«Вагнер» заявіў пра захоп Салядара. Ва УСУ абвяргаюць, у Крамлі просяць чакаць афіцыйных звестак
Учора прэс-служба ПВК Яўгена Прыгожына заявіла пра захоп горада Салядар Данецкай вобласці. Прэс-служба бізнэсмена апублікавала фатаграфіі, на якіх ён у асяроддзі вайскоўцаў нібыта знаходзіцца ў саляных шахтах горада. Украінскі бок ставіць гэта пад сумнеў.
Прадстаўнік Усходняй групоўкі УСУ Сяргей Чараваты заявіў, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ён параіў чакаць інфармацыі Генштаба УСУ.
Ва Упраўленні стратэгічных камунікацый УСУ заявілі наступнае: «Выглядае на тое, што месцазнаходжанне Прыгожына не адпавядае рэчаіснасці і ён не ў салядарскіх шахтах. Элемент ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі) ад прыгожынскіх піяршчыкаў, які накіраваны на ўнутраную аўдыторыю, каб хоць неяк апраўдаць шалёныя страты сярод зэкаў».
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у сваю чаргу заклікаў чакаць афіцыйнай інфармацыі па Салядары.
«Давайце не будзем спяшацца, дачакаемся афіцыйных заяў. Там ёсць станоўчая дынаміка ў прасоўванні», — адказаў Пяскоў на пытанні пра сітуацыю ў горадзе, дзе ідуць баі.
Паводле яго слоў, РФ дасягне поспеху ў ваенных дзеяннях тады, калі выканае мэты, пастаўленыя вярхоўным галоўнакамандуючым. «Хоць тактычныя поспехі, безумоўна, вельмі важныя. Яны даюцца дастаткова дарагой цаной», — дадаў прадстаўнік Крамля.
Каментары