У Курапатах новыя факты вандалізму, зноў пацярпеў крыж Ластоўскаму
Мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам 2 кастрычніка наведала група каталіцкіх вернікаў. Перад гадавінай «ночы расстраляных паэтаў» — расправы сталінскага рэжыму над беларускай інтэлігенцыяй — яны прыйшлі сюды памаліцца аб ахвярах масавых расстрэлаў рэпрэсаваных і за тых, хто несправядліва пакутуе цяпер, за больш хуткае вырашэнне крызісу ў Беларусі. І заўважылі, што ва ўрочышчы зноў апаганеныя крыжы — у тым ліку ў памяць Вацлава Ластоўскага і рэпрэсаваных палякаў, піша Katolik.life.
«На крыжы Ластоўскаму зноў з'явілася слова «ўпырь», а на крыжы ў памяць польскіх ахвяр савецкіх рэпрэсій напісана «Сидите в «Крэсах» ляхи! Припоминайте плахи…», — расказалі Katolik.life вернікі.
Крыж памяці аднаго з найбольш актыўных і заслужаных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя Вацлава Ластоўскага апаганьваюць ужо не ўпершыню. Апошні раз пра гэта было вядома ў сёлетнім траўні. Пра пошук і пакаранне вінаватых у вандалізме на гэтым месцы памяці і смутку афіцыйныя ведамствы ні разу не паведамлялі.
Каментары