Грамадства20

Беларускім палітыкам лепей спыніць сваркі і аб’яднацца вакол Ціханоўскай — прафесар Марплз

«У той жа час Лукашэнка не проста спрабуе наладзіць стасункі з Захадам, ён увесь час гэта робіць», — лічыць прафесар Універсітэта Альберты ў Канадзе

Прафесар гісторыі Дэвід Марплз — спецыяліст у пытаннях Беларусі, Украіны і Расеі, аўтар некалькіх кніг, працуе ва Універсітэце Альберты ў Эдмантане, Канада.

У інтэрв'ю Свабодзе ён аналізуе стратэгію палітыкі ЗША адносна Беларусі, адказвае на пытанне, як Захад можа ўплываць на палітыку Менску і заклікае беларускіх дэмакратычных палітыкаў аб’яднацца вакол Святланы Ціханоўскай.

— Што азначае стратэгічны дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўладамі ЗША, які адбыўся на мінулым тыдні? Што змянілася і што можа змяніцца пасля візіту Ціханоўскай у Вашынгтон?

— Я думаю, што некаторыя рэчы тут вельмі відавочныя. «Belarus Democracy and Human Rights Act» (Акт аб правах чалавека і дэмакратычнай Беларусі) прыняты яшчэ ў 2011 годзе.

Стратэгічны дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі і кіраўніцтвам ЗША — гэта вялікі крок наперад, асабліва для беларускай апазіцыі. І сам факт таго, што Дзярждэп удзяляе столькі ўвагі Беларусі, я лічу, вельмі станоўчы для апазіцыйнага руху.

Прызнанне Ціханоўскай як дэмакратычнай лідаркі, асуджэнне лукашэнкаўскага рэжыму за дапамогу ў расейскай агрэсіі, падтрымка незалежных медыя (на маю думку, самая важная рэч) і прызначэнне адмысловага пасланніка ў справах Беларусі — усё гэта адлюстроўвае значэнне Ціханоўскай як палітычнай фігуры. Асабліва з улікам таго, кім яна была тры гады таму і які ўзровень мае цяпер як палітычны лідар міжнароднага маштабу.

— Але акурат крытыкі Ціханоўскай кажуць, што яе ўплыў і значэнне на міжнароднай арэне будзе з цягам часу памяншацца, што ўзровень яе кантактаў будзе зніжацца. Як вынікае з вашых словаў, вы згодны з такой ацэнкай?

— Так, я лічу, што Ціханоўская — галоўная надзея для Беларусі. Зараз час для некаторых з гэтых крытыкаў забыць пра свае палітычныя амбіцыі і аб’яднацца вакол адзінага лідара. Гэта адзіны шлях дабіцца зменаў у Беларусі. Калі апазіцыйныя сілы былі разʼяднаныя (мы гэта назіралі даволі доўга), то яны не маглі дабівацца сваіх палітычных мэтаў. Можна ўспомніць 2006 год, калі быў выбраны «адзіны кандыдат» ад дэмакратычных сілаў, але потым адразу зʼявіўся і другі; ці 2010 год, калі было ўвогуле шмат разрозненых кандыдатаў, і толькі два, якія мелі значэнне.

У 2020 годзе была адна кандыдатка. Яна не гадавалася ў палітычным асяродку, вырасла ў звычайных умовах (хаця быць настаўнікам — гэта ніколі не проста). Але поспех, якога яна дасягнула — гэта незвычайна для любога палітычнага лідэра. Я лічу, што дзеля агульнай карысці іншыя беларускія палітыкі павінны перастаць сварыцца паміж сабой і нападаць на Ціханоўскую.

— Як зараз можна акрэсліць стратэгічныя мэты амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі?

— У дадзены момант замежная палітыка ЗША арыентаваная найперш на два рэгіёны — Украіну і Блізкі Ўсход. На жаль, абодва гэтыя рэгіёны патрабуюць часу і шмат намаганняў.

Я перакананы, ЗША ўсё яшчэ трымаюцца мэты перамогі Украіны ў вайне. І нават большасць рэспубліканцаў, нягледзячы на ўсе цяперашнія спрэчкі, падтрымліваюць Украіну і хацелі б, каб яна перамагла.

Беларусь, беручы ўдзел у агрэсіі Расіі, — у прыватнасці ў тым, што дала тэрыторыю для запуску ракет, размяшчала ў сваіх шпіталях расейскіх вайскоўцаў і давала карыстацца сваёй інфраструктурай і г.д., разглядаецца як саюзніца Расеі. Хоць значная частка беларусаў не падтрымлівае рэжым, а падтрымлівае Украіну. Таму сёння маем дзве розныя Беларусі: адна на баку Украіны, і другая — на баку рэжыму. Публічныя апытанні ў Беларусі праводзіць складана, беручы пад увагу рэпрэсіі. Таму цяжка меркаваць, якія цяпер рэальныя настроі пануюць сярод насельніцтва.

І яшчэ адзін відавочны фактар, які варта адзначыць — чым даўжэй лідар апазіцыі знаходзіцца ў выгнанні, тым меншы ўплыў мае на падзеі ўнутры краіны. Сумна, але гэта так, і гэтаму ёсць шмат гістарычных аналагаў. Таму гэта вялікая праблема для беларусаў звонку заставацца ўплывовымі ўнутры краіны.

І з гэтай прычыны я лічу важным, каб Дзярждэпартамент сканцэнтраваў дапамогу на падтрымцы незалежнай прэсы. Бо сёння ўнутры Беларусі складана атрымаць незалежную інфармацыю. Людзей захлынае расейская прапаганда, ім цяжка даведацца, што дакладна адбываецца ў свеце.

Складана сказаць, як моцна ЗША будуць сканцэнтраваны на Беларусі ў будучыні. Амерыка, на жаль, раздзеленая больш, чым якая-небудзь іншая дэмакратычная краіна сёння. Калі Байдэна перавыберуць у наступным годзе і ён застанецца ў крэсле прэзідэнта, гэта будзе добра для Беларусі. Калі ж Дональд Трамп прыйдзе да ўлады, то я не магу прадказаць, што будзе. Гэта можа быць поўны хаос.

— Але ўсё ж можна сцвярджаць, што некаторыя кірункі замежнай палітыкі ЗША застаюцца стабільнымі, незалежна ад зменаў Адміністрацыі. У сваім нядаўнім артыкуле ў Washington Post Святлана Ціханоўская напісала, што для дасягнення дэмакратыі ў Беларусі неабходная падтрымка ЗША. На вашую думку, якія асноўныя крокі маглі б зрабіць ЗША, каб дапамагчы не толькі Украіне ў вайне, але і Беларусі?

— Я думаю, што перамога Украіны, калі яна стане заўважнай, будзе вельмі істотным чыннікам для беларускай сітуацыі.

Разам з тым ёсць шэраг практычных рэчаў, якія можа вырашаць найперш Еўрасаюз, пачынаючы ад візаў, студэнцкіх стыпендыяў, пашпартоў і гэтак далей.

Беларуская дыяспара ў ЗША паводзіць сябе даволі актыўна апошнія гады, але яна ўсё ж традыцыйна не зʼяўляецца вельмі магутнай сілай, моцна не ўплывае на амерыканскую палітыку.

Я мяркую, для Вашынгтона важна працягваць дыялог з беларускай апазіцыяй з выразнай мэтай — трэба дабівацца вызвалення палітычных вязняў.

Я не думаю, што многія беларусы ўнутры краіны змянілі сваё стаўленне да рэжыму.

— Але ці маюць сёння ЗША хоць нейкія рычагі, каб уплываць на сітуацыю ў Беларусі?

— Фактычна адзіны спосаб, з дапамогай якога Захад можа ўплываць на Беларусь — гэта санкцыі… Досыць відавочна, што трэба абмежаваць любы экспарт Беларусі куды заўгодна, акрамя Расеі — гэта ўплыў, на які мы здольныя. І гэта адбываецца. Беларуская эканоміка ў напружаным стане.

У кароткатэрміновай перспектыве санкцыі могуць здацца не эфектыўнымі. Але ў больш доўгай — калі ўрад не здольны падтрымліваць той матэрыяльны ўзровень, на які людзі разлічваюць, то можа адбыцца пэўны сацыяльны выбух. Так што санкцыі працуюць у гэтым сэнсе. І я лічу вельмі важным працягваць санкцыі не толькі супраць Беларусі, але і супраць Расеі. Паколькі тое, што добра для Расеі, добра для рэжыму Лукашэнкі.

Беларусь таксама парушыла свой ранейшы бяз'ядзерны статус, даўшы дазвол на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі. І гэта выклікае занепакоенасць у большасці беларусаў, якія не хочуць браць удзелу ў расейскіх войнах і авантурах. Але ім давядзецца сутыкнуцца з гэтым, калі працягнуцца настолькі шчыльныя адносіны Лукашэнкі з Крамлём.

У мяне толькі што ў адным з папярэдніх інтэрвʼю спыталі, ці здольны будзе Лукашэнка ўтрымаць беларускую незалежнасць перад пагрозай расейскай агрэсіі. Я думаю, у яго гэта можа атрымацца, як атрымлівалася ранейшыя 30 гадоў. Праўда, пры гэтым ён спрабуе ўтрымаць найперш сваю ўладу. Але, на маю думку, варыянтаў выбару ў яго становіцца ўсё меней.

— Ці магчыма, што Лукашэнка пры нейкіх абставінах паспрабуе нармалізаваць адносіны з Захадам?

— Ён не проста паспрабуе, ён увесь час гэта робіць. У нейкай меры мы ўжо маглі гэта назіраць.Ён шукае «адтуліны». Мы бачылі, як у Менск прыязджаў міністр замежных справаў Вугоршчыны. Можна сцвярджаць, што гэтак будзе і далей: Лукашэнка працягне шукаць выйсце з сітуацыі праз Захад, праз еўрапейцаў. Гэта адбывалася і пры Макеі, гэта адбываецца і пры ягоным наступніку на пасадзе міністра замежных справаў. Нават выбар Сяргея Алейніка ў якасці міністра пасля смерці Макея сведчыць пра гэта. Лукашэнка выбраў чалавека, які ўвесь час працаваў на Захадзе, валодае ангельскай і нямецкім мовамі.

Так што я думаю, Лукашэнка працягне шукаць спосабы зноў выйсці на перамовы з Захадам.

Каментары20

  • *
    15.12.2023
    Ну карацей кажучы з прачытанага - працягвайце чакаць, можа што і зменіцца ў вашым жыцьці. 
    Ну па сутнасьці так, а што яшчэ можна сказаць?
  • гердзень
    15.12.2023
    каб яна й штаб мелі канкрэтыку ў сваіх мэтах і дзеяньнях, то так, але ўсё "вокруг да около" і няма сэнсу аб'ядноўвацца, будзе пракрастынацыя
  • Лол
    15.12.2023
    Для таго каб аб’яднацца вакол Ціханоўскай, сама Ціханоўская павінна мець жаданне аб’яднацца вакол нацыянальных каштоўнасцяў і стварыць нармальную прэзентабельную каманду. Тады будзе толк. А пакуль што нават папярэдне ўзгодненыя дакументы ў Кіеве не здольныя былі падпісаць. Вывад- Ціханоўскай пакуль што самой не цікавае такое аб’яднанне.

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

Усе навіны →
Усе навіны

Польскія турысты на «машыне Фунціка» праехаліся па Беларусі і расхвалілі яе на ўсе лады. Што ім так спадабалася?2

Польшча хоча прыцягнуць памежнікаў з Фінляндыі, Германіі і Грэцыі для абароны мяжы з Беларуссю2

Як абараніць свае грошы ў экзатычнай паездцы? Раіць гомельскі падарожнік, які пабываў амаль у 650 гарадах свету1

«Гэта пытанне часу, але трэба саспець». Пуцін загаварыў пра адзіны парламент і валюту Беларусі і Расіі22

YouTube заблакаваў каналы Z-спевака Шамана і іншых расійскіх праўладных выканаўцаў4

Беларускія бізнэсмены спешна прадаюць долі ў сваіх польскіх транспартных кампаніях. Што адбываецца?4

У Мінску адкрылася першая крама, якая прыходзіць на змену «Бусліку»5

У Гомелі дэпутат правёў прыём грамадзян, на які ніхто не прыйшоў3

Сілавікі разграмілі М1 — самае папулярнае ў расіян беларускае казіно9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

Галоўнае
Усе навіны →