У Судане праз узброеныя сутыкненні захрас экіпаж беларускага самалёта Belcanto Airlines
У Судане падчас вайны мясцовых сілавікоў за ўладу затрымаўся экіпаж беларускага самалёта кампаніі Belcanto Airlines. Гаворка ідзе пра 7 грамадзян Беларусі, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прапагандыст Ігар Тур.
Кампанія «Бельканта» займаецца грузаперавозкамі, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра борт Іл-76ТД.
Як паведамляюць сваякі членаў экіпажа, борт сур'ёзна пашкоджаны, фактычна — знішчаны ў агні.
Паводле наяўнай інфармацыі, беларусы — члены экіпажа знаходзяцца ў бяспецы, усе на сувязі з беларускім МЗС, прапрацоўваюцца варыянты вяртання экіпажа дадому.
Як паведамляе тэлеграм-канал «МатолькаПамажы», на спадарожнікавых здымках кампаніі Maxar ад 17 красавіка, якія былі зробленыя ў аэрапорце Хартум бачна, што знішчана не менш за 7 самалётаў. Паводле звестак Maxar, усяго знішчана мінімум 14 самалётаў.
Паводле звестак «МатолькаПамажы», адзін з іх — цалкам знішчаны беларускі самалёт, які прыляцеў туды яшчэ 13 красавіка.
Нагадаем, што канфлікт у Судане разразіўся ў мінулую суботу, калі пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж суданскай арміяй і сіламі хуткага рэагавання. У ходзе канфлікту загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. Палёты самалётаў спыненыя.
Каментары