўляючы пра сваю тэму з людзьмі, ты пачынаеш яе бачыць больш глыбока, з тых бакоў, з якіх часта не можаш убачыць з-за прафесійнай дэфармацыі.

— У эстонскім Тарту таксама ёсць падобная ўстанова, і частка турыстаў з дзецьмі прыязджае ў горад адмыслова, каб яе наведаць.

— Я ў сваім артыкуле пра грамадзянскую навуку апісваў узроўні, якія чалавек праходзіць у сваёй цікаўнасці да навукі.

Эскалатар грамадзянскай навукі

На самай высокай прыступцы грамадзянскі навуковец ужо выступае як асістэнт «афіцыйнага» навукоўца. І вось аўтар павінен глядзець, на якім узроўні знаходзіцца яго аўдыторыя.

Даследчык мусіць разумець, ці хоча ён пісаць для дзяцей, гадаваць сабе змену, ці яму патрэбныя асістэнты, новыя ідэі, і тады ён звяртаецца да дасведчанай аўдыторыі.

Мае чытачы прызвычаіліся да фармату habr.com. Ім трэба падаваць інфармацыю дакладна, мо трошкі з формуламі, але ніяк не разжоўваць як для малых дзяцей, бо гэта іх раздражняе. Таму я заўсёды кажу, што я не блогер і не папулярызатар.

Я хутчэй навуковы камунікатар, той, хто выбудоўвае мост унутры навукова-тэхнічнай супольнасці, паміж спецыялістамі з розных галін ведаў.

— Ці павінен навуковец рэагаваць, калі бачыць нейкую антынавуковую бязглуздзіцу ў публічнай прасторы? Ці несправядлівасць?

— Канечне. Хто, калі не мы? Маўчанне — гэта даўно ўжо не золата, як казала старадаўняя прымаўка.

У сучасным інфармацыйным асяродку калі ты маўчыш, то гэта толькі дадатковая падстава злачынцу скрасці твой голас і сказаць за цябе тое, што патрэбна яму.

Чытайце таксама:

«Пабачыў на скуры дарожку з укусаў». Як беларус змагаўся з пасцельнымі клапамі 

Belita выпусціла гель для душа, які «ўплывае на эмоцыі». Навуковец: «Гэта інфамахлярства»

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Хімік Сяргей Бесараб патлумачыў, што не так з БелАЭС і якая перадавая тэхналогія выкарыстоўваецца Украінай у вайне

Каментары

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

18-гадовая дзяўчына зняла відэа ў тыктоку, імаверна, пра свайго хлопца-міліцыянта — яе затрымалі за непавагу да органаў10

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →