Сёння ў каталікоў і часткі праваслаўных — святы Мікалай. Час рабіць падарункі дзецям
6 снежня каталікі абодвух абрадаў, а таксама праваслаўныя, якія жывуць па новаюліянскім календары, ушаноўваюць памяць святога Мікалая, біскупа Мірлікійскага. Гэта адзін з найбольш шанаваных хрысціянскіх святых, ікона якога ёсць практычна ў кожнай царкве і была раней у многіх сем’ях.
Пра жыццё святога Мікалая вядома няшмат.
Ён доўгія гады быў біскупам у Мірах, правінцыя Лікія (сёння гэта тэрыторыя Турцыі). Браў удзел у Першым Сусветным Саборы (325 г.) у Нікеі. Памёр каля 345 года. Усё сваё жыццё прысвяціў справе міласэрнасці для душы і цела.
Таямніца ягонага вялікага культу сярод хрысціян у тым, што ён для ўсіх стаў сімвалам ахвярнай любві да бліжняга і спачувальнай міласэрнасці.
Лічыцца, што пасля смерці Бог праславіў яго выключным дарам здзяйснення цудаў, і таму гэтага святога велічаюць Цудатворцам.
Дзецям у гэты дзень робяць падарункі.
У праваслаўных цэрквах Заходняй Еўропы (Балгарыя, Грэцыя, Румынія, Крыт, Канстанцінопальскі патрыярхат ды інш.) святы Мікалай таксама адзначаецца 6 снежня. На новаюліянскі каляндар перайшла Праваслаўная царква Украіны пад кіраўніцтвам мітрапаліта Епіфанія, а таксама беларускі праваслаўны прыход у Вільні.
У праваслаўных, што трымаюцца юліянскага календара (Расія, Беларусь, частка Украіны, Сербія і Грузія) святы Мікалай будзе адзначацца 19 снежня.
Каментары